Любоў да зямлі творыць цуды
2-га месца па выніках раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збажыны і зернебабовых культур удастоена ААТ “Неўскі-Агра”.
Сёлета збожжавы клін гаспадаркі, як нам паведамілі, складаў 1 900 гектараў. З іх па восені намалацілі 5 296 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 27,7 цэнтнераў з аднаго гектара. У параўнанні з папярэднім годам (23 ц/га) ураджайнасць павялічылі, аднак не настолькі, як тут лічаць, каб быць задаволенымі вынікамі жніва. Прычына зразумелая — гаспадарка ў эканамічным плане перажывае не лепшыя свае часы. Набыць тыя ж самыя мінеральныя ўгнаенні ўдавалася далёка не заўсёды. Аднак гэта ніякім чынам не сказалася на працаздольнасці калектыву.
Механізатары акцыянернага таварыства занялі годнае месца ў спісе перадавікоў раённага спаборніцтва па выніках уборкі ўраджаю зерневых. У прыватнасці, экіпаж зернеўборачнага камбайна ў складзе старшага камбайнера Рамана Уладзіміравіча Радзіонава і камбайнера Леаніда Пятровіча Шкрадзюка ўдастоены ганаровага 3-га месца сярод маладзёжных экіпажаў сельгаспрадпрыемстваў (на фота ўверсе).
Вадзіцелю Леаніду Кліменцьевічу Вайтовічу прысуджана 2 месца ў раённым спаборніцтве сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку зерня ад камбайнаў, а вадзіцелю Мікалаю Усеваладавічу Крусіру — 3 месца ў дадзенай катэгорыі.
Добра папрацавалі сёлета і аператары зернесушыльнага комплексу гаспадаркі Сяргей Мікалаевіч Кавалёў, Мікалай Вячаслававіч Гарбакоў і Міхаіл Мікалаевіч Дзяркач, на рахунку якіх 2389,4 тон дапрацаванага зерня. Па выніках раённага спаборніцтва іх працоўнае звяно ўдастоена 3-га месца.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.