Што пасееш — тое і пажнеш

На календары — канец лістапада. Здавалася б, пра веснавую сяўбу ­дбаць рана, але сапраўдныя земляробы ўпэўнены — клапаціцца пра насенне трэба ўжо цяпер. У тым, што правалока ў гэтай справе недапу­шчальна, упэўнены і спецыялісты раённай інспекцыі па насенневодстве, каранціне і ахове раслін, у прыватнасці дырэктар установы ­С.А. Казяба. З ім мы сустрэліся, каб пацікавіцца станам раённага насеннага фонду і тым, якая работа ў дачыненні яго гэтым часам вядзецца.

img_2105Сяргей Анатольевіч, пад сяўбу ярыны наступнага года колькі насення збажыны патрабуецца і колькі маецца?

— Пад пасяўныя плошчы, што ў раёне запланаваны, неабходна 2690 т насення зерневых і зернебабовых культур, у тым ліку 200 т — пшаніцы, 935 — ячменю, 413 — аўсу і 1124 т зернебабовых. Згаданыя аб’ёмы ў раёне маюцца. Гэтым часам вядзецца іх ачыстка ад пустазелля і прымясяў. Зрэшты, у СВК “Гігант”, філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, ААТ “Саўгас Кісялевічы”, ЗАТ “Птушкафабрыка “Вішнёўка” з гэтай задачай ужо справіліся. У кожнай з гэтых гаспадарак сфарміравана партыя насення, пробы з якой дастаўлены ў нашую інспекцыю для праверкі і аналізу на прадмет пасяўных якасцей — усходжасці, утрымання вільгаці і інш.

Цікава, як ва ўмовах установы правяраеце тую ж самую ўсходжасць?

— Для гэтага высейваем 4 сотні зярнятак і адводзім тыдзень на іх прарошчванне. Падлічваем, колькі ўзышло. Для кандыцыйнага насення менавіта зерневых дапушчальны паказчык — не ніжэй 90%. Калі ён такі, выдаем гаспадарцы пісьмовае заключэнне аб кандыцыйнасці насення. Калі ніжэйшы, адводзім на прарошчванне яшчэ тры дні. Пры станоўчых зменах — пацвярджаем апошняе дакументальна. Такім чынам максімальны тэрмін аналізу на ўсходжасць — 10 дзён.

Сельгасарганізацыі, дзе ачыстку насення зерневых і зернебабовых завяршылі, ужо даставілі матэрыял для проб у інспекцыю?

— Па апошніх дадзеных, на праверку паступіла 1 204 т насення, што складае амаль палову ад патрэбы. З іх 704 т (26%) цалкам праверана — пакуль усё насенне кандыцыйнае. Гаспадаркам выдалі дакументы.
— Да вясны яшчэ далёка — паўторна правяраць насенны матэрыял не бу­дзеце?

— Дакумент выдаем на 5 месяцаў. Гэта той час, калі, па меркаваннях навукоўцаў, насенне не мяняе сваіх пасяўных якасцей. Калі ж ад часу праверкі да сяўбы перыяд атрымліваецца большы, робіцца новая праверка. Прычым, правяраецца насенне ўжо не на ўсе якасці, а толькі на ўсходжасць і вільготнасць.

Аналізы для сельгас­арганізацый платныя?

— Так. Другі год, як усе паслугі інспекцыі платныя. Таму ў гаспадарках імкнуцца разлічыць час атрымання дакумента аб кандыцыйнасці такім чынам, каб укласціся ў веснавыя месяцы і паўторны аналіз не рабіць. З іншага боку, у тым жа “Харчавіку” насенне праверылі, дакумент атрымалі і, як кажуць, забыліся на гэта. Тым болей, што да 15 снежня насенне зерневых і зернебабовых павінна быць ачышчана і праверана ва ўсіх без выключэння гаспадарках. З улікам таго, што аналізы займаюць не адзін дзень, гэтае пытанне яны павінны трымаць на кант­ролі.

Ачыстку насення ў сельгасарганізацыях выконваюць уласнымі намаганнямі?

— Зерневыя і зернебабовыя чысцяць самі. У адных для гэтага ёсць спецыяльныя лініі, у другіх — машыны, у “Гіганце” — насенны завод з сучасным абсталяваннем. А вось травы часткова ачышчаюць на спецыялізаваным прадпрыемстве “Насенне траў” у Магілёве. Тэрмін іх ачысткі і праверкі некалькі пазнейшы — да 1 сакавіка.

Гэтага насення ў раёне таксама дастаткова?

— Не зусім. З-за ўмоў надвор’я, якое ў апошнія гады ўсталявалася, раёну не ўдаецца назапасіць пад поўную патрэбу ўласнага насення траў. Насаджаныя ў папярэднія гады насеннікі — дзе цалкам, дзе часткова, пагарэлі, таму траву пры­дзецца набываць. Спадзяемся, што ў наступным го­дзе сітуацыя зменіцца ў лепшы бок. У тым жа “Гіганце” сёлета заклалі болей за 400 га насеннікаў і цяпер галоўнае, каб яны добра перазімавалі і выспелі. Тут жа адзначу, што ў раёне сёлета нядрэнны ўраджай проса — намалочана каля 450 т вораху, з якога плануецца атрымаць звыш 200 т чыс­тага насення. Проса выкарыстоўваецца на зялёную масу. Культура багатая на цукар, таму добра падыходзіць для травяных кармоў. За кошт яе гаспадаркі на наступны год змогуць папаўніць свае кармавыя базы.

Аграном-аналітык інспекцыі Ж.С. Каравай падчас вызначэння якасці пробы насення
Аграном-аналітык інспекцыі Ж.С. Каравай падчас вызначэння якасці пробы насення

Тое ж самае можна сказаць пра сурэпіцу, насенне якой таксама сабралі, і багатую на харчовыя рэчывы траву райграс адналетні. 7 т чыстага насення райграсу, якія ў раёне маюцца — не так і шмат, але будуць выкарыс­таны для размнажэння культуры.

Што можаце сказаць пра рэпрадукцыйны склад насення ярыны?

— Рэпрадукцыйны склад якраз-такі нядрэнны: 15 т насення зерневых у нас засыпана ў пітомнікі размнажэння, маецца больш за 200 т суперэліты, 200 т эліты, 1259 т насення 1 рэпрадукцыі, крыху болей за 600 — другой, 110 — трэцяй, наступных — каля 400 т. Трэцяя і наступныя рэпрадукцыі — гэта насенне зернебабовых. З улікам дэфіцыту апошняга дапус­каецца выкарыстанне і насення больш нізкіх рэпрадукцый. Пасевы з яго выкарыстоўваюцца на корм жывёле.

Дзякуй, Сяргей Анатольевіч, за размову.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.