Народ без гісторыі, што дрэва без каранёў

Знаёміць жыхароў раёна і гасцей Бабруйшчыны з гістарычнай мінуўшчынай прыбярэзінскага краю, выхоўваць у падрастаючага пакалення патрыятызм і лепшыя грамадзянскія якасці — задачы, якія былі пакладзены ў аснову стварэння ў 1990 годзе раённага музея баявой і працоўнай славы і якія сёння ставяць перад сабой работнікі перайменаванай у 2007 годзе ўстановы — раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

DSC09089Установа месціцца ў в. Сычкава, непадалёк ад святыні бабруйскай зямлі — Мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”. Накірункі дзейнасці музея самыя розныя: збіраць, даследаваць, экспанаваць гістарычныя крыніцы. Адначасова тут вядзецца асветніцкая работа сярод розных узроставых груп насельніцтва, збіраюцца і камплектуюцца музейныя фонды, наладжваюцца выставы. Супрацоўнікі музея з задавальненнем аказваюць кансультацыйную дапамогу ўсім жадаючым.

На гэты час ва ўстанове дзейнічаюць тры экспазіцыйныя залы. Тут можна пазнаёміцца з археалагічнымі матэрыяламі, якія характарызуюць першабытны лад у краі, даведацца пра жыццё і дзейнасць знакамітых землякоў, у тым ліку заснавальніка беларускай драматургіі В.І. Дуніна-Марцінкевіча. Пра нашчадкаў А.С. Пушкіна і той след, які яны пакінулі на бабруйскай зямлі. Пра творчасць вядомых не толькі ў Беларусі паэта Міколы Аўрамчыка, пісьменніка і публіцыста Алеся Адамовіча, іншых знакамітасцяў. У зале “этнаграфіі” наведвальнікам прапаноўваецца пазнаёміцца з побытам, строем, традыцыямі мясцовых сялян канца 19-га — пачатку 20-га стагоддзя. Нікога не пакідае абыякавым наведванне залы “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”, дзе сабраны багаты матэрыял пра падзеі ваеннага ліхалецця і людзей, якія, абараняючы нашую зямлю ад ворага, знайшлі на ёй апошні спачын, пра мужных воінаў-землякоў. Менавіта ў гэтай зале штогод у дзень Канстытуцыі краіны, ва ўрачыстых абставінах уручаецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь юнакам і дзяўчатам, чые дасягненні ў вучобе, творчасці і спорце заслугоўваюць пашаны. Наладжваюцца ўрачыстасці і з нагоды далучэння юных грамадзян да піянерскай арганізацыі.

Зямля Бабруйшчыны багата на таленавітых людзей. І каб з работамі землякоў магло пазнаёміцца шырокае кола людзей, у музеі наладжваюцца разнастайныя выставы. У мінулым годзе іх было 25. Вырабы мясцовых умельцаў і мастакоў: Яўгеніі Маеўскай з вёскі Антонаўка, Мадзіны Пінчук, колішняй жыхаркі Цімкавіч, а цяпер Бабруйска, Юрыя Мірановіча, які раней пражываў у пас. Кірпічны, і іншыя маюцца ў фондах музея і перыядычна выстаўляюцца для прагляду.

DSC09086

Гэтым часам у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі працуе 4 чалавекі: захавальнік фондаў з 25-гадовым стажам А.П. Рудчанка, навуковы супрацоўнік Л.М. Ляўчэня, тэхнічны работнік Т.В. Казлова. З 1997 года ва ўстанове працуе, а з 1998-га яе ўзначальвае Л.А. Осіпава, чалавек, пра якога з упэўненасцю можна сказаць — усёй душой адданы сваёй справе.

Пад кіраўніцтвам Людмілы Андрэеўны і з яе непасрэдным удзелам былі пераабсталяваны дзве залы музея і створана трэцяя — этнаграфіі. Для гэтага супрацоўнікі зрабілі шмат экспедыцый па населеных пунктах раёна, здабылі шмат цікавых экспанатаў. Дзякуючы гэтаму, у музеі маюцца выставы аўтэнтычных настольнікаў, рушнікоў, посцілак. З цягам часу былі набыты манекены для адзення мясцовага строю, аформлена зала для выстаў.

Немалая работа праведзена супрацоўнікамі музея ў мінулым годзе. У прыватнасці, даследчая была накіравана на збор матэрыялаў і падрыхтоўку да навукова-практычнай канферэнцыі абласнога краязнаўчага музея імя Е. Раманава “Лакальныя культуры Беларусі: сучасныя тэхналогіі выяўлення, фіксацыі і рэпрэзентацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны”, напісаны тэкст для музейнага занятку “Дзяржаўныя сімвалы краіны”, падрыхтаваны даведкі пра гісторыю вёскі Емяльянаў Мост, дапоўнены матэрыял даведак па населеных пунктах Шараеўшчына і Глуша. Складзены буклет пра мемарыяльны комплекс “Курган Славы”. Да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне распрацаваны і праведзены конкурс сярод жыхароў раёна “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму — конкурс сярод школьных музеяў. Актыўна працавалі работнікі над набыццём новых экспанатаў. Са 139 тых, што ўдалося знайсці, 39 — рарытэтныя. У мінулым годзе супрацоўнікамі музея было абслужана каля 6000 чалавек, праведзена 68 экскурсій і 99 культурна-­адукацыйных мерапрыемст­ваў.

DSC09082

Ну і, вядома ж, не збіраюцца рабіць паслабленняў работнікі раённага музея ў сёлетнім годзе — Го­дзе культуры. Сярод асноўных задач, якія перад сабой ставяць, — прадаўжэнне экспедыцый па вывучэнні гісторыі раёна і зборы новых экспанатаў, распрацоўка дадатковых мерапрыемстваў па аказанні платных паслуг з мэтай павелічэння даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, пашырэнне прапаганды работ мясцовых мастакоў, майстроў народнай творчасці. Словам, працягнуць работу, накіраваную на захаванне гісторыі роднага краю, — справу высакародную, бо народ без гісторыі, што дрэва без каранёў.

Алена КАРПЕНКА. Фота з музейнага архіву.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.