У фотааб’ектыве — пасяўная ў Бабруйскім ААТ “Аграмашсервіс”
Карэспандэнты нашай газеты працягваюць выязджаць у сельгасарганізацыі, дзе на гэты час надзвычай адказная пара сяўбы — людзі і тэхніка мабілізаваны на закладку будучага ўраджаю.
У панядзелак у гэтых мэтах наведаліся на поле “Аграмашсервіса” за вёскай Вялічкава.
Засяроджаныя на працы твары вадзіцеляў і механізатараў давалі зразумець — не да размоў. Але ж спыніўшыся (у карэспандэнта свая работа, і гадамі ўжо выпрацавана — знаходзіць кансэнсус), з гатоўнасцю расказвалі пра працоўныя будні, пастаўленыя задачы, спадзяванні на добры заробак, дзяліліся ўражаннем ад харчавання, работы тэхнікі (у многіх яна новенькая), настроем на працу, з-за якой надоўга адкладзены “на пасля” усе хатнія справы.
На ўзбочыне поля сустрэлі вадзіцеля МАЗа Рафалёнка Анатоля Аляксандравіча, які рабіў апошнія прыгатаванні перад маючым пад’ехаць за насеннем пасяўным агрэгатам. Задача вадзіцеля — своечасова забяспечваць сеялкі пасяўным матэрыялам, у дадзеным выпадку — ячменем, загружаць яго ў сеялку.
Непасрэдна сяўбой на час нашага прыезду займаўся Іван Уладзіміравіч Макееў. Па словах механізатара, сеялкай АКП-6 ён кіруе болей за тыдзень. Новенькі трактар “Беларус-3522” стварае ўсе неабходныя ўмовы, каб работа на полі была для механізатара камфортнай, прыносіла задавальненне.
Крыху пазней да сеялкі Івана Уладзіміравіча далучылася яшчэ адна, пад кіраўніцтвам Аляксандра Кісялёва.
— Гэтымі двумя агрэгатамі разлічваем засеяць усе палі, — адзначыў галоўны аграном ААТ “Аграмашсервіс” Андрэй Рыгоравіч Чорны. — Больш за палову ранняй ярыны ўжо пасеяна, у тым ліку 120 гектар аўсу. Ячмень таксама завяршаем — пасеяна 300 з 350 га.
Наступнай, па словах галоўнага агранома, стане сяўба зернебабовай сумясі. Поле ў 45 гектар за вёскай Слабада для гэтых мэт ужо падрыхтавана.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.