Накарміць жывёлу правільна

Спрадвечная задача аграрыяў — накарміць жывёлу — абумоўлена на сучасным этапе не менш важным патрабаваннем — накарміць правільна. І калі пра неабходнасць балансаваць рацыёны па асноўных спажыўных рэчывах у гаспадарках даўно ведаюць — іншая справа, наколькі адказна да гэтага падыходзяць — то тое, што аснову корму дойнага статку павінны складаць не сена, сілас ці сянаж у чыстым выглядзе, як гэта было раней, а кормасумясь, — некаторыя толькі пачынаюць засвойваць.

img_6000687655Таму мэтай нарады, якая прайшла ў аўторак на базе філіялу “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік” з удзелам в. а. намесніка начальніка райсельгасхарчу Аляксандра Кісялёва і намесніка дырэктара ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” Барыса Клешчукевіча, было данесці да кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый аб выключнай неабходнасці выкарыстоўваць для корму рагуль кормасумясь, здольную значна павялічыць надоі, расказаць і паказаць, як гэта рабіць правільна, з улікам тэхналагічных патрабаванняў.

Нарада прайшла ў “Харчавіку-Агра” незнарок — у гаспадарцы тэхналогію змешвання сена ці саломы з сенажом і сіласам не толькі апрабавалі — да яе прызвычаіліся і дзякуючы гэтаму маюць станоўчыя вынікі. Сёння па ўдоях малака, як адзначыў дырэктар Міхаіл Стрыжэўскі, філіял плюсуе 3,2 літры на карову. Дойны статак у параўнанні з мінулым годам у гаспадарцы не змяніўся, а вось корму нарыхтавалі болей — 46,2 ц к. адз. на ўмоўную галаву, і цяпер задача — правільна з ім абысціся. Для гэтага гаспадарка набыла сучасны корма­змешвальнік-раздатчык Казіміраўскага вопытна-­эксперыментальнага завода (на фота) і на пляцоўцы фермы Цялуша рыхтуе паўнавартасную кормасумясь для ўсяго пагалоўя рагуль, у тым ліку на фермы Ступяні і Савічы. Па меркаваннях Міхаіла Стрыжэўскага, нядрэнную пазіцыю ў раёне па вытворчасці малака гаспадарка трымае менавіта з-за выкарыстання кормасумясі. Пры яе прыгатаванні тут строга вытрымліваюць прапорцыі кожнага складаючага і парадак яго закладкі ў корма­змешвальнік. Неабходная для гэтага інфармацыя, як было адзначана, маецца ва ўсіх, хто задзейнічаны ў працэсе прыгатавання кормасумясі. Па­дзяліліся спецыялісты філіялу і некаторымі, набытымі за час эксплуатацыі корма­змешвальніка, парадамі і падыходамі. У прыватнасці, каб аблегчыць работу машыны і не дапус­ціць яе нятаннага рамонту, сена і салому тут здрабняць зага­дзя, у кормазмешвальніку апошнія толькі дапрацоўваюцца. Салому для кормасумясі неабходна выкарыстоўваць выключна якасную, таму перад здрабненнем верхнюю частку цюка неабходна здымаць.

img_6000687659Барыс Клешчукевіч звярнуў увагу на тое, што выкарыстанне менавіта саломы пры гатаванні кормасумясі проста неабходна. І справа тут у першую чаргу ва ўз­дзеянні гэтага травянога корму на страўнік жывёлы, садзеянне спраўнай рабоце рубца, якая ў канчатковым выніку прыводзіць да павелічэння ўдояў. За суткі, як было адзначана, рагуля павінна спажываць да 4 кг саломы, пры гэтым выключ­на якаснай. Таму клапаціцца пра яе назапашванне спецыяльна для дадзеных мэт неабходна ўжо з лета.

У хляве па раздойванні кароў увага ўдзельнікаў нарады была скіравана на спакойныя паводзіны жывёлы ў час кармлення — раўнамерна змешаны травяны корм не прымушаў рагуль штурхацца, шукаць лепшы “кавалак”, што таксама станоўча сказваецца на ўдоях.

Падагульняючы работу семінару, Аляксандр Кісялёў выказаў спадзяванне, што да пачутага і пабачанага ў гаспадарках падыдуць самым сур’ёзным чынам і станоўчы вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. Зрэшты, гэта ў інтарэсах найперш саміх сельгасвытворцаў.

Тэкст і фота Алены КАРПЕНКІ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.