Пачалася ўборка насеннікаў траў
Надыйшла пара ўборкі насеннікаў злакавых траў. На гэты час у цэлым па раёне з плошчы ў 140 га намалочана больш за 80 тон насення. Купкоўка (рус. — ежа) зборная, якая адносіцца да ранніх злакавых, у асноўным убрана, засталося ўбраць цімафееўку, аўсяніцу і іншыя травы, якія выспяваюць некалькі пазней.
У апошнія гады, як адзначыла намеснік начальніка райсельгасхарча па раслінаводстве Ж.А. Жукоўская, работа з вытворчасцю насення мнагалетнікаў у раёне была замаруджана — займаліся гэтым відам дзейнасці практычна толькі ў СВК “Калгас імя А. Неўскага”, у выніку чаго ўласнага насення раёну недаставала. У мінулым годзе вырошчваннем насеннікаў заняліся таксама ў СВК “Гігант”: набылі пасяўны матэрыял, заклалі ўчасткі і ўжо летась сабралі насенне некаторых траў. Сёлета таксама будуць збіраць, у тым ліку насенне канюшыны белай, якое каштуе немалых грошай.
З улікам таго, што цана на насенне мнагалетнікаў у апошні час значна вырасла, маецца попыт як на ўнутраным рынку, так і на знешнім, займацца яго вырошчваннем стала актуальна і неабходна.
У гэтым годзе ў гаспадарках раёна, па словах Ж.А. Жукоўскай, ужо закладзена 700 га насеннікаў. Да верасня час дазваляе зрабіць гэта і яшчэ. Дадзеную магчымасць у сельгасарганізацыях збіраюцца выкарыстаць, каб на будучы год не шукаць грошы на гэтыя мэты, а быць забяспечанымі ўласным пасяўным матэрыялам і мець магчымасць палепшыць якасць сенакосаў і пашы.
Алена КАРПЕНКА.