Святкуем Першамай
Першамай — гэта заўсёды дзень добрага настрою і ўсмешак, выкліканых майскім росквітам прыроды, мірным жыццём, стваральнай працай на карысць уласнага дабрабыту і краіны. І, вядома ж, ён суправаджаўся канцэртамі, калі адны мелі магчымасць прадэманстраваць сваё песеннае, харэаграфічнае, спартыўнае майстэрства, іншыя — атрымаць ад гэтага асалоду.
Традыцыі не мяняюцца. Напярэдадні і ў дзень сёлетняга свята Працы для вяскоўцаў будуць наладжаны канцэртныя праграмы і спартыўныя мерапрыемствы. У прыватнасці, у сельскім доме культуры п. Туголіца 1 мая пройдзе святочны канцэрт калектываў мастацкай творчасці раённага Цэнтра культуры і мясцовага СДК “Услаўляем Першамай!”. Бабруйскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей з учарашняга дня і на працягу наступнага тыдня прапаноўвае наведвальнікам тэматычную выставу “Хто любіць працу, таго людзі шануюць”. У пасёлку Глуша і аграгарадку Леніна аматараў спорту і прыхільнікаў здаровага ладу жыцця чакаюць занальныя спаборніцтвы па футболе. Ва ўстановах і арганізацыях асаблівая ўвага будзе ўдзелена перадавікам вытворчасці. Прафсаюзныя лідары, прадстаўнікі раённага Савета ветэранаў наведаюць членаў арганізацый, якія паспяховай працай уславілі і працягваюць услаўляць родную Бабруйшчыну.
Алена КАРПЕНКА.