Сяўба азімых зерневых, збор яблыкаў… Чым яшчэ займаюцца ў гаспадарках раёна
З першачарговых клопатаў — сяўба азімых зерневых культур, у тым ліку на зялёны корм жывёле. Пасеяна трэць ад запланаваных плошчаў.
Усе гаспадаркі, за выключэннем СВК “Гігант” і ААТ “Стасеўка”, заняты нарыхтоўкай кукурузнага сіласу. У філіялах “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік” і “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” кукурузу ўбіраюць таксама на зерне. Уключаюцца ў дадзены від работ і ў філіяле “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”.
Працягваецца капанне бульбы. З 744 га плошчаў (500 га — у “Гіганце”) выкапана, па апошніх дадзеных, 280 га (пераважная частка ў “Гіганце”) пры сярэдняй ураджайнасці клубняў 170-180 ц/га.
Амаль на трэць убраны цукровыя буракі, і гэтая работа працягваецца. Адначасова з капаннем салодкіх караняплодаў гаспадаркі займаюцца іх вывазкай да перапрацоўшчыкаў.
У мэтах папаўнення насеннага фонду на будучы год у раёне працягваецца ўборка насеннікаў мнагалетняй травы, у асноўным — канюшыны.
Не выпадае з-пад увагі аграрыяў догляд раслін. На пасевах азімага рапсу, надвор’е якім садзейнічае, з’явілася пустазелле, таму многія ўключыліся ў барацьбу з ім. На 1020 га з 2570 занятых пад азімы рапс хімпраполкі ўжо праведзены. У планах і апрацоўкі пасеваў супраць шкоднікаў.
У акцыянерных таварыствах “Неўскі-Агра” і “Міхалёўская Ніва” займаюцца зборам яблыка.
Алена КАРПЕНКА.