Пераможца спаборніцтва на восеньскай сяўбе

У тым, што СВК “Гігант” у сёлетнім годзе прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва на восеньскай сяўбе і падняцці зяб­ліва сярод сельгасарганізацый і кіраўнікоў, якія забяспечылі якаснае правядзенне сяўбы азімых зерневых і азімага рапсу, нічога надзвычайнага: у гаспадарцы даўно зразумелі — каб мець ад працы эканамічны эфект, трэба працаваць. Не проста хадзіць на работу, а жыць ёю. Можа, і занадта пафасна, але менавіта так. Гэта жыццёвы прынцып кіраўніка гаспадаркі Міхаіла Левакова. Такога падыходу да работы вопытны старшыня патрабуе і ад падначаленых. Таму кожная сельскагаспадарчая кампанія тут праходзіць пры поўнай мабілізацыі людзей і тэхнікі. Незнарок галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Залужны падчас нашай з ім размовы з веданнем справы заўважыў: “На правядзенне сяўбы азімых і рапсу працавала нават даярка: арганіка ж адкуль?”.

0dscf704Між тым гаварыць пра паспяховасць восеньскай пасяўной кампаніі ў гаспадарцы не спяшаюцца: пакажа час. Сёлетні год для сяўбы азімых быў надзвычай складаны. У раслінаводстве шмат зале­жыць ад надвор’я. Праўда, чакаць апошняга з мора ў “гігантаўцаў” не прынята — у барацьбе за ўраджай цікаўныя да навуковых распрацовак спецыялісты імкнуцца апрабаваць новыя тэхналогіі. Азімы рапс, якога сёлета пасеялі 250 га і цалкам беларус­кай сялекцыі, унеслі ў глебу не выключна трыдыцыйным спосабам — у ворыва, а і часткова — пасля праходжання дыскатарам. З тым, каб з часам на практыцы прааналізаваць і на ўласным вопыце ўпэўніцца, якая з тэхналогій, пры якіх умовах здольна даць лепшы ўраджай.

Зрэшты, каб у вырошчванні культуры быць меней залежнымі ад надвор’я, тут плану­юць набыць спецыяльна прызначанае для гэтых мэт абсталяванне.

Вялікую значнасць у гаспадарцы надаюць падняццю зяб­ліва — адной са складаючых залогу ўраджаю ярыны. Таму традыцыйна ворывам з восені, як таго і патрабуе тэхналогія, ахопліваюць усе неабходныя пасяўныя плошчы. Сёлетні год у гэтым плане не стаў выключэннем: план па падняцці зябліва не толькі выканалі, але і перавыканалі.

0dscf705
На здымку (злева направа): А.У. Арэх, Д.І. Тарасевіч, В.Р. Тарасевіч

У земляробстве адна кампанія змяняе другую: адна сельгастэхніка ставіцца на захаванне, іншая выходзіць у поле, а людзі — заўсёды на перадавой. Падчас гаворкі пра восеньскія палявыя работы ў сельгаскааператыве з удзяч­насцю згадваюць імёны механізатараў-прафесіяналаў — Дзмітрыя Ігаравіча і Валянціна Рыгоравіча Тарасевічаў, Андрэя Уладзіміравіча Арэха, Алега Уладзіміравіча Вяроўкіна, Уладзіміра Уладзіміравіча Зуба, Святаслава Іванавіча Зуба, якія ў розны перыяд земляробчага года здольны працаваць і працуюць на розных відах тэхнікі. Робяць гэта адказна і таму, што сумленныя па жыцці, і таму, што разумеюць цану ўскладзеных на іх абавязкаў.

0dscf703Зрэшты, Святаслаў Зуб па выніках раённага спаборніцтва прызнаны пераможцам (1-е месца) сярод механізатараў на падняцці зябліва. На яго рахунку без малога 1000 гектараў ворыва.

— Як заўсёды, паднялі зябліва ў час, — разважае механізатар-перадавік. — Гэтаму са­дзейнічалі высокапрадукцыйная тэхніка, на якой працавалі, і дастатковасць паліва. Дый, вядома ж, стараліся-рупіліся, каб паспець да маразоў.

Святаславу, як і іншым механізатарам-прафесіяналам, у гаспадарцы на працягу года даручаюць найадказнейшыя справы і самую сучасную тэхніку. Падняцце зябліва ён ажыццяўляў на трактары «Джон-дзір-8310R» у звязцы з 9-корпусным плугам. А ў час зялёнага жніва, да прыкладу, на трактары CLAAS Atles здрабняў правяленую масу і заварочваў яе ў герметычную стрэч-плёнку. Прыгатаваны такім чынам корм для жывёлы не губляе сваіх харчовых каштоўнасцей і можа доўга захоўвацца.

Святаслаў Іванавіч упэўнены: хлебаробчая справа хоць і стомная, але ўдзячная — за клопат пра сябе зямля адорвае чалавека адчуваннем рэалізаванасці, унутранага камфорту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. А гэта немалаважна.

Алена КАРПЕНКА. Фота Алеся КРАСАВІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.