У СВК «Гігант» запрацавала рапсавая лінія
З’яўляючыся лідарам па вытворчасці сельгаспрадукцыі не толькі ў раёне, але і ў Магілёўскай вобласці, СВК “Гігант” (старшыня М.П. Левакоў) працягвае ўпэўнена развівацца.
На мінулым тыдні ў гаспадарцы пачаў функцыянаваць цэх па перапрацоўцы рапсу і вытворчасці масла (фота ўверсе). Яго ў гаспадарцы прадугледзелі, каб удзешавіць асноўную прадукцыю будучага камбікормавага завода (гл. ніжэй). Адходы вытворчасці (рапсавы жмых), разам з іншымі складаючымі, знойдуць прымяненне ў прыгатаванні камбікармоў. Цэх будзе працаваць кругласутачна, за суткі будзе перапрацоўвацца ў сярэднім 10 тон масланасення. На выхадзе прадугледжана 30% масла, астатняе — жмых. Вытворчая лінія фірмы “Унілайн” набыта на ўмовах лізінгу. Разам з мантажна-будаўнічымі работамі абыйдзецца гаспадарцы ў 78 222 руб.
Што да камбікормавага завода, то яго адкрыццё — не за гарамі (на фота ўнізе).
Рэалізацыя дадзенага інвестпраекта накіравана на стварэнне ў гаспадарцы інавацыйнай пляцоўкі для падрыхтоўкі бялковага корму з мясцовай сыравіны (люпіну, соі, гароху і інш.) па найноўшых тэхналогіях, каб па максімуме скараціць імпарт. Што дазволіць у выніку, як лічаць у СВК, павысіць эфектыўнасць работы ў жывёлагадоўлі за кошт значнага зніжэння затрат і павышэння канкурэнтаздольнасці канчатковай прадукцыі.
На новым, нямецкай вытворчасці, абсталяванні, магутнасць якога складзе 10 т прадукцыі ў гадзіну, плануюць гатаваць розныя віды камбікорму для выкарыстання ў гаспадарцы, а таксама для рэалізацыі на ўнутраным і знешнім рынках.
Інвестпраект на 70% рэалізуецца за ўласныя сродкі. Яго кошт ацэньваецца ў болей чым 10 млн. рублёў.
Алена КАРПЕНКА. Фота Генадзя БАГДОНАСА.