Галоўная задача — якасны корм

На базе філіяла “Агракамбінат КХП” прайшоў абласны семінар па раслінаводстве

У чацвер на гэтым тыдні на базе філіяла “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” прайшоў абласны семінар-нарада для спецыялістаў раслінаводчай галіны. Яго ўдзельнікамі сталі намеснікі начальнікаў райсельгасхарчаў па раслінаводстве і начальнікі інспекцый па насенневодстве, каранціну і ахове раслін вобласці, а таксама галоўныя аграномы гаспадарак Бабруйскага і суседніх з ім раёнаў. Узначаліў мерапрыемства намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кажамякін.

Удзел прынялі саветнік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Барыс Клешчукевіч, супрацоўнікі інстытута Аховы раслін НАН Беларусі на чале з дырэктарам Сяргеем Сарока, прадстаўнікі ТАА “АграХім­Альянс”, іншых зацікаўленых структур.

Сярод асноўных пытанняў, якія абмяркоўваліся, — тэхналогія вырошчвання азімага рапсу і ўкараненне ў кормавытворчасць новай для Магілёўшчыны культуры, багатай на цукар (да 18-20%) і таму надзвычай карыснай для жывёлагадоўлі — сорга. На гэты час, як адзначыў Барыс Кле­шчукевіч, нават стаіць пытанне, каб за кошт пасеваў сорга зменшыць кукурузныя плошчы. Апошняе актуальна і таму, што на тэрыторыі шэрагу раёнаў вобласці, у тым ліку Бабруйскага, з’явіўся кукурузны матылёк, вынішчыць які надзвычай праблематычна. Між тым кожнае поле, па словах саветніка старшыні аблвыканкама, трэба каб было даходлівым. Засухаўстойлівая сорга, па яго словах, якраз і ёсць тая альтэрнатыва, на якую ў гаспадарках павінны скіраваць увагу.

Падрабязна з відавым складам культуры, умовамі яе вырошчвання, спосабамі аховы раслін прысутных пазнаёміла кандыдат сельскагаспадарчых навук, прадстаўнік ТАА “АграХім­Альянс” Кацярына Блахіна. Яна ж адзначыла, што па ўраджайнасці, пры ўмове тэхналагічнага вырошчвання культуры сорга пераўзыходзіць усе астатнія, а яе зялёная маса па харчовай каштоўнасці не ўступае кукурузнай.

Зрэшты, у філіяле “Агракамбінат КХП” культуру (сорга-суданкавы гібрыд) вырошчваюць ужо другі год запар. Вопытам гэтага з калегамі па­дзялілася аграном гаспадаркі Марыя Атрохава.

Шмат увагі было ўдзелена вырошчванню азімага рапсу. І на полі філіяла, дзе ўдзельнікі семінара пабывалі, і падчас плянарнага пасяджэння ў Гарбацэвіцкім СДК навукоўцы акцэнтавалі ўвагу на значнасці ахоўных мерапрыемстваў менавіта ў восеньскі перыяд развіцця раслін. Далі слушныя парады адносна таго, што можна зрабіць на дадзеным этапе, каб па вясне атрымаць максімальную аддачу ад па­севаў.

Немалаважнай умовай доб­рага ўраджаю была названа і матывацыя на яго атрыманне ў гаспадарках. Сеючы культуру, як адзначыў Сяргей Сарока, трэба планаваць не 20 цэнтнераў з гектара, а высокую і рэкордную ўраджай­насць, пад гэта праводзіць адпаведныя агранамічныя мерапрыемствы.

Атрымаўшы добры ўраджай адзін-другі раз, апускаць планку ніжэй ужо не захочацца. Менавіта такога прынцыпу і прытрымліваюцца ў паспяховых гаспадарках, гадамі ўтрымліваючы ўраджай.

У заканчэнне семінару Анд­рэй Кажамякін яшчэ раз звярнуў увагу аграномаў на значнасці восеньскага догляду за пасевамі азімых культур — рапсу і зерневых — і пажадаў поспехаў у гэтай рабоце.

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.