У гаспадарках сеюць, аруць, косяць
Веснавыя палявыя работы ў сельгасарганізацыях працягваюцца.
У філіяле “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”, як паведаміў выконваючы абавязкі галоўнага агранома Сяргей Гаўрыленка, працягваюць сеяць кукурузу (пасеяна 900 з 1500 га), адначасова займаюцца падрыхтоўкай глебы (унясеннем арганікі, ворывам) пад сяўбу, хімапрацоўкай пасеваў азімага рапсу ад шкоднікаў.
Сеюць кукурузу таксама і ў СВК “Гігант”. Акрамя таго, у гаспадарцы абганяюць бульбу, займаюцца доглядам пасеваў, рыхтуюцца да корманарыхтоўкі, час якой, па словах галоўнага агранома Уладзіміра Залужнага, надыйшоў.
Ачысткай і пабелкай сянажных траншэй, падрыхтоўкай тэхнікі да новай сельскагаспадарчай кампаніі займаюцца, як адзначыла галоўны эканаміст Марыя Малькова, і ў ААТ “Міхалёўская Ніва”. Плюс да гэтага вось ужо каторы дзень тут сеюць кукурузу, займаюцца касьбой травы на корм жывёле.
У філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, па словах галоўнага агранома Валянціны Масолавай, пасяўныя работы завершаны, праведзены неабходныя на гэтую пару мерапрыемствы па доглядзе пасеваў. У нядзелю гаспадарка плануе ўключыцца ў корманарыхтоўку, якую пачнуць з кулісных пасеваў.
Алена КАРПЕНКА.