У гаспадарках рыхтуюцца да сяўбы
Да надыходу каляндарнай вясны меней двух тыдняў. Незалежна ад таго, супадзе яна з “прыроднай” ці не, аграрыі разумеюць — трэба быць падрыхтаванымі. Гэтым часам, як заўважыла начальнік вытворчага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Жана Жукоўская, ва ўсіх гаспадарках займаюцца вывазкай на палі арганікі, каб увесну адразу ўзяцца за яе ўнясенне ў глебу і не прамарудзіць з сяўбой.
Хоць і невысокімі тэмпамі, але ж набываюцца мінеральныя ўгнаенні пад яравую сяўбу, у асноўным азот. Забяспечанасць раёна складае пакуль толькі 11% (СВК “Гігант” — 25% ад патрэбы, філіял “Харчавік-Агра” — 36%, ЗАТ “Птушкафабрыка “Вішнёўка” — 87%), і гэтая работа працягваецца. Што датычыцца насення зерневых і зернебабовых культур, то яно да сяўбы падрыхтавана.
Наперадзе — набыццё эліты, у тым ліку ў СВК “Гігант”, а таксама закупка пасяўнога матэрыялу кукурузы на зерне і зялёны корм, цукровых буракоў, гародніны. У стадыі завяршэння ачыстка насення мнагалетніх траў, у прыватнасці, канюшыны. Гаспадаркам, дзе маюцца сады, самы час, як адзначылі ў райсельгасхарчы, заняцца абрэзкай дрэўцаў.
Алена КАРПЕНКА.