Далучыцца да спадчыны
Напрыканцы жніўня телеканал «Беларусь 3» сумесна з рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Белая Русь» і ансамблем народнай музыкі «Бяседа» распачаў акцыю «Любіць Беларусь!». Яе мэта — шырокая папулярызацыя каштоўнасцяў нацыянальнай культуры, беларускай мовы, песеннай творчасці. На працягу двух месяцаў «Бяседа» з канцэртамі наведае ўсе абласныя цэнтры і найбуйнейшыя гарады Беларусі. Так, 20 верасня вядомы калектыў выступіў у Бабруйску ў Палацы мастацтваў.
Перад канцэртам у фае адбылася прэс-канферэнцыя для гарадскіх і раённых СМІ. На пытанні журналістаў адказала салістка ансамбля «Бяседа» Таццяна Лазоўская. А потым на сцэне адбылася віктарына, якую правяла для бабруйчан вядучая праграмы «Размаўляем па-беларуску» (тэлеканал «Беларусь 3») Алена Трацэнка. Удзельнікі падзяліліся на дзве каманды — «Верасок» і «Крыніца» і паспрабавалі сябе ў якасці мовазнаўцаў, атрымаўшы на памяць кнігі на беларускай мове. Пасля гэтага сваё мастацтва падараваў гледачам ансамбль «Бяседа». Бабруйчане сустракалі і прымалі гасцей вельмі цёпла. Гэты калектыў — адзін з самых папулярных і любімых у Беларусі. Адметнай рысай «Бяседы» з’яўляецца выканаўчае майстэрства, якое ўключае ў сябе віртуознасць, ансамблевую зладжанасць, высокі прафесіяналізм.
Калектыў знаёміць слухачоў з лепшымі ўзорамі і малавядомымі жамчужынамі музычнай спадчыны Беларусі, надаючы ім арыгінальнасць і непаўторны характар гучання. Канцэртныя праграмы ансамбля — гэта своеасаблівы тэатр песні з цікавым чаргаваннем харавых, інструментальных і сольных нумароў, музычнае ўспрыманне якіх дапаўняецца шматколернасцю народных касцюмаў.
Як адзначыла салістка ансамбля Таццяна Лазоўская, «Бяседа» пабывала ў многіх краінах свету, але нідзе так не сустракаюць калектыў, як у роднай Беларусі.
Людміла ЛЮБІМЦАВА. Фота аўтара.