У ААТ “Неўскі-Агра” кукурузу сеюць новай сеялкай

Актыўна вядзецца сяўба кукурузы ў ААТ “Неўскі-Агра”. Тым болей што для гэтых мэт да сёлетняй пасяўной ААТ “Бабруйскі мясакамбінат” на шэфскіх умовах набыў для гаспадаркі новую тэхніку: сучасную сеялку “Kinze 3600”, асноўная функцыя якой — пункцірнае высейванне насення такіх культур, як сланечнік, соя і кукуруза (кукурузу сее адразу 12 радкоў), і культыватар “Lemken Karat” — ідэальны варыянт для павярхоўнай і глыбокай сцерневай апрацоўкі глебы.

А вось і героі сяўбы — тыя, хто тэхніку прыводзіць у дзеянне, хто сваёй нястомнай працай памнажае дабрабыт калектыву.

Аляксандр Барысавіч Нічыпаловіч, механізатар Бабруйскага ААТ “Аграмашсервіс”, на сваім трактары “МТЗ 3522” у агрэгаце з сеялкай “Kinze 3600” (сеялка гаспадароў поля) дапамогае калегам у напружаную пару сяўбы.

Іван Аляксеевіч Дзешкавец на трактары “Claas” у агрэгаце з новенькім культыватарам рыхтуе глебу да сяўбы.

Анатоль Уладзіміравіч Пялешка, хоць і на заслужаным адпачынку (стаж у гаспадарцы звыш 25 гадоў), у час пасяўной — “на перадавой”. Колішні шматразовы перадавік цяпер заняты на падвозцы насення кукурузы да сеялкі. Ажыццяўляе ён гэта на трактары “МТЗ 320”. Зрэшты, на працягу некаторага часу тэхніка не працавала. Сёлета адрамантавалі і прымяняюць не толькі для падвозкі насення, але і для работ у садзе.

Палявод Віктар Станіслававіч Дзешкавец займаецца засыпкай кукурузнага насення ў сеялку. Заняткам сваім задаволены, як і ў цэлым работай у гаспадарцы.
Тэкст і фота Алены КАРПЕНКІ.