З чым грамадзяне звярталіся да ўлады?

Што турбуе жыхароў раёна? З якімі пытаннямі звярталіся яны ў райвыканкам, а магчыма, і да вышэйшай улады, у першым квартале сёлетняга года? Ці заўсёды звароты і скаргі грамадзян былі абаснаванымі? На гэтыя і іншыя пытанні мы папрасілі адказаць начальніка аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Наталлю Тропіну.

Наталля Генадзьеўна, параўноўваючы з аналагічным перыядам мінулага года, пабольшала ці, наадварот, зменшылася зваротаў грамадзян?

— Пабольшала і прыкметна. Па стану на 1 красавіка сёлетняга года іх паступіла 69, у мінулым годзе за гэты перыяд — на 20 (40%) меней. Прычым з усіх зваротаў, што паступілі, 9 задаволена, па 32-х былі да­дзены тлумачэнні, у тым ліку і падчас правядзення прадстаўнікамі ўлады асабістых прыёмаў. 5 зваротаў пераадрасаваны для вывучэння кампетэнтным службам, 1 зварот знаходзіцца на кантролі, 18 — на выкананні (тэрмін іх разгляду не скончыўся). У адносінах да 5-ці зваротаў прынята рашэнне адмовіць.

Грамадзяне ў асноўным пісалі ці звярталіся вусна?

— Пераважная частка зваротаў (46%) паступіла ў пісьмовай форме, 35% — вусных і 19% — электронныя. Прычым, апошніх у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года значна пабольшала. Калектыўных зваротаў не паступала (у мінулым годзе — 4), паўторных — адзін і той неабаснаваны.

А, увогуле, якіх сфер жыццядзейнасці тычыліся звароты?

— Найбольшая іх частка традыцыйна тычылася камунальна-бытавых пытанняў і добраўпарадкавання, працы і зарплаты, землеўпарадкавання і фінансавых. Сярод першых — спілаванне дрэў, функцыянаванне вулічнага асвятлення, рамонт накрыцця, каналізацыі, налічэнне платы за аказанне паслуг па вывазе цвёрдых камунальных адходаў. Варта адзначыць, што частка такіх зваротаў абумоўлена недахопам фінансавання на выкананне работ па капітальным і цякучым рамонце жылых дамоў, добраўпарадкаванні дарог, вуліц і дваровых тэрыторый.

Пры гэтым сёлета зменшылася колькасць зваротаў па жыллёвых пытаннях, архітэктуры і будаўніцтва, але павялічылася па пытаннях працы і зарплаты, фінансавых пытаннях. Пры гэтым для рашэння пытанняў працаўладкавання грамадзян 29 сакавіка ў райвыканкаме быў арганізаваны “Кірмаш вакансій” з удзелам прадстаўнікоў арганізацый, падчас якога людзям, якія звярталіся, прапаноўваліся вакансіі ў адпаведнасці з іх кваліфікацыяй. Звароты па фінансавых пытаннях у асноўным датычыліся налічэння збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў згодна Дэ­к­рэта №3 і вызвалення ад яго платы, аказання матэрыяльнай дапамогі, платы за зямельны падатак.

Ці звярталіся грамадзяне за вырашэннем сваіх праблем у вышэйшыя органы ўлады? Якіх бакоў жыцця тычыліся пытанні і ці шукалася іх вырашэнне ў рай- сельвыканкамах?

— Звярталіся. Такіх зваротаў было 8 — удвая болей, чым за 1 квартал мінулага года. Амаль усе яны былі накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэс­публікі Беларусь. Пытанні былі розныя: адносна аказання матэрыяльнай дапамогі, налічэння збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў, афармлення догляду за інвалідам або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, налічэння зарплаты, выдзялення зямельняга ўчастка, працаўладкавання, падключэння тэлефона. Без сумнення, усе яны маглі б быць вырашаны на месцы, аднак ні перад сельвыканкамам, ні перад райвыканкамам грамадзяне іх не ставілі.

Ці можна ў гэтым выпадку гаварыць пра недавер мясцовым уладам?

— Упэўнена, не. Проста некаторыя грамадзяне памылкова лічаць, што чым вышэй паскардзяцца, тым хутчэй іх праб­лема вырашыцца. Да таго ж, ёсць катэгорыя грамадзян, якая імкнецца вырашыць такім чынам асабістыя пытанні, не маючы на тое законных падстаў.

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.


Асобным радком

Плаціць за вываз смецця трэба ўсім

Як было сказана вышэй, адзін з найбольш частых зваротаў датычыцца налічэння платы за аказанне паслуг па вывазе цвёрдых камунальных адходаў. Людзі скардзяцца, што не маючы з імі дагавораў на выкананне гэтай паслугі, “Жылкамгас” патрабуе за яе плаціць. Якія для гэтага падставы?

— Справа ў тым, што такая паслуга, як зварот з цвёрдымі камунальнымі адходамі, у адпаведнасці з арт. 29 Жыллёвага кодэксу Рэс­публікі Беларусь, адносіцца да ліку асноўных жыллёва- камунальных паслуг. Тыповы дагавор на яе аказанне з аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў зацверджаны Пастановай Саўміна ад 27 студзеня 2009 г. №99. Дадзены від дагавору, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 2008 г. “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг”, з’яўляецца публічным, а таму, незалежна ад факту яго заключэння, плата за дадзеную асноўную жыллёва-камунальную паслугу наліч­ваецца. Пры гэтым адмова ад заключэння дагавору не вызваляе ўласнікаў жылых і нежылых памяшканняў, у тым ліку ўласнікаў блакіраваных і аднакватэрных жылых дамоў, ад унясення платы за фактычна аказаныя асноўныя паслугі. Пры гэтым, у адпаведнасці з ­п. 52 Пастановы Савета Міністраў ад 12 чэрвеня 2014 г. №571 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыс­танне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду”, уласнік жылога памяшкання, у якім адсутніча­юць зарэгістраваныя па месцы жыхарства грамадзяне, абавязаны ўносіць плату за зварот з цвёрдымі камунальнымі адходамі, сыходзячы з нарматыву іх стварэння на аднаго плацельшчыка па субсі­дзіруемых тарыфах для насельніцт­ва.

Зрэшты, гэтая інфармацыя даводзіцца да насельніцтва у тым ліку і праз СМІ, аднак грамадзяне па-ранейшаму звяртаюцца ў райвыканкам па пытаннях нязгоды з аплатай за вываз смецця, спажытую электраэнергію.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.