Добраўпарадкаванне: зачын на будучыню

Кожны год надаецца вялікая ўвага пытанню добраўпарадкавання тэрыторый, навядзенню парадку і чысціні на зямлі. Сёлета кіраўніком дзяржавы і ўрадам краіны зроблены адносна гэтага дакладныя даручэнні. На іх падставе распрацаваны рэспуб­ліканскія, абласныя і раённыя планы мерапрыемстваў на 2019 год. Канкрэтызаваць, што дакладна ў плане добраўпарадкавання зроблена і мае быць выканана ў бягучым годзе непасрэдна ў нашым раёне, мы папрасілі намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Ляпічава. 

Сяргей Валер’евіч, ад пачатку года пайшоў чац­вёрты месяц і, магчыма, частка мерапрыемстваў раённага плана па навя­дзенні парадку на зямлі ўжо выканана ці ў стане рэалізацыі? Што скажаце на гэты конт?

— Адзначу, што работа па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў, прадпрыемстваў і арганізацый усіх форм уласнасці працягваецца. Распараджэнннем старшыні райвыканкама Паўла Найдзёна за юрыдычнымі асобамі ўсіх форм уласнасці замацаваны тэрыторыі для абслугоўвання і падтрымання там парадку. Рашэннямі сельвыканкамаў у гэтых мэтах пустуючыя тэрыторыі замацаваны за суб’ектамі гаспадарання. Тут жа адзначу, што на падставе распараджэння старшыні Магілёўскага аблвыканкама праводзіцца месячнік па ўборцы, добраўпарадванні і азеляненні тэрыторый населеных пунк­таў, двароў, вуліц, месцаў адпачынку і іншых аб’ектаў сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, тэрыторый арганізацый незалежна ад форм уласнасці, будаўнічых пляцовак, тэрыторый паўз аўтамабільных дарог, навядзення парадку ў прамысловых зонах, рамонту вулічна-дарожнай сеткі, уездаў у двары, аднаўленню парушэння добраўпарадкавання ў месцах правядзення раскопак. З пачатку года праведзены ўжо не адзін раённы суботнік. Кожны чацвер праводзіцца санітарны дзень па ўборцы замацаваных тэрыторый. У гэтай рабоце задзейнічаны ўсе суб’екты гаспадарання.

Але ж, каб быў станоўчы вынік, усю гэтую работу трэба кантраляваць?

— Так. І для гэтага створана рабочая група па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунк­таў. У яе склад увайшлі зацікаўленыя службы. Кожны чацвер група выязджае з рэйдамі па абследаванні тэрыторый раёна. Падчас сустрэч з вяскоўцамі і работнікамі арганізацый яе члены праводзяць тлумачальную работу па пытаннях зямельнага заканадаўства, санітарных, экалагічных норм і правілаў. Вынікі работы групы штотыдня абмяркоўваюцца на пасяджэннях (штабах) з падрыхтоўкай адпаведных даручэнняў.  

Як наладжаны ў раёне вываз бытавых адходаў і якая рэакцыя УКП “Жылкамгас” на заўвагі вяскоўцаў  адносна парушэння графікаў вывазу, не заўжды якаснае выкананне паслугі — на пляцоўцы і вакол яе застаецца смецце?

— Пачну з таго, што рашэннем райвыканкама зацверджана схема звароту з камунальнымі адходамі, на падставе якой жылкамгасам ажыццяўляецца санітарная ачыстка ўсіх 212 сельскіх населеных пунктаў і 78 садаводчых таварыстваў. Вызначаны парадак збору і вывазу бытавых адходаў. Зацверджаны графікі, у адпаведнасці з якімі збор і вываз адходаў ад прыватных домаўладанняў ажыццяўляецца двойчы на месяц падчас падамавога аб’езду смеццевоза і штотыдня ад кантэйнерных пляцовак. Інфармацыя пра графікі данесена да насельніцтва праз СМІ і аб’явы.

Тут жа заўважу, што для забеспячэння сістэмнага вывазу адходаў у раёне маецца 211 пляцовак, устаноўлена 637 кантэйнераў, у тым ліку 131 для асобнага збору цвёрдых бытавых адходаў. У мінулым годзе са сродкаў мясцовага бюджэту жылкамгас набыў 163 кантэйнеры. У планах набыццё ўмяшчальнага смеццевоза. На гэты час перад УКП “Жылкамгас” стаіць задача — прыняць меры па прывядзенні кантэйнерных пляцовак пасля зімы ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў. 

Што датычыцца нараканняў на парушэнне графікаў вывазу смецця і няякасны збор, то ўсе тыя факты, што маюць месца, жылкамгасам аналізуюцца, з тым каб у далейшым іх выключыць.

Праблемным, наколькі ведаю, з’яўляецца звычайна навядзенне парадку ў садаводчых таварыствах. Якія шляхі рашэння дадзенага пытання? 

— Каб данесці да членаў таварыстваў нормы дзеючага заканадаўства, стымуляваць іх да навядзення парадку і чысціні на зямлі, штогод, перад пачаткам сезону засялення на дачы, праводзім са старшынямі таварыстваў пашыраныя сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў РАУС, санстанцыі, экалогіі, аддзелаў архітэктуры і будаўніцтва, ЖКГ, землеўпарадкавальнай і камунальнай служб, Міністэрства па НС. Даводзім да жыльцоў слушную інфармацыю, у тым ліку па ўборцы замацаваных тэрыторый, вывазу цвёрдых бытавых адходаў. Сёлета такое мерапрыемства пройдзе напрыканцы бягучага месяца. 

Якая работа праводзіцца па ўтрыманні ў належным стане міні-палігонаў — тэрыторый, куды звозяцца бытавыя адходы?

— Для захавання адходаў на тэрыторыі раёна дзейнічае 3 міні-палігоны, яшчэ 3 — на рэкультывацыі (“В. Бортнікі”, “Станы”, “Вішнёўка”). На гэты час жылкамгасам забяспечана закрыццё пад’язных шляхоў міні-палігонаў праз узвя­дзенне абвалоўкі. На ўсіх іх маюцца аншлагі і шлагбаўмы. Зачыстка і падбуртоўка міні-палігонаў толькі сёлета праводзіліся ўжо болей за 15 разоў. 

Вялікую ўвагу вяскоўцы звычайна надаюць утрыманню грамадзянскіх могілак. Наводзіць там парадак і чысціню, добраўпарадкоўваць — на кім гэта работа?

— Распараджэннем старшыні райвыканкама адказныя за добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак усе раённыя арганізацыі і службы. У асноўным жа гэта работа: уборка, рамонт і замена агароджы, вырубка дзікарослых раслін, пазбаўленне ад аварыйных дрэваў, краніраванне апошніх — на сельвыканкамах. Хачу заўважыць, што на сёння ўсе могілкі агароджаны і абсталяваны пляцоўкамі часовага складзіравання адходаў. Наведзены парадак на ўсіх мемарыяльных комп­лексах, месцах баявой і воінскай славы, захаваннях воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а таксама захаванняў на месцах масавай гібелі грама­дзянскага насельніцтва.

Вялікая праблема для сучаснай вёскі — непрыдатныя для жыцця дамы: мала таго што псуюць агульны выгляд населенага пункта, дык яшчэ з’яўляюцца пажаранебяспечнымі. Як вырашаецца гэтае пытанне? 

— Такіх дамоў сапраўды шмат. Вядзем іх абследаванне, шукаем уласнікаў. На гэты час у дачыненні 298 пустуючых дамоў вядзецца работа па пошуку нашчадкаў. У мінулым годзе 107 дамоў па рашэнні суда прызнаны бязгаспадарнымі і перададзены ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам. 10 дамоў сёлета ўжо знесены. За мінулы год быў ліквідаваны 81 дом, у 2017-м — 69, 2016-м — 60, 2015-м — 59. Работу гэтую вядзем, хоць і не сказаць каб актыўна: не дастае сродкаў. За кошт яе ў мінулым годзе ў гаспадарчы абарот уключана 26 гектар зямлі замест 869-ці запланаваных. 

Хто яшчэ, акрамя сельвыканкамаў, займаецца добраўпарадкаваннем населеных пунктаў?

— Арганізацыі і ўстановы, якія размяшчаюцца на гэтай тэрыторыі. Да прыкладу, жылкамгасам на пастаяннай аснове праводзяцца работы па комплексным добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, жыллёвага фонду, кацельных. У прыватнасці, устаноўлена 90 кантэйнераў для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, 20 скрыняў для пяшчана-саляной сумясі. Праведзены мерапрыемствы па зачыстцы міні-палігонаў, разборка непрыдатных хлявоў і абрэзка кустарнікаў, усталяванне малых архітэктурных форм на прыдамавых тэрыторыях у пас. Глуша і інш. Дарожнымі службамі ДРСУ-171 і ДЭУ-72 выкананы работы па ямачным рамонце дарог і ачыстцы іх ад смецця, вырубцы непатрэбнай расліннасці, уборцы сухіх і пашко­джаных дрэваў. Немалую работу ў плане добраўпарадкавання і навядзення чысціні на зямлі праводзяць работнікі ДЛГУ “Бабруйскі лясгас”. Іх намаганнямі, да прыкладу, насаджана каля 800 тысяч дрэваў, ліквідавана 6 несанкцыянаваных звалак, ачышчана ад бытавога смецця 66 гектар ляснога фонду. Комп­лексныя работы ў 14 магазінах выкананы Бабруйскім гандлёвым цэнтрам, право­дзяцца яны іншымі сацыяльна-культурнымі аб’ектамі, а таксама ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях — на мехдварах і фермах, дзе не толькі наводзяць чысціню, але аднаўляюць агароджу  і  інш.

Работу праводзім, аднак хацелася б, каб з большай любоўю да месцаў, дзе жы­вуць, адносіліся самі вяскоўцы. Для многіх утрыманне ў парадку домаўладанняў і калядамавой тэрыторыі стала сістэмай, але ёсць і тыя, хто не бачыць загану ў неабкошанай, засмечанай тэрыторыі, паваленай агароджы, захламленым двары, учыняе несанкцыянаваныя звалкі, у тым ліку на могілках. Вялікая адказнасць за тое, наколькі ўпарадкаванай і дагледжанай будзе наша зямля, лічу, на ўстановах адукацыі. Выхаванне гонару за мясціны, дзе нарадзіўся, а ад гэтага — неабходнасці ў парадку, чалавеку варта прывіваць з дзяцінства. Незнарок жа існуе пагаворка — чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць.

 — Дзякуй за размову.

Алена КАРПЕНКА. Фота Вольгі ГРЭК.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.