Прафсаюзы — двухтысячнікам!
Як традыцыйна склалася, усе добрыя справы, поспехі і дасягненні працаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна не застаюцца па-за ўвагай галіновага прафсаюза. А дакладней сказаць — райкам прафсаюза АПК, арганізуючы працоўнае спаборніцтва, заахвочваючы яго пераможцаў, натхняе работнікаў сельгасарганізацый, членаў прафсаюза на паспяховую працу, на дасягненне пастаўленых мэт.
Вось і на гэтым тыдні старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Іванавіч Феднеў наведаўся на бульбяное поле СВК “Гігант” — гаспадаркі-лідара па вытворчасці ў раёне “другога хлеба” беларусаў, каб выказаць цёплыя словы падзякі, уручыць вымпелы перадавікоў, наклейкі на машыны “Лідар працоўнага спаборніцтва — 2000 тон”, пераходзячыя чырвоныя сцяжкі, а таксама каштоўныя падарункі механізатарам-камбайнерам бульбаўборачных камбайнаў “Гіганта”. На рахунку кожнага з іх болей чым па 2 тысячы тон накапаных клубняў. Такім чынам, прафсаюзных падарункаў удастоіліся механізатары-двухтысячнікі Віктар Віктаравіч Балыка (па стану на раніцу аўторка экіпажам, які ён узначальвае, было накапана 2 856 тон бульбы), Іван Іванавіч Багданаў (2 746 тон), Міхаіл Лявонавіч Чарноў (2 454 тоны) і Аляксандр Паўлавіч Мінькоў (2 225 тон).
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.