Дэпутаты — за развіццё ўласных падсобных гаспадарак
У райвыканкаме прайшла чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў 27 склікання, удзел у якой прынялі кіраўнік раёна Аляксандр Осіпаў, намеснікі старшыні і начальнікі аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Узначаліў работу дэпутатскага корпусу старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Емяльянаў.
Падчас сесіі народныя абраннікі абмеркавалі вынікі выканання Праграмы развіцця і падтрымкі ўласных падсобных гаспадарак грамадзян раёна ў 2011-2015 гадах. Робячы даклад па гэтым пытанні, Аляксандр Емяльянаў адзначыў, што ўласныя гаспадаркі маюць важнае значэнне ў забеспячэнні харчовай бяспекі жыхароў раёна, між тым многія пункты раённай Праграмы не выкананы. У прыватнасці, не дасягнуты плануемы паказчык па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. І звязана гэта не толькі са змяншэннем і старэннем насельніцтва — апошняе відавочна — але і з недахопамі і недапрацоўкамі ў рабоце па развіцці падсобных гаспадарак. Гэта значыць, што ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання, сельскімі і пасялковым выканкамамі, Бабруйскім гандлёвым цэнтрам, кіраўнікамі сельгасарганізацый не прыняты адпаведныя меры ў гэтым напрамку. Не належным чынам вядзецца работа па ўліку, пераразмеркаванні і выкарыстанні пустуючых зямельных участкаў, не створана эфектыўная сістэма збыту сельгаспрадукцыі з уласных падсобных гаспадарак. Усё гэтае, у тым ліку, прывяло да таго, што, нягледзячы на ільготнае крэдытаванне Белаграпрамбанкам, вяскоўцы неактыўна карысталіся ільготай.
Дадзеную інфармацыю, а таксама даклады старшынь сельвыканкамаў, якія дапоўнілі выступ Аляксандра Емяльянава, дэпутаты прынялі да ведама. У выпрацаваным сесіяй праекце рашэння дакладна ўказалі, каму і якія меры неабходна прадпрыняць, каб заахвоціць сяльчан весці і развіваць падсобныя гаспадаркі. У прыватнасці, сельвыканкамам — прадастаўляць грамадзянам па іх заявах у арэнду дадатковыя зямельныя ўчасткі, сельгаспрадпрыемствам — аказваць дапамогу ў вядзенні калектыўнага бульбаводства, паслугі ў нарыхтоўцы і прыгатаванні корму для жывёлы і г. д, Бабруйскаму гандлёваму цэнтру — забяспечыць продаж грамадзянам усяго неабходнага для вядзення падсобнай гаспадаркі, якая здольна не толькі пракарміць сям’ю, але і папоўніць яе бюджэт. Апошняе для жыхароў вёскі асабліва актуальна.
Яшчэ адным пытаннем, па якім дэпутаты прынялі рашэнне, было “Аб зацвярджэнні Правілаў утрымання месцаў пахавання і арганізацыі пахавальнай справы ў Бабруйскім раёне”.
Алена КАРПЕНКА.