Аграгарадок Хімы

agro1З гісторыі
Аграгарадок Хімы — цэнтр сельскага Савета, знаходзіцца за 12 км ад чыгуначнай станцыі Бярэзіна на лініі Бабруйск-Жлобін. Назва балцкага паходжання, ад асновы “мох”. Між тым, ходзіць паданне, што сваёй назве населены пункт абавязаны жанчыне з імем Хіма, якая, як быццам, тут некалі пасялілася, а потым побач пабудаваліся і яе дзеці. Так з аднаго дома стала цэлае паселішча.
Праўда гэта ці не — цяпер ужо дазнацца цяжка, затое дакладна вядома (з гаспадарчых дакументаў), што ў першай палове 19 стагоддзя гэта была вёска Бабруйскага павета з памешчыцкай уласнасцю і 115 рэвізскіх душ. А ўжо на пачатку 20 стагоддзя ў Хімах налічвалася 98 двароў, 726 жыхароў. Паводле перапісу 1917 года вёска яшчэ пашырылася: ужо значылася 124 двары, 804 жыхары. Акрамя земляробства і жывёлагадоўлі тут бытавалі такія хатнія промыслы як прадзенне, ткацтва, віццё вярок, збор ягад, лекавых траў і інш. У 1925 годзе да Хімоў быў далучаны вялікі ўчастак былой памешчыцкай зямлі, на якой будаваліся беднякі. На базе земскага народнага вучылішча, якое існавала з 1904 года, створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 годзе налічвалася 108 вучняў, дзейнічаў драматычны гурток. Паводле перапісу 1926 года (няпоўныя 10 год пасля перапісу 1917 г.) жыхароў у Хімах амаль удвая зменшылася: 90 двароў, 419 жыхароў. У 1930 годзе ў населеным пункце быў створаны калгас. У 1967 г. да Хімоў далучылі вёску Зарэчча. На пачатку 1997 года тут пражывала 342 чалавекі, налічвалася 127 двароў. У вёсцы месціліся сядзібы сельсавета і калгаса, майстэрні па рамонце сельгастэхнікі, ферма буйной рагатай жывёлы, лесапільня, устаноўка па прыгатаванні вітаміннай мукі, асфальтава-бетонны завод, аб’екты сацыяльнай сферы. На мясцовых могілках дзве брацкія магілы савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікую Айчынную вайну. На магілах устаноўлены помнік-стэла і абеліск з мемарыяльнай дошкай.

Сучаснасць
agro3
Хімы сёння — сучасны аграгарадок, у якім налічваецца 128 хатніх гаспадарак з колькасцю жыхароў 353. З іх 241чалавек працаздольнага ўзросту, 70 — моладзі, 42 чалавекі старэй працаздольнага ўзросту. Насельніцтва ў асноўным занята ў сельскай гаспадарцы (на землях былога калгаса створана сельгасаддзяленне Бабруйскага ААТ “Аграмашсервіс”. Да канца года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новую малочна-таварную ферму буйной рагатай жывёлы (гэтым часам на ёй вядуцца будаўнічыя работы) і на вытворчасці: пабудаваным на тэрыторыі сельсавета заводзе па перапрацоўцы маслічных культур. Яшчэ частка занята ў сацыяльнай сферы аграгарадка (дзейнічаюць ВПК “Дзіцячы сад-СШ”, ФАП, бібліятэка, сельскі клуб, музычная школа, камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленні сувязі і ашчаднага банка, два магазіны райспажыўтаварыства), некаторыя працуюць на прадпрыемствах г. Бабруйска.
Сучасны выгляд населенаму пункту надае вуліца Школьная па левы бок ад шашы з двухпавярховых добраўпарадкаваных жылых катэджаў, а таксама пабудовы аб’ектаў сацсферы.

Рагуля тут не рэдкасць agro7
Немалая ўвага надаецца ў аграгарадку развіццю прыватных падсобных гаспадарак. Тым, хто трымае на падворку рагулю або іншую хатнюю жывёлу, аказваецца дапамога з занатоўкай на зіму сена і саломы. Рэшткі малочнай прадукцыі прыватнікі маюць магчымасць прадаць дзяржаве. І робяць гэта пасродкам малаказборшчыкаў. Штодня, як заўважыў старшыня сельсавета Валерый Лаўрыновіч, з уласных падсобных гаспадарак аграгарадка і навакольных вёсак на перапрацоўку пастаўляецца каля 750 кг малочнай прадукцыі. Між тым, ёсць і праблемныя ў гэтым плане пытанні: да суседняй вёскі Гарохава каля 4 км. З жыхароў, якія трымаюць карову і жадаюць прадаць дзяржаве малако — адна толькі Г.А. Дзергачова. Пасылаць у Гарохава малаказборшчыкаў невыгадна эканамічна. Вось і даводзіцца пенсіянерцы штодня на веласіпедзе адмерваць гэтыя кіламетры.

Да абкоскі — сумеснымі намаганнямі
agro2
Абкоска ад расліннасці населенага пункта, вуліц і прылягаючых да пабудоў тэрыторый — задача ў веснавую і летнюю пару № 1, і добра, калі да яе вырашэння з разуменнем падыходзяць і мясцовыя ўлады, і самі вяскоўцы. У Хімах, ва ўсялякім разе ў дзень нашага незапланаванага прыезду, і першае, і другое пацвердзілася.
Яшчэ не пабачыўшы, дзе і хто дакладна займаецца гэтай неабходнай справай, пранізлівы гук бензакасілкі пачулі адразу, як толькі сышлі з рэйсавага аўтобуса. Аказалася, задача па абкосцы ўскладзена на Дзмі трыя Шынкарэнка. Яшчэ не споўнілася і 9 гадзін, а тэрыторыя была абкошана дастаткова ўнушальная. Давялося паназіраць за выкананнем гэтай работы і традыцыйным, пакуль яшчэ больш звыклым на вёсцы спосабам — з дапамогай касы. Праўда, ад фота гаспадар кватэры аднаго з катэджаў адмовіўся. Маўляў, справа гэта не дзіва якая, звыклая, і калі чалавек сапраўды дбае пра зямлю, клапоціцца пра ўтульнасць для сябе і сваёй сям’і, то абавязкова знойдзе на гэта час.

У мясцовых кветкаводаў ёсць што пераняць
agro4А вось чым сапраўды ўразілі Хімы — наяўнасцю кветнікаў ля пабудоў аб’ектаў сацыяльнага прызначэння і ў агародах мясцовых жыхароў, і тым запалам, з якім тут расказваюць пра кветкаводства. Адна толькі школа ў гэтым плане чаго вартая! Любоў да раслін і парадку сыходзіць, як нам паведамілі ва ўстанове, ад дырэктара Н.М. Новікавай. На падыходзе да пабудовы школы — вялізарны кветнік, бліжэй да ўваходу — яшчэ адзін. Па левы бок і далей — рэдкія расліны, малыя формы добраўпарадкавання, якія ну ніяк не абыдзеш позіркам. Дарэчы, ёсць тут і “златая цепь на дубе том”, і шмат чаго іншага цікавага. А наводзяць гэтую прыгажосць — у гэтым мы ўпэўніліся самі — сумесна: работнікі школы і вучні.
Чысцінёй і ўтульнасцю парадавала і тэрыторыя вакол пабудоў, у якіх месцяцца бібліятэка, сельскі клуб і музычная школа, ФАП, магазіны. Прыведзены ў парадак кветнік перад сельвыканкамам, дагледжаныя ў большасці сваёй і агароды жыхароў. agro5

* * *
Аграгарадок Хімы багаты на цікавых людзей. Людзей, якія сваёй працай, адносінамі да яе заслужылі пашану, і не толькі ў аднавяскоўцаў. На жаль, нам не выпала сустрэцца з колішнім дырэктарам мясцовай школы Уладзімірам Васільевічам Шыла, які шмат зрабіў для яе развіцця. Затое з прыемнасцю сустрэліся з Нінай Васільеўнай Багамолавай, Выдатнікам асветы, заслужаным настаўнікам Беларусі. Цяпер Ніна Васільеўна на заслужаным адпачынку, жыве ў аграгарадку з дачкой, але 40 год, якія аддала школе, на працягу якіх вучыла дзяцей не толькі прадмету біялогіі, але выхоўвала ў маладога пакалення любоў да зямлі і ўсяго жывога, далі свае вынікі: любоў настаўніцы да раслін перадаўся ўдзячным вучням (дарэчы, Наталля Мікалаеўна, цяперашні дырэктар школы, заўважыла, што абавязана сваёй прафесіі менавіта Н.В. Багамолавай). Гады, вядома ж, не прыбаўляюць здароўя. Між тым сустрэцца з намі Ніна Васільеўна не адмовілася. Разам з іншым, падзялілася і тым, што хвалюе: наяўнасцю ў вёсках зямель, якія “гуляюць” і не выкарыстоўваюцца пад вырошчванне ўраджаю, і тым, што не застаецца ў Хімах моладзь, вучняў у іх некалі багатай на дзяцей школе год ад году становіцца меней.

* * *
agro6Пра тое, што аграгарадок Хімы — выдатнае месца для жыцця: з цудоўнай прыродай, недалёкасцю ад горада, ветлівымі і шчырымі людзьмі, якія не робяць межаў паміж грамадзянамі сваёй нацыянальнасці і іншых, — падзяліўся ў нашай з ім размове і А.С. Смелік. Аляксандру Сяргеевічу, якога мы сустрэлі за лоўлей рыбы на вадаёме побач з сельвыканкамам, як ён заўважыў, “няма яшчэ і дзевяноста”. З іх вось ужо 15 год жыве ў Хімах, куды пераехаў з Казахстана. Пажылы чалавек аказаўся цікавым субяседнікам, які нямала пабачыў на сваім вяку: мае дзве вышэйшыя адукацыі, працаваў дырэктарам ветэрынарнай лабараторыі ў Астахане, там жа выкладваў у інстытуце і ў НДІ. Пажыў, як ён кажа, у розных умовах і таму мае рацыю, гаворачы пра цяперашняе. З жонкай яны жывуць у добраўпарадкаваным катэджы, даглядаюць невялікі агародчык, трымаюць няхітрую гаспадарку — маюць усё, што патрэбна ў іх гады. А чаго няма, можна набыць у мясцовым магазіне: пенсія гэта дазваляе. І пацверджанне таму — сучасны тэлевізар, які з нядаўняга часу ўпрыгожвае гасціную пенсіянераў.

Алена КАРПЕНКА.
Фота Алены КАРПЕНКА
і Людмілы ПіСАРАВАЙ.

One thought on “Аграгарадок Хімы

  • 22.07.2013 в 22:36
    Permalink

    Агрогородок ничего так.

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.