Пачэснае званне — за сумленную працу
У ААТ “Саўгас Кісялевічы” С.П. Паркалаў ужо 21-шы год. Пераехаў сюды з сям’ёй з Бабруйска: у горадзе, як заўважае, яму не жылося, не хапала прастору. Першым часам працаваў на ферме слесарам. Пасля перакваліфікаваўся ў жывёлавода, стаў працаваць на адкорме бычкоў.
Цяпер на доглядзе Сяргея Паўлавіча немнога немала — болей за 160 галоў буйной рагатай жывёлы. І абавязкі свае: у час карміць скаціну, паіць, мяняць ёй насціл — гэты чалавек спаўняе бездакорна. Каму як не даглядчыку ведаць, што станоўчыя вынікі ў жывёлагадоўлі залежаць найперш ад паўнацэннага корму і яго дастатку. Таму і радуецца жывёлавод, што ўсім гэтым сёлета скаціна не абдзелена. А вось каб корм у час быў пададзены жывёле, Сяргей Паўлавіч бавіць на ферме, лічы, увесь дзень: у сем гадзін ужо крочыць на працу, з 12 да 13 абедзены перапынак, пасля чаго — і зноўку да хлявоў. Работа на ферме нялёгкая, але з гадамі становіцца звыклай і прыносіць задавальненне. Тым болей што да жывёлы Сяргей Паўлавіч з дзяцінства ставіцца з пяшчотай і любоўю. Нават хобі ў яго і тое звязана з жывёлай. У прыватнай падсобнай гаспадарцы маецца спартыўны конь, на якім ён у вольную хвіліну любіць праехацца ў сядле па наваколлі. Ад гэтага, заўважае, і задавальненне вялікае, і карысць для здароўя немалая. І мары ў Сяргея Паўлавіча таксама звязаны з жывёлай: набыць поні для ўнучкі, якой перадалася дзедава любоў да коней.
Мара цудоўная і, вядома ж, ад шчырага сэрца жадаем, каб яна ў “Лепшага аператара па адкорме буйной рагатай жывёлы” — гэтага пачэснага звання за сумленную працу па выніках мінулага года
С.П. Паркалаў удастоены — абавязкова здзейснілася і каб працоўных поспехаў у ягоным жыцці было яшчэ многа.
Тэкст Алены КАРПЕНКА.
Фота Сяргея ПАДАЛЯКА.