Праблемы вяскоўцаў — яго праблемы

З адказам на маё пытанне — хто з дэпутатаў Сычкаўскага сельскага Савета заслугоўвае таго, каб ягоная дзейнасць стала вядомай не толькі ў маштабах сельсавета, але і ўсяго раёна, старшыня мясцовага выканкама Зінаіда Трубачка не раздумвала ні хвіліны, адказала, як падалося, занадта таропка. Сам па сабе дадзены факт можа і не варты таго, каб звяртаць на яго асаблівую ўвагу, але нам ён чамусьці дадаў упэўненасці — сустрэча мае адбыцца з сапраўдным у поўным сэнсе гэтага слова дэпутатам.

DSC0096011

У вёсцы Мірадзіна Аляксандра Крычко — а размова пойдзе менавіта пра яго — ведае кожны. Дом па вуліцы Энергетыкаў, у якім жыве дэпутат, не выбіваецца з шэрагу іншых, кідаюцца ў вочы дагледжанасць і добры густ гаспадароў. Тое ж самае адзначаем і ўнутры пабудовы. Факты ізноў, можна сказаць, малазначныя, каб ахарактарызаваць чалавека, ягоны занятак і прыхільнасці, але, згадзіцеся, не ў выпадку з дэпутатам. Не будучы гаспадаром у сваім доме, хіба можа чалавек бачыць хібы ў агульным — сваёй і суседняй вёсках, акрузе?

Сябе Аляксандр Васільевіч прылічвае да мясцовых жыхароў, хоць вёска, дзе нарадзіўся, за 20 км ад Мірадзіна. Сельскі ўклад жыцця, адзначае, яму знаёмы і блізкі. Тут прырода: лес, рэчка. Сам ён заўзяты рыбалоў і паляўнічы. Праўда, як і многія вясковыя людзі, мой суразмоўца ў свой час паспытаў і гарадскога жыцця — працаваў на шынным камбінаце, на заводзе “Інтэграл”. А калі ў 1985 годзе пераехаў з сям’ёй у Мірадзіна, то для сябе вырашыў — лепшага месца для жыцця не знойдзеш. Прыйшлася да спадобы і работа на мясцовай электрападстанцыі, дзе 7 год адпрацаваў слесарам і ўжо 35 — электраманцёрам. Заўсёды разам з ім яго жонка Ганна. Частыя госці ў дзядуліным доме ўнукі — Аляксандра Васільевіча радуе, што Мірадзіна стала іх малой радзімай. У кватэры, якую раней займаў ён з сям’ёй, абаснавалася сям’я старэйшага сына. Малодшы жыве ў Бабруйску. Абодва сыны гэтым часам працуюць на чыгунцы.

— Вёска цяпер, вядома ж, не тая, што раней, — з сумам адзначае Аляксандр Васільевіч. — Раней у Мірадзіна было нашмат мнагалюдней, моладзі багата было. Улетку ў ваколіцах месцілася тры дзіцячых лагеры. Цяпер гэтага няма. Многія жылыя дамы выкарыстоўваюцца пад дачы. Між тым радуе і тое, што цікавасць гараджан да вясковай нерухомасці год ад году расце — гэтаму садзейнічаюць блізкасць да горада і зручнае перамяшчэнне па чыгунцы. У пацверджанне сказанаму адзначаем, што вокны ў многіх дамах населенага пункта заменены на сучасныя пластыкавыя.

У дэпутатах мясцовага савета Аляксандр Васільевіч ужо не першае скліканне. За цяжар ускла­дзеныя на яго абавязкі не лічыць: праблемы сваёй і навакольных вёсак, іх жыхароў успрымае, як асабістыя, і па магчымасці імкнецца іх вырашаць. Для гэтага цесную сувязь трымае з сельвыканкамам і непасрэдна старшынёй. У цёплую пару года, як заўважае дэпутат, шмат увагі даводзіцца надаваць вырашэнню пытанняў, звязаных з навядзеннем парадку ў садовых таварыствах, якіх на тэрыторыі сельсавета нямала, на грамадзянскіх могілках. У зімовую пару ў прыярытэце пытанні ачысткі вуліц і дарог ад снегу. Непасрэдна жыхароў Мірадзіна хвалюе стан вуліцы Цэнтральнай. У свой час была праведзена немалая работа па яе асфальтаванні — да гэтага, здаралася, і трактарам нельга было праехаць. Але вуліцы ўжо патрабуецца капітальны рамонт. Добра б было пакрыць асфальтам дарогу з Мірадзіна да Сычкава. Цікавяцца вяскоўцы і газіфікацыяй населенага пункта. Вядома ж, каб вырашыць гэтыя і падобныя ім пытанні, аднаго толькі жадання недастаткова: патрабуюцца немалыя грашовыя сродкі. Між тым Сычкаўскі сельсавет у раёне — не адзіны. Аднак, што датычыцца рамонту вуліцы Цэнтральнай, то вясной Аляксандр Васільевіч збіраецца рабіць дэпутатскі запыт у арганізацыю, на чыім балансе значыцца дарога, каб праблема гэтая “не гублялася”, а была навідавоку. Тое самае датычыцца і іншых пытанняў.

Энергічны, ініцыятыўны, адказны чалавек, якога па-сапраўднаму хвалюе стан сельсавета і раёна ў цэлым, чыя грамадзянская пазіцыя і ўважлівыя адносіны да людзей не даюць іх праблемам застойвацца, цудоўны сем’янін і выдатны працаўнік.

Што да гэтага можна дадаць? Хіба толькі тое, што добра б было, каб такімі былі ўсе народныя абраннікі.

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.