Грэе душу водар веснавога ворыва
Болей за 20 трактароў пад кіраўніцтвам найбольш вопытных механізатараў раёна заняты ў гэтыя дні на ўзворванні палёў пад сяўбу ярыны. Праўда, і клінок пад веснавое ворыва немалы — прыкладна 12 тысяч га. Па стане на ўчарашнюю раніцу, як паведамілі ў райсельгасхарчы, было заарана каля 2-х тысяч га, так што прыйдзецца парупіцца.
У філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік” прыступілі да закладкі шматгадовай культурнай пашы — работы вядуцца ў раёне в. Савічы. Там жа, а таксама ў СВК “Гігант”, дзе ўзворванне цалкам было праведзена з восені, займаюцца культывацыяй глебы.
Увага ў гэтыя дні, вядома ж, і да насення. У гаспадарках набываюць неабходную пратруту, заключаюць дамовы на набыццё эліты збожжавых і зернебабовых культур. На гэты час заключаны яны на 71 тону такога насення.
Клапоцяцца ў сельгасарганізацыях і пра насенне траў, у тым ліку для абнаўлення пашы. Філіял “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”, да прыкладу, заключыў дамову на пастаўку 7 тон сямікампанентнай травяной сумясі, якую збіраюцца выкарыстаць для закладкі шматгадовай культурнай пашы.
Не застаюцца без увагі яблыневыя сады. У ААТ “Неўскі-Агра” і “Міхалёўская Ніва”, дзе яны маюцца, займаюцца веснавой абрэзкай дрэўцаў. Таксама пастаўлена задача раскарчаваць старыя сады, каб занятую пад іх зямлю — у асноўным урадлівую — уключыць у севаабарот. Гэтая работа, па словах начальніка вытворчага аддзела райсельгасхарчу Жаны Жукоўскай, павінна быць праведзена да пачатку красавіка.
Алена КАРПЕНКА.