Што, дзе і пачым набыць школьніку

Да пачатку навучальнага года засталося меней двух тыдняў. Для бацькоў школьнікаў — надзвычай напружаны час: клапаціцца даводзіцца не толькі пра сшыткі і алоўкі, але і пра школьнае адзенне, да якога яны, гэтак жа, як і самі хлопчыкі і дзяўчынкі, з гадамі ўсё болей патрабавальныя. У разлік бяруцца не толькі фасон і якасць матэрыялу, але і, вядома ж, цана на яго. Апошняя розніцца, прычым, яе дыяпазон на асобныя тавары — на дзіва шырокі. У гэтым мы ўпэўніліся, наведаўшы ў жнівеньскія дні розныя аб’екты гандлю.

IMG_2054У магазіне “Прамтавары” Бабруйскага гандлё­вага цэнтра аграгарадка Кавалі кінуўся ў вочы аформлены на прылаўку “Куток школьніка”, напоўнены школьна-пісьмовымі прыналежнасцямі. Сшыткі аб’ёмам 12 лістоў, незалежна ад таго, прызначаны яны для першакласнікаў ці вучняў старэйшых класаў, тут можна набыць за 11 капеек, напаўагульныя, аб’ёмам 48 лістоў — за 49, агульныя, 96 лістоў — 86. Дзённік у “прамтаварах” каштуе 84 капейкі, ручкі — ад 25 да 83. У асартыменце — фламастэры і каляровыя алоўкі. Цана першых — 12 колераў — 3,5 рублі. Алоўкі можна прыдбаць ад 2 да 6 рублёў, у залежнасці ад напоўненасці скрынкі і, вядома ж, уласнага кашалька. Маецца у “Кутку” іншая канцылярская дробязь, а вось школьнае адзенне і ранцы, можна сказаць, адсутнічаюць. Як паведамілі ў гандлёвым цэнтры, шырокі асартымент гэтых тавараў на тэрыторыі раёна прадстаўлены толькі ў магазінах Вялікіх Бортнікаў і Глушы. У магазінах іншых населеных пунктаў школьнае адзенне і абутак можна набыць толькі па дакладных заяўках пакупнікоў.

Дарэчы, з 22 жніўня ў магазінах гандлёвага цэнтра на ўвесь школьны тавар дзейнічае растэрміноўка плацяжу на 3 месяцы з першапачатковым узносам 30%. Таксама з гэтага дня на школьныя тавары (тэкстыль, трыкатаж і абутак) гандлёвая надбаўка зніжана на 10%.

З улікам таго, што ў звычцы многіх вяскоўцаў рыхтавацца да школы ў Бабруйску, мы зазірнулі пацікавіцца цэнамі і ў гарадскія гандлёвыя кропкі.

У “Друкары”, да прыкладу, ранец для дзяцей малодшых класаў кітайскай вытворчасці каштуе 13,74 рублёў. Сшыткі для першакласнікаў тут можна набыць ад 10 да 36 капеек. Кошт дзённіка — 82 капейкі, фламастэры — ад 2,5 руб­лёў, каляровыя алоўкі ад 2,66 (6 колераў, германскай вытворчасці) да 9,38 рублёў
(24 алоўкі кітайскай вытворчасці).

Прыкладна па такой цане пісьмовыя прыналежнасці можна набыць і на “Школьным базары” ля Бабра, дзе прапаноўваюць і адзенне для вучняў. Шырынёй асартыменту запрашаюць палаткі “Дома абутку”, “Палесся”, “Універмагу”. У апошніх можна набыць таксама і школьны ранец айчыннай вытворчасці па цане 19,0-59,5 рублёў. Аналагічны тавар, канкурыруючы з дзяржаўным гандлем, прапаноўваюць тут жа і прыватнікі. У найбольш буйной па памеры палатцы індывідуальнага прадпрымальніка выстаўлены сумкі як айчынных, так і расійскіх вытворцаў. Нягледзячы на тое, што кошт беларускіх пачынаецца ад 25 рублёў, а замежных — ад 10, набываюць іх, як заўважылі прадаўцы, 50 на 50. Праўда, як негатыўнае адзначылі, што ў айчынных адсутнічае артапедычная ўстаўка для зручнасці спіны дзіцяці. Заўважаны ранцы таксама і ў “Мегатопе”, іх кошт 35 і 42 рублі. Маецца ў магазіне і спартыўны абутак для малодшых школьнікаў — 28 рублёў за пару.
Цікавую заўвагу зрабіў прадавец палаткі з пісьмовымі прыналежнасцямі — з трох “дзённікаў”, розных па цане, перавагу пакупнікі аддаюць найдаражэйшаму, з найпрыгажэйшай вокладкай.

Школьнае адзенне традыцыйна шырока прадстаўлена ў фірменным магазіне “Славянкі”. Форма для дзяўчат (памеры ад 28 да 52) прыемна ўражвае разнавіднасцю фасонаў: на розны густ блузы, сарафаны, гарнітуры са спадніцай і штанамі, з жакетам і безрукаўкай, сукенкі з фартухамі, як у маладосці матуль. Цана на іх, вядома ж, таксама вар’іруецца. Асобна спадніцу для старшакласніцы можна набыць за 18 рублёў, жакет — у межах 40. Сарафаны для дзяўчынак малодшага школьнага ўзросту — ад 22 рублёў, касцюмы — ад 33-х.
Выбар гарнітураў для хлопчыкаў таксама багаты, цана на іх — ад 35 рублёў. Дэталі школьнага адзення можна набыць і паасобку. Пінжакі для маленькіх моднікаў могуць абыйсціся і ў 55, і болей за 60 рублёў.
Дакладным падлікам таго, у колькі абыдзецца падрыхтоўка вучня да школы, мы не займаліся: занадта шырокія межы цэнавых прапаноў, аднак з упэўненасцю можна сказаць, што магчымасць зрабіць выбар па густу і па цане ёсць у кожнага сёлетняга пакупніка.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.