“Справа ў нас адна – сцерагчы мірнае неба над галавой”
У 83-м асобным інжынерна-аэрадромным палку, як і ў іншых вайсковых частках нашых Узброеных Сіл, гарачая пара: навабранцы ў пагонах праходзяць адаптацыю да жыцця ў вайсковым калектыве.
Іх папярэднікі, годна адслужыўшы ўстаноўлены тэрмін, ужо вярнуліся дадому. Яны выканалі свой святы абавязак, як і належыць сапраўдным мужчынам і патрыётам.
Радавы Аляксандр Зазуля:
– Яшчэ ў школе я неаднаразова ўдзельнічаў у спаборніцтвах пад эгідай МНС, пры падрыхтоўцы да якіх атрымаў базавую медыцынскую падрыхтоўку. Так і трапіў на пасаду вадзіцеля-санітара. На шчасце, у нашым падраздзяленнi небяспекі для здароўя таварышаў па службе не ўзнікала. Планую вярнуцца на сваю працу спецыяліста па інфармацыйнай бяспекі. Час колеру хакі дарма не прайшоў: у арміі я паспеў аб многім падумаць, у мяне з’явіліся больш асэнсаваныя мэты ў жыцці.
Навабранцам жадаю служыць з гонарам і годнасцю, падтрымліваць свой воінскі дух, займацца спортам. Калі нешта незразумела, вам заўсёды дапамогуць.
Сяржант Мікіта Новікаў:
– Я скончыў ВНУ па спецыяльнасці «тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці», а праз пару месяцаў пасля выпуску мяне прызвалі на тэрміновую службу ў 83-й асобны інжынерна-аэрадромны полк.
У асноўным мы займаліся падтрыманнем аэрадрома ў пастаяннай гатоўнасці, рэгулярна працавалі над забеспячэннем пасадак і узлётаў самалётаў, верталётаў. Я стаў разбірацца ў авіяцыйнай тэхніцы. Лічу, што мне выпаў унікальны шанц убачыць усё гэта ўжывую. А яшчэ ў арміі я пашырыў свой кругагляд. Навучыўся адаптавацца да незнаёмай сітуацыі, месца і калектыву. Людзі розныя, але справа ў нас адна – сцерагчы мірнае неба над галавой.
Рыгор ТУРАЎ.