На Бабруйшчыне працаваў абласны семінар

Малако застаецца стратэгічным сродкам для дабрабыту сельгасарганізацый. Таму відавочна, што працэс яго вытворчасці павінен быць не проста наладжаным, а адшліфаваным. На справе ж атрымліваецца далёка не так.

Што перашкаджае адным зрабіць тое, што для іншых даўно стала нормай? Якія ўчасткі вытворчага ланцуга найбольш праблемныя і як ад апошніх пазбавіцца? Якая роля ў выніках малочнай галіны кожнага, хто мае да яе дачыненне — ад начальнікаў упраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкамаў да аператараў машыннага даення? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі ў чац­вер на гэтым тыдні ўдзельнікі абласнога куставога семінара: намеснікі начальнікаў райсельгасхарчаў па жывёлагадоўлі, галоўныя заатэхнікі, вет­урачы Бабруйскага, Глускага, Асіповіцкага, Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў, прадстаўнікі Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства, іншых зацікаўленых арганізацый вобласці, кіраўнікі, галоўныя спецыялісты і загадчыкі МТФ сельгасарганізацый Бабруйшчыны. Мерапрыемства прайшло ў нашым раёне на базе філіяла “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” з удзелам саветніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Барыса Клешчукевіча і першага намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Алены Шыбут.

Шмат увагі было ўдзелена пытанням асемянення жывёлы, выкананню графікаў апошняга. Як адзначыў Барыс Клешчукевіч, сёння першае асемяненне цялушак назіраецца ў 18-22-месячным узросце. Між тым у перадавых гаспадарках у 22-24 месяцы рагулі ўжо даюць малако, прыносяць калектыву прыбытак. Таму стаіць задача — знізіць узрост асемянення да 13-14-месячнага ўзросту пры дасягненні цялушкамі адпаведнай вагі.

Асаблівая ўвага была сканцэнтравана на захаванасці жывёлы. Па словах Алены Шыбут, балючым застаецца невытворчае яе выбыццё, у радзе раёнаў — высокае. У рашэнні праб­лемы спецыяліст заклікала кіравацца прынцыпам — прыярытэт прафілактыкі над лячэннем. Грунтоўна былі абмеркаваны пытанні вырошч­вання і захаванасці маладняку да трохмесячнага ўзросту (найлепшы паказчык у Кіраўскага раёна). Падчас праведзеных абласнымі службамі маніторынгаў, як было адзначана, выяўлены шматлікія грубыя парушэнні тэхналагічных патрабаванняў гэтага. У прыватнасці — адсутнасць банка малозіва, няправільнае захаванне апошняга, адсутнасць прыстасаванняў для пастэрызацыі малака, што здольна прывесці да хваробы і гібелі жывёлы, адсутнасць індывідуальных домікаў для ўтрымання маленькіх цялятак, няправільна складзеныя рацыёны кармлення. Шмат дзе адсутнічае “прывязка” адказнасці работніка да захавання цялятка і наадварот — матэрыяльнае заахвочванне станоўчых вынікаў.

Значнае месца ў рабоце семінара было адведзена абмеркаванню тэхналогіі даення кароў. Перш чым прыступіць да практычнага засваення тэмы, удзельнікі мерапрыемства праглядзелі відэафільм з пакрокавымі дзеяннямі аператара машыннага даення падчас гэтага адказнага працэсу. Наглядна ўпэўніліся, што ў аснове тэхналагічных патрабаванняў — фізіялогія жывёлы.

Засваенне даення на практыцы прайшло на МТФ Баранавічы. Увага пры гэтым звярталася на самыя, здавалася б, дробязі. Але гэта толькі для недасведчаных. Прафесіяналы ж ведаюць — кожны акт дойкі напрамую ўплывае на вытворчыя вынікі. А таму не блытаць паслядоўнасць дзеянняў падчас падрыхтоўкі рагулі да даення, мець цёплую ваду для мыцця вымені, неабходны дэзраствор для яго апрацоўкі, здойваць не адну, а да 10 кропель малака, мець неабходныя элементы спец­адзення — надзвычай важна! Гэтак жа як і важна правільна накарміць карову (там жа было прадэманстравана прыгатаванне кормасумясяў). У гэтай сувязі была заакцэнтавана ўвага на асаблівай ролі загадчыкаў ферм, у чыіх абавязках — не толькі навучыць тэхналогіі даення і кармлення іншых, але штодзённа кантраляваць вытворчы працэс. На іх жа — стварэнне станоўчага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектывах, які з гурту людзей робіць каманду аднадумцаў, гатовых да рашэння пастаўленых задач, да паляпшэння ўласнага дабрабыту і дабрабыту краіны.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.