Гародніна-кароль вырасла ў Варатыні

У межах раённага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2016”, які прайшоў на мінулым тыдні ў аг. Варатынь, асаблівы інтарэс прысутных выклікаў конкурс “Падарункі прыроды”. Удзел у ім прынялі жыхары Бабруйшчыны, якія займаюцца вырошчваннем садавіны і гародніны, фермерскія гаспадаркі, а таксама іншыя суб’екты гаспадарання раёна. Конкурс, арганізатарамі якога выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА “БРСМ” і райсавет ветэранаў, праводзіўся па 2 намінацыях: “Гародніна-кароль” і “Страва з гародніны”.

img_0026

Дзяніс Чарноў побач са сваім памідорным дрэвам
Дзяніс Чарноў побач са сваім памідорным дрэвам

Варта адзначыць, што найбольшую зацікаўленасць і здзіўленне ва ўдзельнікаў і гасцей “Дажынак” і, вядома ж, у членаў журы, якія падводзілі вынікі конкурсу “Гародніна-кароль”, выклікала “Памідорнае дрэва” сям’і Чарновых з аг. Варатынь. Тамату заслужана прысуджана 1 месца, а яго ўладальніку —
васьмігадоваму Дзянісу Чарнову, які, са слоў маці і самога хлопца, вельмі любіць займацца вырошч­ваннем раслін, адносіцца да гэтага занятку з натхненнем, стараннасцю і адказнасцю, уручана заўсёды патрэбная ў гаспадарцы рэч — ручная палівалка. Не меней уразіў наведвальнікаў выставы і “Мега-кабачок” з агарода жыхаркі Вялікіх Бортнікаў Марыі Калатковай. Гародніна здзівіла як сваімі памерамі — найбольшая морква ў параўнанні з кабачком-волатам выглядала ну зусім дробнай — так і таўшчынёй. Прычым выставачны экспанат выглядаў такім “увішным і бадзёрым”, што, упэўнена, каб не клопат гаспадыні даставіць яго на “Дажынкі”, з лёгкасцю б мог і яшчэ прыбавіць у памеры. Трэцяга месца і адпаведнага падарунка ўдастоілася кампазіцыя “Рабочы і калгасніца” (на фота злева зверху) з унушальных памераў гарбузоў, якія выгадаваў на прысядзібным надзеле калектыў Варатынскай сярэдняй школы.

«Варатынская спадчына» — пляцоўка, аформленая мясцовым Домам культуры
«Варатынская спадчына» — пляцоўка,
аформленая мясцовым Домам культуры

img_0580У конкурсе “Страва з гародніны” прысутных і журы найболей ўразілі арыгінальная кампазіцыя “Беларускія прысмакі” Аляксандры Ру­дзько з в. Калінаўка (1 месца), састаўлены з розных відаў гародніны, цудоўна аформлены і па-майстэрску ўпрыгожаны торт “Восеньскі блюз” ААТ “Саўгас Кісялевічы” (2 месца), а таксама незвычайна апетытны, прафесійна пададзены “Смачны кавалак” мясцовай школы (3 месца).
Заахвочальныя прызы па выніках конкурсаў былі ўручаны БДПЛ №13 за кампазіцыю “Міс Да­жынкі”, і філіялу “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” — за “Гарбузовую вазу”.

Цёплыя словы адрасавалі арганізатары конкурсу і Варатынскаму сельскаму Дому культуры. Іх цудоўна аформленая, багатая на экспанаты пляцоўка выклікала непадробны інтарэс ва ўдзельнікаў і гасцей сельскагаспадарчага свята.

Алена КАРПЕНКА. Фота Генадзя БАГДОНАСА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.