І вучні, і даследчыкі
Вучні нашага раёна неаднойчы даказвалі, што здольны весці сур’ёзную навукова-даследчую работу, прычым, у розных накірунках. Пра іх перамогі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах даследчых работ мы неаднойчы расказвалі.
Сёлета такія конкурсы ў краіне таксама аб’яўлены. І ў лістападзе падведзены вынікі раённага этапу конкурсу навуковых эколага-біялагічных работ школьнікаў і моладзі — ён праводзіўся з 15 кастрычніка па 5 лістапада.
Найбольш цікавымі і грунтоўна пададзенымі, як паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, прызнаны навуковыя работы сямікласніцы Бортнікаўскага ВПК “Яслі-сад-СШ” Гарэлік Святланы “Праследжванне змен экалагічнага стану ракі Ала і яе прыбярэжнай зоны за 10-гадовы перыяд” (навуковы кіраўнік — настаўнік геаграфіі Г.Б. Бярнацкая), вучаніцы 11 класа Туголіцкай СШ Брэль Анжалікі “Рэкрэацыйна-рэсурсны патэнцыял кар’ерных вадаёмаў пас. Туголіца” (навуковы кіраўнік — настаўнік біялогіі В.В. Мануленка). Высокую ацэнку журы таксама атрымала работа “Выкарыстанне сідэратаў падчас вырошчвання сталовых буракоў”. Яе аўтары — сямікласнікі Гарбацэвіцкай СШ Фёдараў Уладзіслаў і Лойка Паліна. Кіраваў даследаваннем настаўнік біялогіі Ю.М. Гаўрыльчык.
Усе гэтыя работы прадстаўлены для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу.
Алена КАРПЕНКА.