Падведзены вынікі агляду мехдвароў

Падведзены вынікі штогоднага раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговых баз сельгасарганізацый да работы ў зімовых умовах па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парку да палявых работ 2015 года.
Агляд праводзіўся ў мэтах забеспячэння належнага парадку і тэхналагічнай дысцыпліны на машынных дварах, стварэння неабходных санітарна-вытворчых умоў для работы механізатараў, своечасовай і якаснай падрыхтоўкі машынна-трактарнага парку да работ у полі ў наступным годзе.
Агляднай камісіяй, якую ўзначаліў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.Л. Ланкуць, вырашана прысудзіць па выніках конкурсу першае месца СВК «Гігант», другое — філіялу «Харчавік-Агра» ААТ «Чырвоны харчавік», трэцяе — СВК «Калгас імя Дзяржынскага». За сумленны падыход да агляду і праведзеную немалую падрыхтоўчую работу пераможцы будуць узнагароджаны Ганаровымі граматамі Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта і грашовымі прэміямі з раённага бюджэту. Пры гэтым грашовыя сродкі, як адзначыў член агляднай камісіі, начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляда М.М. Голуб, будуць размеркаваны наступным чынам: 12 працэнтаў ад прэміі — кіраўніку прадпрыемства, 10 — галоўнаму інжынеру, уся астатняя сума будзе падзелена паміж інжынерна-тэхнічнымі работнікамі, механізатарамі і слесарамі, якія прынялі актыўны ўдзел у пастаноўцы сельгастэхнікі на захаванне і падрыхтоўцы рамонтна-абслуговых баз да работы ў зімовых умовах. Акрамя таго кіраўніцтву гаспадарак рэкамендавана заахвоціць асоб, якія прынялі актыўны ўдзел у аглядзе-конкурсе, з уласных сродкаў прадпрыемстваў.
Па выніках агляду адзначана станоўчая падрыхтоўка да яго ў СВК «Стасеўка» і ў Бабруйскім ААТ «Аграмашсервіс». Некалькі здалі пазіцыі ў гэтым плане, у параўнанні з мінулым годам, СВК «Калгас імя А. Неўскага» і філіял «Варатынь» ААТ «БЗТДіА». На гэта, па словах М.М. Голуба, маюцца як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны, у прыватнасці позні выхад гаспадарак з сезону палявых работ з-за значнага аб’ёму вытворчасці і недапрацоўка інжынерных службаў. Падчас пасяджэння агляднай камісіі была таксама адзначана недастатковая падрыхтоўка машынных двароў п. Леніна ААТ «Саўгас «Кісялевічы», сяльгасаддзяленняў «Гарохаўка» і «Осава», якія належаць ААТ «Агракамбінат «Бабруйскі». Між тым з падвядзеннем вынікаў работа па добраўпарадкаванні мехдвароў не скончана, а будзе працягвацца.
СВК «Гігант» як пераможца раённага конкурсу намінаваны на ўдзел у аналагічным абласным аглядзе-конкурсе машынных двароў.
Алена КАРПЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.