Агракамбінат КХП — у тройцы лідараў
У тройку гаспадарак-лідараў (3 месца) па выніках жніва ўвайшоў і філіял “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”, які з нядаўняга часу ўзначальвае А.А. Атрохаў (на фота).
У размове пра сёлетні ўраджай збажыны Аляксандр Аляксандравіч з павагай гаворыць пра сабраны хлеб, аднак заўважае, што атрыманыя вынікі не дацягнулі да тых, на якія ў гаспадарцы разлічвалі. І прычына, па яго словах, не ў кліматычных умовах — было прадказальнае, звыклае для Беларусі надвор’е — а ў недастатковасці непасрэдна для земляў іх філіяла агратэхнічных мерапрыемстваў. Зямлю, як заўважае Аляксандр Атрохаў, не падманеш. Маючы багаты вопыт работы ў гаспадарцы з больш пладародлівай зямлёй, кіраўнік “Агракамбіната” упэўнены, што там на добры ўраджай можна выйсці, у некаторай ступені, і за кошт гэтага фактару. Землям жа з нізкай пладародлівасцю без мінеральных угнаенняў ніяк не абыйсціся. Прычым, разавага альбо частковага іх унясення недастаткова. Каб атрымаць добры ўраджай, патрэбна выкананне поўнага комплексу рэкамендуемых навукоўцамі мерапрыемстваў па ўнясенні мінералаў. А гэта, як вядома, немалыя грошы, якіх не дастае. Асабліва з улікам таго, што ў філіяле адной толькі раллі болей за 8 тысяч га, усяго ж зямлі каля 20 тыс. га. Мінеральных угнаенняў змаглі ўнесці толькі на трэць ад патрэбы.
Што датычыцца людзей, якія на працягу года займаліся вырошчваннем хлябоў, а затым іх зборам, то тут, па словах Аляксандра Атрохава, нараканняў аніякіх. Калектыў філіяла працавіты, зладжаны, нацэлены на дасягненне высокіх паказчыкаў, якія, ён упэўнены, абавязкова будуць. З асаблівай ўдзячнасцю дырэктар сельгаспрадпрыемства гаворыць пра людзей, на чые плечы выпаў асноўны цяжар жніва — экіпажы зернеўборачных камбайнаў пад кіраўніцтвам Віталія Васільевіча Баранава, Сяргея Аляксандравіча Пархімчыка, Юрыя Уладзіміравіча Кузняцова, пра вадзіцеляў МАЗаў, якія былі заняты на перавозцы зерня, — Юрыя Анатольевіча Лавіцкага, Яўгена Мікалаевіча Юрчанку, і выказвае шчырыя словы падзякі ўсім, хто меў дачыненне да сёлетняй уборкі збажыны.
Алена КАРПЕНКА. Фота Алеся КРАСАВІНА.