Прайшло пасяджэнне прызыўной камісіі
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 ліпеня сёлетняга года № 302 “Аб звальненні ў запас ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы і рэзервістаў і прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў жніўні-лістападзе 2015г.” у лістападзе будуць праводзіцца адпраўкі грамадзян на ваенную службу.
У гэтай сувязі ў Бабруйскім аб’яднаным гарадскім ваенным камісарыяце прайшло пасяджэнне камісіі, на якую былі запрошаны юнакі-прызыўнікі — кандыдаты на тэрміновую службу ў войскі. На камісіі вызначалася, дзе маладыя людзі будуць служыць. Кожны з іх атрымаў павестку для размовы з прадстаўнікамі воінскіх часцей.
Як паведаміў ваенны камісар г. Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў падпалкоўнік А.П. Беразоўскі, камісарыятам плануецца адправіць на тэрміновую ваенную службу больш за 230 грамадзян. На гэты час пачаты працэс іх вывучэння і адбору прадстаўнікамі воінскіх часцей. Прызыўнікі будуць несці службу ў вайсковых злучэннях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Сіл спецыяльных аперацый, Міністэрства ўнутраных спраў, органаў пагранічнай службы і Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Часці, дзе юнакі будуць служыць, размешчаны ў Брэсце, Гомелі, Мар’інай Горцы, Барысаве, Жодзіне, Мінску і Бабруйску. Ва ўзброеных сілах юнакі, акрамя спецыяльнасці, якую набылі ў вучэбных установах, набудуць яшчэ адну — ваенную.
Што датычыцца службы ў рэзерве, то яна, па словах ваенкама, у восеньскую прызыўную кампанію таксама мае быць. Аднак гаварыць пра колькасны склад рэзервістаў пакуль рана: інфармацыя аб патрэбе ў іх паступіць у ваенкамат дадаткова. У адпаведнасці з ёй і будзе планавацца служба ў рэзерве.
Зрэшты, перад адпраўкамі на тэрміновую ваенную службу ў лістападзе, у мэтах добраахвотнай падрыхтоўкі да яе па спецыяльнасці “Вадзіцель катэгорыі “В,С”, у аб’яднанай тэхнічнай школе №2 ДАСААФ г. Бабруйска навучаецца 41 прызыўнік.
Гэтым часам Бабруйскі АГВК праводзіць набор прызыўнікоў, якія падляжаць прызыву ў маі наступнага года і жадаюць праходзіць добраахвотную падрыхтоўку да ваеннай службы па вышэйзгаданай спецыяльнасці на базе школы ДАСААФ.
Служба ў арміі загартоўвае
У гэтым упэўнены прызыўнік з аграгарадка Міхалёва Дзяніс Шырокі, з якім мы сустрэліся адразу пасля камісіі. Настрой у хлопца быў прыўзняты: ягонае жаданне служыць у элітных войсках супала з магчымасцямі ваенкамата.
— Я люблю спорт, — адзначае Дзяніс. — Таму для сябе вырашыў — калі служыць у войску, то абавязкова ў спецназе, дзе высокі ўзровень спартыўнай падрыхтоўкі. Сёння дазнаўся, што такая магчымасць мне прадастаўляецца, буду служыць у воінскай часці Мінска. Бацькі да службы ставяцца станоўча, а асабіста бацька. Калі даведаецца, што ў спецназ, будзе мною ганарыцца — у свой час ён сам служыў у элітных войсках.
Дзяніс упэўнены: служба ў войску загартоўвае, робіць чалавека больш мужным. Для яго гэта мае значэнне: пасля войска хлопец плануе звязаць сваё жыццё са службай у органах унутраных спраў, стаяць на варце бяспекі суайчыннікаў і сваіх землякоў.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.