Темы

Родным Бортнікам і «Гіганту» адданы

Родным Бортнікам  і «Гіганту» адданы

Не маючы мэты нікога пакрыўдзіць, усё ж заўважу, што з гадамі людзей, для якіх сельскагаспадарчая вытворчасць — не толькі сродак для існавання, сумленнае выкананне прафесійных абавязкаў, але лад жыцця і ягоны сэнс, становіцца меней. Не бяруся нават сцвярджаць — кепска гэта ці добра для саміх людзей: і тое, і другое можна падвергнуць сумненню… А вось што яны — сапраўдная знаходка для калектыву, гаспадаркі, населенага пункта, дзе працуюць і жывуць, сумнявацца не даводзіцца.

Мой суразмоўца Мікалай Аляксандравіч Сакун якраз такі чалавек. Родным Бортнікам і “Гіганту”, дзе нарадзіўся і на працягу не аднаго дзясятка год з’яўляецца намеснікам старшыні гаспадаркі, — адданы спаўна. І пацягнуліся нітачкі такой трывалай узаемасувязі не з ягоным прыходам у гаспадарку (працоўны стаж без малога 40 год), а, як цяпер упэўнены Мікалай Аляксандравіч, значна раней — з часу бацькавага кіравання калгасам, з яго штодзённых клопатаў пра гаспадарку і зямлю.

Я незнарок падкрэсліла “цяпер упэўнены”, бо на пачатку свайго стаўлення як дарослага чалавека, які шукаў дарогу ў жыцці, Мікалай Сакун марыў пра іншы прафесійны напрамак — спартыўны. З дзяцінства захапляючыся гульнёвымі відамі спорту, маючы для гэтага выдатныя фізічныя дадзеныя, Коля Сакун быў упэўнены — жаданне і намаганні, каб яго рэалізаваць, абавязкова прывядуць у вялікі спорт.

— Хто ведае — можа б так і сталася, — з усмешкай заўважае мой суразмоўца. — Занадта я быў улюбёны ў спорт. Да 40 год быў пастаянным удзельнікам спартыўных мерапрыемстваў. Ды што казаць — і цяпер на гэта “хварэю”, спартыўны тэлеканал гляджу пастаянна.

А тады лёс (не без удзелу бабулі Яфіміі і матулі Марыі) павярнуў інакш. Пасля заканчэння Міхалёўскай школы (у Бортніках была васьмігодка) Мікалай Сакун паступіў на вячэрняе аддзяленне інжынернага факультэта Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута. Але ўжо і год вучобы даў яскрава зразумець, што гэта не тое, з чым яму б хацелася звязаць жыццё. Таму пасля службы, якую нёс у пагранічных войсках пад Адэсай, вучобу ў “машынцы” вырашыў не працягваць. Адразу пасля арміі былі прапановы на службу ва ўнутраныя войскі, але і іх мой субяседнік не выкарыстаў, маўляў: калі не ляжыць душа, то і спрабаваць не варта. Але ж трэба было вызначацца ў прафесійным плане. Тым болей што здарылася няшчасце з баць­кам: цяжкая хвароба, якую дыягнаставалі медыкі, не давала шанцаў на жыццё. Пайшоў з яго Аляксандр Аляксандравіч Сакун, на працягу 10 год — старшыня калгаса “Гігант”, зусім рана, у 49-гадовым узросце. І менавіта бацькаў намеснік, Аляксандр Прадко, параіў Мікалаю не шукаць шчасця недзе далёка, а прысвяціць сябе малой ра­дзіме, прадоўжыць бацькаў клопат пра зямлю. Так Мікалай Сакун стаў студэнтам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. У хуткім часе стварыў і сям’ю — у жонкі выбраў дзяўчыну з Міхалёва. Вяселля маладыя не гулялі, проста зарэгістравалі ў сельвыканкаме шлюб, але гэтая акалічнасць, як прызнаецца Мікалай Аляксандравіч, не перашкодзіла ім быць шчаслівымі. Адзін за адным у сям’і нарадзіліся дзеці. Праўда, гэта было крыху пазней…

А тады пасля заканчэння вучобы Мікалай Сакун вярнуўся маладым спецыялістам у “Гігант”. Галоўным бухгалтарам гаспадаркі на той час працавала Валянціна Іванаўна Бабкова, пра якую мой субяседнік гаворыць з вялікай цеплынёй і ўдзяч­насцю. Менавіта гэтая жанчына стала яго прафесійным настаўнікам. З часам пасаду галоўнага бухгалтара даверылі яму. А з 1986 года — пасля таго як калгас узначаліў Міхаіл Пятровіч Левакоў, герой аповеду стаў ягоным намеснікам, нязменным памочнікам у справах гаспадаркі. Зрэшты, знаёмства маладых людзей адбылося яшчэ ў акадэміі. У тагачасным “Гіганце” Мікалай Сакун адносна змог рэалізаваць і свае спартыўныя магчымасці.

— Калектыў у нас быў малады, энергічны, здольны як да працы, так і да актыўнага адпачынку, — заўважае субяседнік. — Да пачатку дзевяностых гадоў у клубе в. Бірчы была доб­рая спартыўная зала. Там мы займаліся самі і арганізоўвалі спартакіяды сярод калгасаў, звычайна па 8-мі відах спорту. Кожная гаспадарка рабіла ўнёсак у прызавы фонд. Набывалі граматы, кубкі для ўручэння, уладальнікаў прызавых месцаў заахвочвалі грашовымі прэміямі. Такія спартыўныя мерапрыемствы праводзіліся не тое што без усялякага прымусу — іх не маглі дачакацца!

Працоўнае жыццё Мікалая Сакуна і яго ўласнае настолькі цесна перапляліся і зрасліся ў адзінае цэлае, што ў размовах пра сябе ён незнарок ізноўку пераходзіць на калгас. Прычым, за кожным успамінам-выразам — гонар за гаспадарку, павага да людзей, якія тут працавалі і працуюць, клопат і любоў да малой радзімы, да зямлі — асновы дабрабыту мясцовых жыхароў. Бортнікаўскі калгас, па словах Мікалая Сакуна, і заўсёды вылучаўся трываласцю ў раёне, а з прыходам Міхаіла Левакова значна падняў свае вытворчыя і эканамічныя паказчыкі. Ужо ў першыя гады работы новага кіраўніка “Гігант” на ўласныя сродкі заасфальтаваў дарогі ў Бортніках і навакольных вёсках, пабудаваў школу-дзесяцігодку (грошы на будыніну дзяржава пазней вярнула). На час “развалу” Савецкага Саюза на калгасным рахунку мелася ні многа ні мала — 6 мільёнаў свабодных грошай!

— Нягледзячы на тое што бортнікаўскага насельніцтва на той час было значна болей, — разважае намеснік старшыні, — у калгасе працавала звыш 900 чалавек (цяпер каля 300), аб’ёмы прадукцыі “Гігант” значна павялічыў: людзей замяніла энерганасычаная, высокавытворчая тэхніка.

За 60 пражытых год (22 мая мой суразмоўца адзначыў юбілейную дату) Мікалай Сакун, як прызнаецца, быў не так і шмат дзе — некалькі разоў адпачываў у санаторыях, у савецкі час ездзіў на ВДНГ у Маскву, у турпаездку па Германіі і Чэхаславакіі, быў студэнтам у Чэхаславакіі па абмену вопытам, у Польшчы на фестывалі народнай творчасці разам з мясцовым самадзейным калектывам. Не прылічваючы сябе да заядлых вандроўнікаў, герой аповеду ўсё ж сумуе па колішняй магчымасці бесперашкодна наведвацца ў любую кропку былога Саюза, адчувае настальгію па велічы СССР, па братэрскіх адносінах паміж рэспуб­лікамі-сёстрамі…

Станоўча адносячыся да эканамічнага ўзбуйнення гаспадарак, Мікалай Аляксандравіч з вышыні пражытых гадоў, набытага вопыту, жыццёвых назіранняў (дзед быў аднаасобнікам, бацька — калгаснікам-актывіс­там) і схільнасці да аналізу і разважанняў усё ж лічыць, што бесперашкоднае права на існаванне, у асаблівасці на вёсцы, павінны мець розныя ўклады гаспадарання — дзяржаўныя і прыватныя, вялікія прадпрыемствы і малыя. Галоўнае, каб яны былі прыбытковымі, садзейнічалі ініцыятыве работніка, зацікаўленасці чалавека ў выніках працы: давалі яму магчымасць нармальна зарабляць, прафесійна рэалізавацца — развівалі сельскі населены пункт, рабілі яго больш прывабным для жыцця.

Самога ж Мікалая Сакуна радуе кожная дэталь абнаўлення бортнікаўскай зямлі. З прыемнасцю адзначае, што не пустуе бацькаўшчына: сын Мікалай аднавіў дзедаў дом і выкарыс­тоўвае з сям’ёй пад дачу. З гонарам гаворыць ён пра магчымасці будучага камбікормавага завода — буйнога інвестыцыйнага праекта, рэалізацыя якога запланавана на сёлетні год, пра сур’ёзныя папярэднія ўкладанні гаспадаркі — два заводы па дапрацоўцы насення, адно з найбуйнейшых у краіне бульба­сховішчаў, сучасны машынна-трактарны парк. Мікалай Сакун верыць — наперадзе ў яго родных Бортнікаў і “Гіганта” шмат слаўных, пераможных старонак.

Алена КАРПЕНКА.
Фота з сямейнага архіву.

Последние новости

Общество

В фокусе внимания – Глушанский сельсовет

17 июля 2026
Читать новость
Общество

Хватит ли баллов, чтобы поступить? Рассказываем, как проходит приемная кампания в вузах страны

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Мониторинг «БелГИЭ»: МТС подтвердил лидерство по качеству связи в Республике Беларусь

17 июля 2026
Читать новость
Происшествия и безопасность

ГАИ просит отозваться очевидцев ДТП

17 июля 2026
Читать новость
Общество

19 июля пройдет традиционный крестный ход, посвященный престольному празднику Ризоположенского храма аг. Горбацевичи

17 июля 2026
Читать новость
Общество

18 июля в Бобруйском райисполкоме проведет прямую телефонную линию Марина Тарелкина

17 июля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем