Парушэнне палавой недатыкальнасці непаўналетніх караецца законам

Па выніках 2018 года непаўналетнімі раёна ўчынена адно злачынства — столькі ж, як за папярэдні год. Аднак супакойвацца, па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталлі Праташчык, не даводзіцца: на злачынствы адважваюцца непаўналетнія, чый узрост не дазваляе ім несці адпаведнае пакаранне за гэта.

І падлеткам, і бацькам, па яе словах, варта памятаць: калі непаўналетні ўчыняе злачынства да дасягнення ім узросту крымінальнай адказнасці (як правіла, 14 год) і на момант злачынства яму ўжо споўнілася 11, то з улікам аналізу паводзін дзіцяці ў школе (замешанасці яго ў іншых супрацьпраўных паво­дзінах) і відавочнай недастатковасці мер, якія прымяняліся і могуць быць прыменены па перавыхаванні дзіцяці з боку школы, іншых зацікаўленых органаў, камісія па СН прымае рашэнне аб неабходнасці спецыяльных мер выхавання і накіроўвае ў суд зыскавую заяву аб змяшчэнні падлетка ў спецыяльную вучэбна-выхаваўчую ўстанову.

У адыйшоўшым годзе, як стала вядома, дзве такія заявы былі пададзены, і абедзьве былі задаволены. І ў першым, і ў другім выпадках сітуацыя стала магчымай дзякуючы абыякавасці бацькоў: дзеці выхоўваліся ў неблаганадзейных сем’ях, былі прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. На адсутнасць належнага кантролю з боку дарослых указвае і той факт, што злачынствы ўчынены ў вячэрні і начны час сутак, калі непаўналетнія павінны знаходзіцца дома (па-за домам — у суправаджэнні дарослых). Адзін з падлеткаў здзейсніў хуліганства: лядовай глыбай разбіў шкло фуры, якая праязджала па шашы, другі завалодаў чужым скутарам, што стаяў ля дома на суседняй вуліцы. Як вынік — у адносінах непаўналетніх прынята рашэнне накіраваць іх у спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы закрытага тыпу. На гэты час абодва яны знаходзяцца ў спецшколе горада Магілёва.

Актуальнай на сёння, як адзначылі ў камісіі па СН, з’яўляецца і тэма палавой недатыкальнасці непаўналетніх. На працягу апошніх год у раёне была ўзбуджана не адна крымінальная справа, дзе непаўналетнія з’явіліся пацярпелымі. У тым ліку два злачынствы ў адносінах дзяцей учынены непаўналетнімі з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця.

У сувязі з несуцяшальнай статыстыкай камісія па СН заклікае бацькоў, у асаблівасці маці дзяўчынак, з увагай адносіцца да дзяцей у сем’ях з айчымамі, весці размовы з падлеткамі, каб упэўніцца ў адсутнасці насілля ці іншых дзеянняў сэксуальнага характару ў адносінах іх, працягвае весці выхаваўчую работу ва ўмовах сямейнай недабрачыннасці.

Праблема ў тым, па словах Наталлі Праташчык, што сучасныя дзеці зачастую занадта рана адчуваюць сябе дарослымі, рана ўступаюць у сэксуальныя адносіны. У мінулым годзе ў раёне адзначаны выпадак, калі 15-гадовая дзяўчына трапіла ў ра­дзільны дом са стратай цяжарнасці. Як выявілася, непаўналетняя жыла з хлопцам, ­бацькі якога не ведалі пра ўзрост сынавай абранніцы. І хоць маладыя людзі кахалі адзін аднаго і гатовыя былі пабрацца шлюбам, гэта не пазбавіла адказнасці юнака перад законам. За сувязь з непаўналетняй яму пры­дзецца панесці пакаранне. Прычым, крымінальная справа ў такім выпадку ўзбуджаецца не толькі на падставе заявы ад пацярпелай, але і пры яе адсутнасці — прос­та па выяўленым факце.

Менавіта маральна-прававое выхаванне непаўналетніх, прафілактыку насілля і жорсткага абыходжання з дзецьмі абмеркавалі ўдзельнікі навучальнага семінару, арганізаванага напрыканцы снежня камісіяй па справах непаўналетніх сумесна з аддзелам па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама — намеснікі дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце (спецыялісты, якія курыруюць дадзены накірунак работы), сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі, кіраўнікі (выхавальнікі) дашкольных устаноў адукацыі. Удзел у мерапрыемстве прынялі таксама прадстаўнікі Бабруйскага РАУС, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, беларускай асацыяцыі ЮНЕСКА. Падчас семінара былі выпрацаваны дакладныя рэкамендацыі па тэме абмеркавання.

Алена КАРПЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.