Абкоска тэрыторый — задача № 1

У летнюю пару агульны выгляд населеных пунктаў, у асаблівасці сельскіх, нашмат залежыць ад іх абкошанасці ад непатрэбнай расліннасці. Гэта датычыцца і тэрыторый арганізацый, і падворкаў вяскоўцаў. Хто які гаспадар — відаць здалёк. Сумленны не тое што свой двор трымае ў парадку, але і калядваровую тэрыторыі бабулі-суседкі кантралюе: і старой радасць, і самому прыемна па вуліцы прайсці.

І, вядома ж, дастаткова работы ў гэтую пару сельвыканкамам і камунальшчыкам. Спякотнае надвор’е ў перамежку з дажджом садзейнічае хуткаму росту не толькі культурных раслін, але і пустазелля, абкоска тэрыторый ад якога — адна з найбольш значных задач службаў на гэты час. Як паведаміў старшыня раённага Савета дэпутатаў А.І. Емяльянаў, работа ў дадзеным накірунку ў раёне вядзецца, на вырашэнне гэтай праблемы задзейнічаны камунальная, дарожная службы і сельскія выканаўчыя камітэты. З улікам таго што сваёй тэхнікі ў сельсаветаў не дастае, да работ па абкосцы прыцягваюцца камунальшчыкі. Ва УКП “Жылкамунгас” створана для гэтых мэт група. Да той тэхнікі, што мелася, закуплены 4 новыя касілкі, і там, дзе маецца вострая патрэба, камунальшчыкі аказваюць паслугу па абкосцы. У прыватнасці, ужо дапамагалі Кавалёўскаму, Хімоўскаму, Слабадкоўскаму сельсаветам, маецца патрэба ў гэтым і Сычкаўскаму. Сказаць, што ў адным сельсавеце работы па абкосцы пастаўлены лепей, у другім горш — нельга, — адзначае старшыня райсавета дэпутатаў. Гэтым часам усе працуюць над вырашэннем праблемы, і тая тэрыторыя, што толькі была абкошана, праз тыдзень зноў патрабуе ўдзелу чалавека. Асаблівая ўвага ў гэтым плане — да праязных трас: Мінскага, Слуцкага, Рагачоўскага напрамкаў і адпаведна да населеных пунктаў, што размяшчаюцца паўз іх.

Што да вяскоўцаў, то яны, як заўважае А.І. Емяльянаў, не заўсёды праяўляюць актыўнасць у плане абкоскі, нягледзячы на тое, што інфармацыя з заклікам сачыць за тэрыторыяй размешчана ў кожнай вёсцы. Ёсць сумленныя гаспадары, каму і нагадваць не патрабуецца, ёсць тыя, хто тут жа рэагуе на выдадзенае прадпісанне, а ёсць і такія, хто прызвычаіўся не сачыць за домаўладаннем, жыць з папсаванай агароджай, запушчаным падворкам. Усе залежыць ад жыхароў. Са станоўчага боку — пасля нядаўняга аб’езду — старшыня райсавета адзначыў в. Брожа, дзе грамадзяне дастаткова актыўна косяць траву ў параўнанні з тым жа пасёлкам Леніна.

З мэтай данесці да насельніцтва інфармацыю аб неабходнасці абкоскі тэрыторый, указаць, каму з гаспадароў домаўладанняў патрабуецца ачысціць ад смецця, цвёрдых бытавых рэшткаў, будаўнічых матэрыялаў калядваровую тэрыторыю, працавала ў пас. Туголіца на гэтым тыдні і створаная пры раённым выканаўчым камітэце рабочая група па добраўпарадкаванні. Удзельнік групы і адначасова начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама І.Г. Пракопчык звяртае ўвагу на тое, што ўтрыманне зямлі ў чысціні — гэта прамы абавязак грамадзян і юрыдычных асоб. На тых, хто гэтым абавязкам пагарджае — накладваецца штраф у памеры да 5 базавых велічынь, на юрыдычных асоб — ад 5-10-ці базавых велічынь. Страціць грошы, вядома ж, мала каму прыемна, але яшчэ меней прыемна, як мне здаецца, страціць павагу да сябе.

Паважаныя работнікі арганізацый, шаноўныя жыхары раёна, давайце падтрымліваць парадак не толькі на вытворчых і адміністрацыйных аб’ектах, але і на ўласных падворках, зонах масавага адпачынку насельніцтва, у садаводчых таварыствах, на палігонах, міні-палігонах цвёрдых бытавых рэшткаў і іншых тэрыторыях, якімі карыстаемся. Зямля аддзячыць нас спаўна: чыстым паветрам і выдатным настроем.

Алена КАРПЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.