Не пакінута без увагі ніводная травінка
Нягледзячы на тое, што ўборка зерневых і зернебабовых у раёне завершана, клопатаў у работнікаў палёў дастаткова. Працягваюцца ворыўныя работы пад сяўбу азімых зерневых культур, у асобных гаспадарках вядзецца сяўба азімага рапсу. Тэрміны для гэтага аптымальныя, аднак заняцца дадзенай работай не ўсюды магчыма: з-за перасушанасці глебы масіўныя пасяўныя агрэгаты літаральна вязнуць у пяску, іх перамяшчэнне абмежавана. Таму сеюць на гэты час усяго дзве гаспадаркі: філіял “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” і ААТ “Саўгас Кісялевічы” і тое не пасяўнымі агрэгатамі, а лёгкімі сеялкамі і на палях, дзе гэта адносна магчыма. Пры ўмове і далейшай адсутнасці дажджоў — па цяперашнім годзе і гэтага можна чакаць — ад сяўбы азімага рапсу, верагодна, і ўвогуле прыйдзецца адмовіцца.
Як бы не складвалася надвор’е, — адзначаюць у райсельгасхарчы — тэрміны ёсць тэрміны і вызначаюцца яны не проста так: перш чым увайсці ў зіму, рапсавым палеткам павінна быць не меней за 90 дзён. На гэты час у раёне культурай на зерне засеяна каля трохсот гектараў з 3070 запланаваных, а час сяўбы ўжо набліжаецца да заканчэння. Між тым рапс — надзвычай каштоўная культура, запатрабаваная як для прамысловых мэт — вытворчасці алею, так і ў жывёлагадоўлі: адходы яго ў выглядзе жмыху з’яўляюцца адной са складаючых рацыёну жывёлы. Пастаўляючы насенне на перапрацоўку, гаспадаркі могуць разлічваць на працягу года на каштоўны, багаты на бялок, корм. Болей таго, у мінулым годзе, па словах намесніка начальніка райсельгасхарчу Ж.А. Жукоўскай, жывёле у якасці корму паспрабавалі даць рапсавую салому, вынік аказаўся нечаканым — прыйшлася да спадобы. А сёлета, з улікам цяжкага года: намалот зерневых удвая ніжэйшы за мінулагодні, маюцца складанасці з выкананнем дзяржзаказу, — на зіму занатоўваюць не толькі рапсавую салому, а і звычайную падмешваюць у сілас. Каб забяспечыць харчовую бяспеку пагалоўя — а ў тым, што зімоўка чакаецца складанай, сумненняў не ўзнікае — на корм, па словах галоўнага раённага агранома, выкарыстоўваецца ўсё, што толькі магчыма. Не пакідаецца без увагі ніводная травінка, скошваюцца поймы, лугі, убіраецца падаліца, якая падымаецца пасля ўборкі яравога рапсу і зерневых. У бліжэйшы час плануецца пасеяць сурэпіцу — найбольш раннюю культуру, якая, разлічваюць, зможа падтрымаць жывёлагадоўлю ўвесну. Насенне для гэтых мэт маецца.
Што датычыцца яравога рапсу, то ён у раёне практычна ўбраны — з плошчы ў 1249 га ўбрана 1138. Намалот склаў 1109 тон, з аднаго круга ўзялі па 10 цэнтнераў. Вядома ж, для ўраджайнага году гэта не лічбы, але, з улікам сённяшняй спякоты, і гэтаму рады.
Паўнамаштабна вядзецца ў раёне ўборка кукурузы на корм жывёле. Па-першае, культуру імкнуцца па максімуме выкарыстаць у якасці зімовага корму. Па-другое — у якасці зялёнай падкормкі ў гэтую пару: спадзявацца на выгарэлую пашу не даводзіцца. На гэты час убрана трэць кукурузных плошчаў пры сярэдняй ураджайнасці 84 ц/га. Між тым убіраюцца пакуль горшыя палі, таму ёсць верагоднасць разлічваць на значна вышэйшыя паказчыкі.
А ў хуткім часе ўсе гаспадаркі прыступяць да капання бульбы. Пакуль гэтым займаюцца толькі ў ТАА “Веом”. Сёння-заўтра ўбіраць клубні стануць у вытворчых кааператывах “Калгас імя Дзяржынскага”, “Гігант”, “Калгас імя А. Неўскага”. Таксама ў гэтыя дні працягваюцца прэсаванне і звозка з палёў саломы. Ад той, што ўбрана, запрэсавана 80 працэнтаў.
Алена КАРПЕНКА. Фото Юрия ЮРКЕВИЧА.