Падведзены вынікі агляду машынных двароў
У раёне падвялі вынікі штогадовага агляду па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы сельгасарганізацый да работы ў зімовых умовах, падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да палявых работ.
Удзел у конкурсе, па словах намесніка начальніка вытворчага аддзела райсельгасхарчу Аляксандра Каўраніна, прынялі ўсе 9 раённых гаспадарак. Прайшло мерапрыемства на базе мехдвара СВК “Гігант”. На вынікі паўплывалі такія крытэрыі, як стан агароджы машыннага двара, асфальтаванне тэрыторыі, наяўнасць бытавых, з ацяпленнем, памяшканняў і галоўнае — пастаноўка тэхнікі на захаванне ў адпаведнасці з ДАСТам.
Ацэньвала машынныя двары спецыяльна створаная рашэннем райвыканкама камісія. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е прысуджана СВК “Гігант”, 2-е — філіялу “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, 3-е — ААТ “Неўскі-Агра”. Усе ўдзельнікі агляду-конкурсу ўзнагароджаны граматамі, а пераможцы, у адпаведнасці з умовамі мерапрыемства, яшчэ і грашовымі прэміямі: за 1-е месца — 20 базавых велічынь, за другое — 15, за трэцяе — 10.
Алена КАРПЕНКА.