У «Харчавіку-Агра» убіраюць сурэпіцу
У філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік” убіраць азімую сурэпіцу, вырошчваннем якой гаспадарка займаецца ўпершыню, пачалі ў чацвер а 15-й гадзіне.
Пры ўмове спрыяльнага надвор’я тыя 20 гектараў, што засеяны на зерне, за два дні ў філіяле разлічвалі ўбраць. Тым болей што даверылі гэтую адказную работу лепшаму, як адзначыў дырэктар Міхаіл Стрыжэўскі, механізатару — Уладзіміру Юшкевічу (на здымку). Камбайн “Палессе”, якім вопытны трактарыст запраўляе, спаўна адпавядае ўсім вытворчым патрабаванням. Аснашчанасць яго кандыцыянерам робіць працэс уборкі для Юшкевіча камфортным нават у самую вялікую спякоту (на тэрмометры ў дзень уборкі значылася ўсе 32 градусы).
Зерне на ўчастку, што ўбіралі першым, па словах дырэктара, дробнае: не хапіла вільгаці, каб наліцца. Аднак і яму знойдзецца прымяненне — частка зерня будзе адабрана на насенне, астатняе пойдзе на перапрацоўку.
Зрэшты, азімая сурэпіца, якую ўбіраюць на зерне — толькі частка ад той, што сеялі ў гаспадарцы. Яшчэ 60 га ўбралі ўвесну на зялёны корм жывёле. Поле, на якім расла культура, засеялі яравым аўсом і ў гэтым годзе разлічваюць узяць з яго яшчэ адзін ураджай (прадукцыі каля 350 ц/га), пры мінімальных укладаннях.
Раённы клін, адведзены пад азімую сурэпіцу на зерне, складае 400 га. Культура выспявае раней іншых зерневых і на гэты час ужо гатовая да ўборкі. У блішэйшыя дні ва ўборку ўключацца і іншыя гаспадаркі.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.