У Глушы аформілі сямейную клумбу
Абласная акцыя па азеляненні тэрыторыі дзіцячага дома сямейнага тыпу “Сямейная клумба” у рамках Года малой радзімы, наладжаная ўпраўленнем адукацыі Магілёўскага аблвыканкама сумесна з Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі і прысвечаная Дню сям’і, прайшла ў нашым раёне.
Яе вынік — у двары новага, заселенага ў мінулым годзе дома сям’і Святланы і Аляксандра Рак у пасёлку Глуша, на выхаванні якой васьмёра прыёмных дзяцей, з’явіўся па-майстэрску аформлены кветнік. У добраўпарадкаванні тэрыторыі актыўна ўдзельнічалі — рыхтавалі лункі, высаджвалі расаду, насілі ваду, палівалі кветкі — як самі дамачадцы, так і работнікі Бабруйскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра на чале з дырэктарам Наталляй Ганчаровай. Усе яны выказваюць шчырыя словы падзякі “БУКДДЭП” УКВП ЖКГ “Бабруйскжылкамгас“ (дырэктар Юрый Гарбакоў, намеснік дырэктара па азеляненні Аляксандр Марчанка) за прадастаўлены на дабрачыннай аснове пасадачны матэрыял.
Зрэшты, да 25 мая будуць падведзены вынікі абласной акцыі. Усе яе ўдзельнікі атрымаюць адпаведныя пасведчанні.
Тэкст і фота Алены КАРПЕНКІ.