Абмеркавалі гатоўнасць тэхнікі
Уся ўвага на гэтую пару да сельгастэхнікі, якая вось-вось павінна будзе выйсці ў поле. Наколькі яна падрыхтавана да веснавых работ — гэтае пытанне абмеркавалі на пачатку тыдня ў райвыканкаме, на рабочай нарадзе з удзелам кіраўніка раёна Паўла Найдзёна. Удзел у мерапрыемстве прынялі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама кіраўнікі, галоўныя аграномы і інжынеры сельгасарганізацый.
Як адзначыў начальнік вытворчага аддзела райсельгасхарчу Яўген Бярозкін, увага падчас нарады надавалася ўсім бакам падрыхтоўкі: фарміраванню лінейкі гатоўнасці, наяўнасці актаў гатоўнасці, выкананню рамонту трактарных рухавікоў на спецпрадпрыемствах, фінансаванню рамонтных работ у гаспадарках з найбольш складаным эканамічным становішчам і г. д. Шмат увагі надавалася бяспецы дарожнага руху падчас выканання палявых работ, быў зроблены аналіз учыненых раней парушэнняў. Заакцэнтавана ўвага на арганізацыі медкантролю за станам работнікаў, якія кіруюць тэхнікай, разгледжана арганізацыя ўліку ў гаспадарках гаруча-змазачных матэрыялаў, фарміраванне сістэм маніторынгу — устаноўка датчыкаў кантролю паліва, пытанне ўліку захаванасці тэхнікі і інш.
Алена КАРПЕНКА.