Па рабоце — гонар
Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Пасябруй са спортам”. Конкурс ладзіцца трэці год запар.
Яго арганізатары — Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне “Прэзідэнцкі спартыўны клуб” — ставяць за мэту садзейнічаць усебаковаму гарманічнаму развіццю асобы, прапагандзе прынцыпаў алімпійскага руху, фарміраванню іміджу Беларусі як спартыўнай дзяржавы і прапагандзе спорту як сродку ўмацавання здароўя дзяцей і моладзі, далучэння апошніх да здаровага ладу жыцця.
У конкурсе прынялі ўдзел навучэнцы 8 раённых устаноў адукацыі. 10 найлепшых работ былі накіраваны для ўдзелу ў абласным этапе. Па яго выніках малюнак нашай зямлячкі, вучаніцы Хімоўскага ВПК “Дзіцячы сад-СШ” Дар’і Сідаровіч ва ўзроставай групе 12-16 год прызнаны адным з лепшых з 250 прадстаўленых на конкурс і заняў 3-е прызавое месца. У якасці ўзнагароды дзяўчынка зможа бясплатна адпачыць у кастрычніку ў прэстыжным аздараўленчым лагеры “Зубраня”. Болей таго, работа шасцікласніцы прыняла ўдзел у рэспубліканскім этапе конкусу. Вучаніца вярнулася з урачыстасці з медалём, фарбамі і сертыфікатам на 300 тысяч рублёў. Дарэчы, медаль юнай мастачцы, у рабоце якой — мары аўтара пра спартыўную будучыню родных Хімоў, уручыла вядомая беларуская фрыстайлістка, алімпійская чэмпіёнка, майстар спорту міжнароднага класу Ала Цупер.
Як кажуць, па рабоце і гонар.
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву Хімоўскага ВПК.