Шлях даўжынёй у 100 гадоў: работы ў аддзеле не зменшылася
Гісторыя сучаснага ЗАГСу бярэ пачатак з 18 снежня 1917 года. Менавіта тады быў выдадзены першы дэкрэт савецкай улады аб шлюбе і сям’і — Дэкрэт “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану”. У адпаведнасці з дадзеным дакументам толькі грамадзянскі шлюб з’яўляецца абавязковым і мае прававыя наступствы. Аднак у заўваге было пазначана, што “церковный брак наряду с обязательным гражданским является частным делом брачующихся”.
У Дэкрэце прапісваліся правілы ўступлення ў шлюб. У прыватнасці, згадвалася пра тое, што грамадзянам, якія жадаюць пабрацца шлюбам, неабходна падаваць заявы ў аддзелы запісаў шлюбаў і нараджэнняў. Дэкрэтам вызначаліся роўныя правы мужа і жонкі, пазашлюбных дзяцей і народжаных у шлюбе.
На наступны дзень, 19 снежня, выйшаў Дэкрэт “Аб скасаванні шлюбу”. У адпаведнасці з ім справы па скасаванні шлюбаў з кампетэнцыі судоў духоўных кансісторый перадаваліся ў мясцовыя суды. У пачатку студзеня 1918 года з’явілася інструкцыя аб арганізацыі аддзелаў запісаў шлюбаў і нараджэнняў, якая зацвердзіла тэрміновае стварэнне аддзелаў запісаў шлюбаў і нараджэнняў пры валасных, павятовых і раённых управах. У верасні гэтага ж года быў прыняты першы савецкі кодэкс — Кодэкс аб актах грамадзянскага стану, сям’і і апецы, які канчаткова замацаваў вядзенне актаў грамадзянскага стану як выключнае права органаў дзяржаўнай улады, а дакладна — аддзелаў запісаў грамадзянскага стану. Карэнным чынам быў зменены стары парадак рэгулявання шлюбна-сямейных адносінаў, у першую чаргу, цэрква была адхілена ад рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану.
У канцы 20-х гадоў архівы метрычных кніжак рэлігійных канфесій былі перададзены на захаванне аддзелам ЗАГС. Астатнія царкоўныя дакументы перайшлі на захаванне ў цэнтральныя і мясцовыя дзяржаўныя архівы.
Цікавы гістарычны факт: пасля ўчынення рэвалюцыі і прыходу да ўлады бальшавікоў царкоўны шлюб страціў юрыдычную сілу. На працягу паўгода — з кастрычніка 1917-га па сакавік 1918-га — у краіне не існавала спосабу заключыць шлюб, які б прызналі ўсе.
Розныя назвы — сэнс адзіны
Бабруйскі раённы ЗАГС — менавіта так на пачатку называлася ўстанова — быў створаны ў 1924 годзе. З цягам часу яго назва некалькі разоў перайначвалася. У 1934 годзе — у Бабруйскі раённы ЗАГС Магілёўскай вобласці. Праз 10 год, у 1944-м, — у Бюро ЗАГС Бабруйскага раёна ўпраўлення міліцыі Бабруйскай вобласці. У 1956 годзе — у Бюро ЗАГС Бабруйскага раёна ўпраўлення міліцыі Магілёўскай вобласці. Наступнай назвай (1975 год) стала “Аддзел ЗАГС выканкама Бабруйскага раённага Савета народных дэпутатаў Магілёўскай вобласці”. Апошняе перайменаванне адбылося ў 1996-м годзе. З таго часу запісы актаў ажыццяўляюцца ў аддзеле ЗАГС Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта Магілёўскай вобласці. Усе гэтыя звесткі, як расказала цяперашні начальнік Таццяна Лісоўская, утрымліваюцца ў занальным архіве. Зрэшты, сёлета роўна 25 год, як Таццяна Леанідаўна працуе ў аддзеле і 21 — як ім загадвае. Да яе, з 1983 па 1997 гады, на гэтай пасадзе працавала Еўдакія Макараўна Гусак. Яшчэ раней, на працягу чатырох дзясяткаў год, работнікам аддзела была Любоў Васільеўна Дарашэвіч. Менавіта яе рукой, па словах Таццяны Лісоўскай, зроблены ўсе адноўленыя, пачынаючы з 1957 года, актавыя запісы. Тыя, што былі да гэтага, не захаваліся.
І раней, і цяпер раённы ЗАГС рэгіструе ўсе віды запісаў актаў грамадзянскага стану вяскоўцаў: нараджэнні, шлюбы, скасаванне апошніх, перайначанні прозвішчаў, усынаўленні. З канца 60-х гадоў мінулага стагоддзя — і ўстанаўленні бацькоўства. Між тым, функцыю ЗАГСу ў раёне выконваюць і сельвыканкамы, у кампетэнцыі якіх 5 адміністрацыйных працэдур: рэгістрацыя нараджэнняў, шлюбаў (за выключэннем тых, што заключаюцца з замежнымі грамадзянамі), смярцей, выдача даведак з запісаў актаў грамадзянскага стану на працягу месяца (далей інфармацыя перадаецца ў аддзел ЗАГС), рэгістрацыя ўстанаўлення бацькоўства адначасова з нараджэннем.
У першыя гады новага тысячагоддзя аддзел ЗАГС стаў камп’ютарызаваны. Да гэтага ўсе запісы вяліся ўручную, “ад рукі” запаўняліся і ўсе пасведчанні. Прагрэс, як заўважае Таццяна Лісоўская, хоць і аблегчыў работу аддзела, аднак спраў у ім не зменшылася, а нават павялічылася.
— Асабліва гэта датычыцца “папяровай” работы, — дзеліцца начальнік аддзела, — звязанай пераважна з прадастаўленнем даведак нашай кампетэнцыі іншым службам па іх запыце, а таксама па запыце непасрэдна грамадзян — ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацабароне, аддзелы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адукацыі, натарыяльную кантору, суды, пракуратуру, следчы камітэт, іншыя органы. Толькі з пачатку гэтага года аддзелам ЗАГС выдадзена без малога 900 даведак.
Некалькі слоў пра прыгожы почырк
Разважаючы пра “дакамп’ютарны” ЗАГС, на маё запытанне, ці трэба было мець яго работніку прыгожы почырк, Таццяна Леанідаўна адмоўна ківае. Патрабаванні да яго, як заўважае, сапраўды былі, аднак абмяжоўваліся выключна яго разборлівасцю.
— Хоць, напэўна, і трэба было, — адзначае начальнік. — Іншым разам трапляюцца дакументы, у якіх разабрацца з напісаным не так ужо і проста.
Аддзел радаслоўнымі не займаецца
Ад Таццяны Лісоўскай даведваемся, што ў апошнія гады павялічылася колькасць грамадзян (у асноўным моладзь), якія праяўляюць інтарэс да сваёй радаслоўнай, звяртаючыся з гэтым у ЗАГС. Што не з’яўляецца правільным.
— Наш аддзел радаслоўнымі не займаецца, — тлумачыць Лісоўская. — Гэта кампетэнцыя нацыянальна-гістарычнага архіва, прычым паслуга, наколькі ведаю, платная. І ўсё ж пры наяўнасці звестак, якія пацвярджаюць роднасць, мы выдаем даведкі. Для гэтага трэба мець адпаведныя дакументы. Да прыкладу, калі праўнукі просяць дакументы, каб пацвердзіць роднасць з прабабуляй ці прадзядуляй, то ім варта прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць асобу бацькі ці маці (у залежнасці ад лініі радства), бабулі ці дзядулі.
Апошнім часам, па словах субяседніцы, павялічылася колькасць зваротаў адносна вызначэння нацыянальнасці продкаў, у прыватнасці, прыналежнасці іх да палякаў. Як аказалася, зрабіць гэта няпроста: архіўныя дакументы ў аддзеле захоўваюцца толькі з 1922 года, ранейшых, царкоўных, няма. Калі нават і ёсць звесткі, што продак быў прыхільнікам каталіцкай царквы, даць даведку аб яго прыналежнасці да палякаў немагчыма.
Вяскоўцаў становіцца меней
За размовай з Таццянай Лісоўскай цікавімся яе ўласнымі, на падставе прафесійных назіранняў, меркаваннямі адносна змен ва ўкладзе жыцця грамадства і жыхароў раёна ў прыватнасці.
— Сыходзячы з аналізу работы ў аддзеле, магу сказаць, што смяротнасць у раёне вырасла, — упэўнена заяўляе яна. — У лічбавым вымярэнні яна прыблізна на адным ўзроўні, што і дзесяць, і дваццаць год таму — каля 500 чалавек у год, аднак жа раённага насельніцтва за гэты перыяд значна паменшала. Зноў жа прыкладна 80% памерлых у апошнія гады — людзі ва ўзросце за 75 год, што ўказвае на старэнне раённага насельніцтва. Па гэтай прычыне, а яшчэ таму, што многія маладыя людзі наладжваюць сумеснае жыццё без афіцыйнай рэгістрацыі, колькасць шлюбаў прыкметна знізілася. А вось калі такая працэдура, як устанаўленне бацькоўства, на пачатку маёй работы была надзвычай рэдкай, цяпер жа дастаткова частая. Таксама магу сказаць, што калі раней — год 20-25 таму жанчыны без шлюбу нараджалі і адпаведна рэгістравалі нараджэнне надзвычай рэдка — цяпер гэта частая з’ява.
А вось раней…
Пішучы пра раённы ЗАГС, мы, вядома ж, не маглі не сустрэцца з Еўдакіяй Макараўнай Гусак, якая рэгістрацыйнай справе аддала не адзін год працоўнай дзейнасці, узначальвала аддзел з 1983 па 1997 год.
— Цяпер, як мне здаецца, лягчэй працаваць, — разважае Еўдакія Макараўна. — І таму, што ёсць камп’ютары, і таму, што скончыўся даваенны архіў. Нам даводзілася весці (працавалі, праўда, па два чалавекі ў аддзеле) па 420 спраў на год толькі па ўстанаўленні нараджэнняў людзей (дакументы падчас вайны былі страчаны). Каб аднавіць адно толькі нараджэнне, столькі працы трэба было зрабіць, столькі дакументаў (у тым ліку абласны архіў) пералапаціць. Пацверджанняў пісьмовых не было, аднаўлялі дакументы (нараджэнні, шлюбы, смерці) па словах сведак: блізкіх і далёкіх родзічаў, суседзяў, знаёмых. У крыле будыніны райвыканкама, дзе ЗАГС, яблыку не было дзе ўпасці — столькі люду прыходзіла! І ўсё гэта пасля ўручную падрабязна апісвалася. Вялікая заслуга ў тым і Любові Васільеўны Дарашэвіч — чалавека без вышэйшай адукацыі, але з вялікім вопытам работы ў ЗАГСе і сумленнымі адносінамі да сваіх абавязкаў.
Шлюбы ў час маёй работы рэгістравалі выключна сельвыканкамы, мы ж — толькі іх скасаванні. І кожны раз, калі ў гэтых мэтах прыходзілі маладыя пары ў ЗАГС, падоўгу вяла з імі размову, заклікала наладзіць жыццё дзеля дзяцей. Іншыя прыслухоўваліся. Але ж і скасаванняў шлюбаў раней было значна меней, чым цяпер. Сучасная статыстыка проста ўражвае! Іншы час…
Алена КАРПЕНКА.
Фота аўтара і Юрыя ЮРКЕВІЧА.