Тамара Сакава: “Прафесіяй трэба быць апантаным”

Сутыкнуцца блізка з Тамарай Аляксандраўнай Сакавай па роду сваёй прафесійнай дзейнасці не давялося: бухгалтарская справа не навідавоку, пазбаўлена, калі можна так выразіцца, пафасу і гераічнасці, хоць пераацаніць яе значнасць цяжка. Таму ад самага пачатку размовы з колішнім галоўным бухгалтарам райсельгасхарча (з нядаўняга часу Тамара Аляксандраўна на заслужаным адпачынку) не пакідае пачуццё, што перада мной настаўнік.

170820113644Прычына не толькі ў сакавітай мове маёй субяседніцы, у добра пастаўленым маўленні і ўменні проста і даступна тлумачыць, раскладваць інфармацыю “па палічках”, але ва ўзрушанасці яе голасу, у шырыні кругагляду, рамантычнасці натуры, якая ўгадваецца нават і тады, калі гаворка ідзе пра сур’ёзнае. З цягам размовы разумею, што мае адчуванні небезпадстаўныя. Тамара Аляксандраўна сапраўды мае дачыненне да педагогікі. З усмешкай заўважае, як яе школьныя хоцімскія (адтуль родам) настаўнікі ледзь не плакалі, калі дазналіся, што яна — нашчадак шасці пакаленняў педагогаў і сама прыроджаны педагог з літаратурнымі задаткамі і інтарэсамі, раптам вырашыла стаць эканамістам. Чаму так сталася? Усё аказалася проста — прывыкла ставіць для сябе высокія планкі. Атрымаўшы разам з атэстатам аб заканчэнні школы залаты медаль, працалюбівая і мэтанакіраваная выпускніца захацела даказаць (і найперш сабе), што здольная паступіць не толькі ў педагагічны, але і ў болей прэстыжны інстытут народнай гаспадаркі. Так, зрэшты, і сталася. Праз пяць год да школьнага атэстата далучыўся дыплом эканаміста.

Між тым непасрэдна па набытай спецыяльнасці Тамара Сакава працавала няшмат — не працяглы час у якасці маладога спецыяліста ў адной з гаспадарак Клічаўскага раёна і па сумяшчэнні з галоўным бухгалтарам акурат перад выхадам на пенсію. Асноўная ж яе прафесійная дзейнасць была звязана з бухгалтарскай справай. Яе распачала пасадай галоўнага бухгалтара фінансавага аддзела Клічаўскага райвыканкама. А першым працоўным месцам на Бабруйшчыне, куды маладая сям’я пераехала ў 1983 годзе ў сувязі з сямейнымі абставінамі, стаў фінаддзел мясцовага райвыканкама і таксама пасада галоўнага бухгалтара. Працуючы тут, Тамара Сакава зарэкамендавала сябе прагным да працы, кампетэнтным і адказным спецыялістам, які не пасуе перад праблемамі і цяжкасцямі, а імкнецца іх вырашаць і абавязкова знахо­дзіць шлях да гэтага. Таму, калі з часам ёй прапанавалі ўзначаліць бухгалтэрыю Бабруйскага райста, тагачасны галоўны бухгалтар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ф.П. Раманоўскі, будучы чалавекам дальнабачным і ў падборы кадраў прынцыповым, палічыў неабходным “пераняць” адказнага прафесіянала — прапанаваў Тамары Аляксандраўне пасаду рэвізора ў сваім аддзеле, а пасля і ўзначаліць бухгалтэрыю ўпраўлення. І вось тут якраз-такі спатрэбілася педагагічная жылка маёй суразмоўцы.

— Гэта цяпер бухгалтэрыя стала праграмнай, усе змены можна знайсці ў інтэрнэце, — заўважае Тамара Аляксандраўна. — А раней даводзілася ўсё ведаць, усё ўтрымліваць у памяці, дапамагаць з тэорыяй і практыкай спецыялістам сельгасарганізацый. Для гэтага пастаянна праводзіла вучобу з імі то ва ўпраўленні, то выязджаючы непасрэдна ў гаспадаркі.

Навучаючы іншых, Тамара Сакава і сама не спынялася на дасягнутых ведах. Пастаянна павышала іх на профільных курсах, з удзячнасцю пераймала вопыт старэйшых калег, прытрымлівалася прынцыпу — калі працаваць, то прафесійна. За што карысталася заслужаным аўтарытэтам сярод прафесіяналаў не толькі Бабруйшчыны, але і вобласці. Болей таго, не далей як пяць год таму, у мэтах пацвердзіць сваё прафесійнае майстэрства экс-галоўбух вытрымала няпросты іспыт у Мінфіне на атрыманне прэстыжнага дыплома аўдзітара.

— Недасведчанаму чалавеку бухгалтарская справа, магчыма, здаецца нецікавай і нескладанай, — заўважае Тамара Сакава. — Але гэта далёка не так. Кожная, нават дробная лічба, нясе вялікую вар­тасць і ў кантэксце іншых абавязкова павінна “сысціся”. Памылка, якой бы яна ні была, абавязкова выявіцца, а за яе — вялікая адказ­насць. Быць добрым бухгалтарам — значыць, быць апантаным сваёй прафесіяй, настойлівым і ўпартым у дасягненні мэты.

Тое, што Тамара Аляксандраўна была якраз такім бухгалтарам, з упэўненасцю пацвердзіць кожны, хто яе ведае, хто хоць калі сутыкаўся з ёй па рабоце. У сваю чаргу, сама яна, разважаючы пра працоўныя будні, з задавальненнем адзначае, што давялося працаваць з многімі цудоўнымі людзьмі, неабыякавымі да таго, як развіваецца раён. Самымі цёплымі словамі характарызуе яна цяперашні склад спецыялістаў райсельгасхарчу і надзвычай дзейснае, як яна адзначае, кіраўніцтва раёна і спадзяецца, што іх сумесныя намаганні не будуць дарэмнымі — абавязкова прывядуць да станоўчых вынікаў.

Чаму сама Тамара Сакава вырашыла сысці з прафесійнай дыстанцыі? Таму што ўпэўнена — дарогу трэба даваць маладым. У гэтым залог прагрэсу. А для сябе знайшла заняткі не меней прыцягальныя — часцей бываць у дачкі ў сталіцы, наведваць цікавыя месцы, болей часу бавіць з любімай унучкай, займацца фізкультурай, пра што здаўна марыла, перачытваць любімых аўтараў, знаёміцца з навінкамі літаратуры, кулінарыць… Займацца тым, на што раней не хапала часу і сіл, але без чаго чалавек не можа адчуваць усёй паўнаты жыцця і цалкам шчаслівым. А яна хоча і імкнецца да гэтага, тым болей што па праву заслужыла.

Алена КАРПЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.