Пашана за працу
Веснавая сяўба ў раёне працягваецца. Час для работнікаў палёў надзвычай напружаны, бо патрабуе ад іх поўнай выкладкі — фізічнай і маральнай сканцэнтраванасці.
У мэтах аддзячыць членаў прафсаюза за працу, добрымі словамі і шчырымі пажаданнямі натхніць на перамогу ў раённым спаборніцтве, да механізатараў, на чыім рахунку найбольшая колькасць засеяных гектараў, выязджаюць прадстаўнікі прафсаюза работнікаў АПК і ўручаюць перадавікам вытворчасці ўзнагароды і сувеніры на памяць.
У панядзелак на гэтым тыдні такой узнагароды ўдастоіўся механізатар Бабруйскага ААТ “Аграмашсервіс” Сяргей Нерушаў, які на трактары МТЗ-3022 у агрэгаце з АКПМ-6 пасеяў 640 га ранняй ярыны. Вымпел перадавіка раённага спаборніцтва, пераходзячы чырвоны сцяжок і каштоўны падарунак лепшаму сейбіту ўручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Феднеў.
У гэты час механізатар займаўся пасевам яравога рапсу на полі паблізу аг. Хімы. “Надвор’е не сказаць каб надта грэла, — заўважае Сяргей Дзмітрыевіч, — але яшчэ як сагравае надзея на добры ўраджай”.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.