Темы

«Дзедаўшчына», сябры і армейскія будні. Даверлівая размова з былым вайскоўцам

«Дзедаўшчына», сябры і армейскія будні. Даверлівая размова з былым вайскоўцам

Мая сустрэча з Аляксандрам Дудалем з в. Бірча адбылася, прызнаюся, невыпадкова. Маючы дваіх сыноў, як і многія ў краіне, надзвычай балюча ўспрыняла трагедыю, якая ўскалыхнула грамадскасць болей за месяц таму, — смерць Аляксандра Коржыча ў барысаўскіх Печах. Захацелася пагаварыць з хлопцамі, якія служаць, якія толькі вярнуліся з войску, папытацца пра армейскае жыццё, узаемаадносіны, у тым ліку неўстаўныя, пацікавіцца меркаваннямі пра здарэнне, дый, зрэшты, проста зазірнуць у вочы…

Магчымасць такая неўзабаве з’явілася: Аляксандра сустрэла на парозе ваенкамата, куды хлопец завітаў, каб стаць на ўлік пасля праходжання службы. Ад размовы ён не адмовіўся. Я ж на поўную адкрытасць суразмоўцы не разлічвала: хлопцы — яны народ у асноўным закрыты. Стаўку рабіла больш на тое, што сама, як ка­жуць, не першы год жыву на свеце. У выніку размова атрымалася, як мне падалося, шчырай.

Аляксандр, са спортам па жыцці сябруеш?

— Гледзячы з якім. Футбол, бокс — гэта маё.

У армію ішоў з усведамленнем таго, што гэта твой абавязак і гэта нармальна ці проста не знайшоў лазейкі ўхіліцца?

— Асазнана. Па-першае, таму што пасля заканчэння аўта-транспартнага каледжа меркаваў пайсці працаваць у дэпартамент аховы, а туды без арміі нельга. Па-другое, з дзяцінства марыў быць міліцыянерам, падабалася (усміхаецца) ваенная форма. Людзі вайсковых прафесій выклікалі асацыяцыю мужных, адважных, якім і самому хацелася быць. Напэўна, таму і да дысцыпліны ставіўся станоўча, і армія не палохала, не выклікала адмоўнага стаўлення.

У аднагодкаў, сяброў паразуменне ў гэтым плане знаходзіў? Яны падзялялі твае погляды на службу?

— Не ўсе. Некаторыя дагэтуль шукаюць спробу яе пазбегнуць. А вось трое нас —
адзін вярнуўся адначасова са мной, адзін яшчэ служыць — лічым, што час у войску патрачаны не дарэмна.

Значыць, сваіх поглядаў не памяняў?

— Ніколькі.

У сілавыя структуры па-ранейшаму збіраешся?

— Так. Якраз гэтымі днямі ўладкоўваюся на працу ў патрульна-паставую службу.

Лічыш, фізічна і маральна падрыхтаваны для гэтай работы?

— Так.

Хлопцы, з якімі падтрымліваеш адносіны, як ставяцца да твайго выбару прафесіі?

— У большасці негатыўна.

Чаму, як лічыш?

— Думаюць, што я змянюся і нашае сяброўства скончыцца.

Як да парфесійнага выбару ставяцца родныя?

— Яны не супраць.

Службу дзе давялося несці?

— У Слоніме на Гродзеншчыне, у 11-й асобнай механізаванай брыгадзе.

Род войскаў сам выбіраў?

— Не. Проста туды прызвалі.

Войска аказалася тым, чаго ад яго чакаў?

— Не зусім. Меркаваў, што складаней будзе. А яно аказалася не тое што складана, а хутчэй лёгка.

Час доўжыўся марудна?

— Наадварот, паўтара гады прайшло хутка.

Магчымасці, каб загартаваць сябе фізічна, у арміі былі?

— Вядома ж. Прычым, від спорту выбіраеш, які па душы.

Часта можна чуць, што войска — дарэмна патрачаны час: не дае дастатковай прафесійнай кваліфікацыі дый ўвогуле армейцы зачастую займаюцца не тым, для чаго прызваныя?

— Той, хто так гаворыць, альбо не ведае, альбо наўмысна маніць. Вайсковы графік дакладны: альбо навучаешся спецыяльнасці, альбо трэніруешся фізічна.

Сам якой прафесіі навучаўся?

— Ваеннага слесара —служыў у рамонтнай роце. Мы вывучалі зброю, спецтэхніку і спосабы яе рамонту.

Выдатна гэтым авалодаў?

— (Усміхаецца) Хацелася б, каб заняткаў было болей.

Ці ёсць тое, што, лічыш, добра б было змяніць у сучаснай арміі? Уяві, што да тваіх рэкамендацый прыслухаюцца — якія б унёс прапановы?

— Лепш, чым цяпер, наўрад ці можа быць. Я ў войску пабываў, і мне там усё спадабалася.

Можа, так гаворыш, што так прынята гаварыць?

— Не. Проста так яно было ў нас. Афіцэры з разуменнем адносіліся да малодшага складу, нікога не вылучалі. Добрыя ўражанні пакінулі ротны, намеснікі камандзіраў. Мне з імі, з упэўненасцю магу сказаць, пашанцавала.

Ну а, да прыкладу, часцей бываць дома?

— Гэтага, можа, і не трэба: чым болей ездзіш дамоў, тым больш хочацца там застацца.

Цябе часта наведвалі родныя?

— За службу чатыры разы.

Ну а “дзедаўшчына”? Яна ёсць у сучасным войску?

— У параўнанні з тым, што было раней, — няма.

Адкуль ведаеш пра раней?

— Расказвалі… Зараз за неўстаўныя адносіны і артыкулы могуць даць, і крымінальную справу завесці.

А як праяўляецца — пачысціць унітаз?

— Не, такога таксама няма (смяецца). Найбольшае пакаранне ў войску — пазачарговы нарад — і то, калі ты надта правініўся.

А бывае пакаранне ні за што. Напрыклад, у “дзеда” няма настрою…

— Якім бы “дзед”, як вы кажаце, ні быў, у яго ёсць сябры, тыя, з кім разам прызываўся. Калі ён што і паспрабуе дапусціць ні за што, паплечнікі абавязкова супыняць і заступяцца. У калектыве надзвычай трывалыя прынцыпы справядлівасці.

Лічыш нармальным, каб быў ананімны сайт, куды б вайскоўцы маглі паведам­ляць пра тое, што іх хвалюе?

— Гэта тэхнічна немагчыма: вайскоўцы не могуць карыстацца тэлефонамі з выхадам у Інтэрнэт, відэакамерай, дыктафонам — усё ж такі на тэрыторыі часці ёсць аб’екты, распаўсюджваць інфармацыю пра якія нельга.

У сваёй часці пасля трагедыі ў Печах адчулі змены?

— Так. Асабістаму складу стала надавацца больш увагі. Сталі частымі агляды вайскоўцаў на выяўленне цялесных пашкоджанняў. Правяраюць усіх без выключэння, незалежна ад тэрміну службы. Пастаянна ў будзённыя дні працуе псіхолаг. Да яго можна прыйсці ў любы час і весці размову столькі, колькі патрабуецца.

Юнакі звяртаюцца да псіхолага?

— Бывае такое. У асаблівасці, калі дома якія праблемы. Часта наведваюць псіхолага тыя, хто збіраецца застацца “на кантракце”.

Хлопцам з лідарскімі якасцямі, напэўна ж, прасцей. А як быць тым, хто па натуры, як кажуць, “хатні”?

— У войску калектыўнае жыццё і адносіны будуюцца па прынцыпе “як ты адносішся да людзей, так адносяцца і да цябе” незалежна ад таго, ты з лідарскімі якасцямі ці не. Сярод калектыву няма прывілегій тым, хто, скажам, быў “на гражданцы” лідарам і душой кампаніі — там усе роўныя.

Што тады, як мяркуеш, магло здарыцца ў Печах?

— Там, наколькі ведаю, завялі крымінальныя справы. Але, як мне здаецца, ніхто не мог забіць гэтага хлопца: гэта нерэальна, такое проста немагчыма. Там, напэўна, ішло да гэтага — такі, відаць, у чалавека лёс…

Сяброў у арміі пры­дбаў?

— Так. Адзін зямляк — з Баб­руйска, другі хлопец з Мінска.

Сустракацца збіраецеся?

— Абавязкова.

Дык, кажаш, у цябе пра вой­ска станоўчыя ўражанні?

— Толькі станоўчыя.

Размову вяла Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Последние новости

Общество

30 июля в Могилевской области пройдет бесплатный профсоюзный правовой прием

22 июля 2026
Читать новость
Ваше здоровье

Бобруйский зональный центр гигиены призывает проверить грибы и ягоды на радиацию

22 июля 2026
Читать новость
Человек и природа

Прогноз погоды на 22 июля: температура воздуха продолжит снижаться, местами дожди

22 июля 2026
Читать новость
Официально

В Беларуси утверждена новая схема доставки сельхозорганизациям дизтоплива

21 июля 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

Золотая страда на Бобруйщине: урочище Токари встречает хлеборобов!

21 июля 2026
Читать новость
Общество

Чтобы специалисты, прибывающие на первое рабочее место, чувствовали себя комфортно

21 июля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем