Темы

Арыенцір — на высокія ўраджаі

Арыенцір — на высокія ўраджаі

Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Гігант” пад кіраўніцтвам Міхаіла Пятровіча Левакова ў каторы раз прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўра­джаю збожжавых і зернебабовых культур. 1-га месца ўдастоена гаспадарка і па выніках спаборніцтва на восеньскіх палявых работах — сяўбе азімых і падняцці зябліва. У тройцы лідараў — за зладжанасць веснавой пасяўной кампаніі.

       

Займаючыся вырошчваннем хлябоў, калектыў “Гіганта” сёлета, як і ў папярэднія гады, арыентаваўся на максімальную ўраджайнасць (у рэкордны для гаспадаркі 2014 год з аднаго круга ўзялі болей як па 80 цэнтнераў), дзеля гэтага былі прадпрыняты ўсе магчымыя захады.

Але ж карэкціроўку, як часта здараецца ў раслінаводчай галіне, унесла надвор’е — найбольш уплывовы “рэгулятар росту” пасеваў.

— Надвор’е не толькі сёлетняга года, але і засушлівых папярэдніх, — адзначае Міхаіл Пятровіч. — Пакладзенае з восені ў недастаткова ўвільгочаную глебу, насенне азімых пшаніцы і трыцікале і па вясне сутыкнулася з недахопам вільгаці. Гэтая ж прычына, а затым працяглая спякота не пасадзейнічалі нармальнаму развіццю і яравой збажыны.

Хоць вага сёлетняга хлебнага караваю ў “Гіганце” некалькі ўступае мінулагодняй — намалот зерня збожжавых і зернебабовых (без кукурузы) у недапрацаваным выглядзе склаў 5 367 т (у 2017 г. — 6 433 т), з аднаго круга ўзялі ў сярэднім па 41,9 ц (у папярэднім — па 45,7 ц). На недахоп фуражу ў гаспадарцы не наракаюць: атрымалі цудоўны ўраджай кукурузы, намалацілі (у бункернай вазе) 3 540 т зерня пры ўраджайнасці 110 ц/га.

Як заўсёды зладжана, па словах старшыні СВК, спрацаваў калектыў гаспадаркі. Дзякуючы адказнасці і старанню вопытных механізатараў — камбайнераў зернеўборачных камбайнаў “Лексіон” Уладзіміра Ільіча Шапялевіча, Валянціна Рыгоравіча Тарасевіча, Алега Уладзіміравіча Вяроўкіна, Уладзіміра Уладзіміравіча Зуба, Андрэя Уладзіміравіча Колтуна, вадзіцеляў Аляксандра Іванавіча Цэда, Аляксандра Уладзіміравіча Дайнэкі, Сяргея Канстанцінавіча Педана, Анатоля Іванавіча Семенчукова, якія рупіліся, перавозячы ўраджай ад камбайнаў, і падтрымцы ўсяго калектыву СВК, — не страчана ніводнага зерня.

Гэтак жа зладжана, па словах Міхаіла Левакова, работнікі “Гіганта” папрацавалі і ў сёлетнюю восень. Своечасова, у адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі, засеялі азімы клінок: 600 га пшаніцы, 200 га трыцікале (плюс 50 га на зялёны корм), 400 га рапсу.
У стадыі завяршэння асабліва важнае, як тут упэўнены, агратэхнічнае мерапрыемства — падняцце зябліва. На гэты час болей за 2 000 га плошчаў да яравой сяўбы падрыхтаваны. А гэта значыць — ёсць падставы спадзявацца, пры ўмове спрыяльнага надвор’я, на добры ўраджай у наступным годзе.


Хоць на вынікі яравой сяўбы, жніва, а затым восеньскіх палявых работ напружана працуе ўвесь калектыў СВК, роля галоўнага агранома — адна з першаступенных. Вызначыцца з полем пад тую ці іншую культуру, падрыхтаваць яго, своечасова засеяць, падкарміць, апрацаваць ад шкоднікаў і пустазелля, не прапусціць тэрміны збору ўраджаю і зноўку — заараць, засеяць, падкарміць… Усе гэтыя і шэраг іншых абавязкаў на адказнасці і кантролі Уладзіміра Аляксандравіча Залужнага, неаднаразовага пераможцы (сёлета ў тым ліку) раённага спаборніцтва сярод галоўных аграномаў Баб­руйшчыны. Займаючыся з году ў год адным, здавалася б, і тым жа, аграном Залужны цікавасці да прафесіі не губляе. Хутчэй, як прызнаецца, наадварот — здабыты вопыт, магчымасць аналізаваць і эксперыментаваць з гадамі робяць справу агранома больш прывабнай.


Дзе працуе тэхніка “Гіганта”, там амаль заўжды сустрэнеш яе пастаяннага “суправаджатага” — галоўнага інжынера сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва Ігара Аляксеевіча Міхалёнка. Адказнасць і шчырае служэнне гаспадарцы гэтага чалавека (працоўны стаж пераваліў за два дзясяткі) правераны гадамі і пацверджаны шматлікімі ўзнагародамі.

Сёлета рахунак папоўніцца яшчэ адной — за перамогу ў раённым спаборніцтве сярод галоўных інжынераў сельгаспрадпрыемстваў. Зрэшты, у мінулым годзе гэтая перамога таксама была ў Ігара Аляксеевіча.


Выдатна папрацавалі на жніве, ды і падчас іншых сельскагаспадарчых кампаній, вадзіцелі-перадавікі “Гіганта” Аляксандр Іванавіч Цэд (на фота злева) і Аляксандр Ула­дзіміравіч Дайнэка.

Кожны ў сваёй катэгорыі: “сярод ва­дзіцеляў транспартных сродкаў сельгасарганізацый” і “сярод маладых ва­дзіцеляў транспартных сродкаў сельгасарганізацый” — яны дасягнулі ганаровых першых месцаў, за што заслужана ўдастоены ўзнагароды.


Па-рознаму людзі разважаюць пра сваё шчасце. Шчаслівым з’яўляецца той чалавек, які вельмі любіць сваю прафесію. А таксама займаецца справай, якая падабаецца. У сельскага механізатара з ранняй вясны і да позняй восені напружаная пара, якая патрабуе вялікай працы і аддачы. Таму гэтая прафесія выбірае толькі надзейных людзей, з дзяцінства прывучаных да працы, якія з павагай адносяцца да зямлі і не баяцца цяжкасцяў. Такім чалавекам і з’яўляецца Уладзімір Уладзіміравіч Зуб. Не адзін дзясятак год ён механізатарствуе ў “Гіганце”. У гэтым годзе — пераможца раённага спаборніцтва сярод старшых камбайнераў і камбайнераў сельскагаспадарчых арганізацый (у мінулым годзе меў 3-е месца ў дадзенай катэгорыі). За работай Уладзімір Уладзіміравіч дэманструе незвычайныя спрыт і ўпартасць, што і прыводзіць механізатара да поспеху.

Алена КАРПЕНКА.

Последние новости

Происшествия и безопасность

Что бы праздники прошли безопасно!

6 декабря 2025
Читать новость
Общество

YouTube потребовал документы у белорусских пользователей для просмотра видео 18+. В чем дело?

6 декабря 2025
Читать новость
Общество

«Белавиа» возобновляет регулярные рейсы из Минска в Тель-Авив

6 декабря 2025
Читать новость
В будущее вместе с нами

Объявлены победители республиканского конкурса «SUPERПРОФИ-2025»

6 декабря 2025
Читать новость
Актуально

Поздравление руководства Бобруйского района с Днем страховых работников

6 декабря 2025
Читать новость
Человек и природа

 До +7°С ожидается в Беларуси 6 декабря

6 декабря 2025
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем