Рэдкарожскі лялечны тэатр — 15 гадоў разам

У жыцці кожнага чалавека ёсць тая самая цудоўная пара, што завецца дзяцінствам. А якое ж дзіця не любіць гуляць з лялькамі, асабліва, калі гэта дзяўчынка? Менавіта такую магчымасць і дае дзецям лялечны тэатр “Паўлінка”, што працуе пры Рэдкарожскім СДК вось ужо 15 гадоў.

У 1998 годзе работнікі Рэдкарожскага СДК  пад кіраўніцтвам дырэктара А.В. Кірыенка прынялі рашэнне аб стварэнні лялечнага гуртка. У вытокаў яго стаяла Г.М. Мурашкевіч, чалавек энергічны, са мноствам творчых задумак і ідэй. Яна змагла зарадзіць у дзяцей цікавасць да работы з лялькамі, і ахвотнікаў займацца ў гуртку было дастаткова. Разам шылі лялек для пэўных пастановак, разам прыдумвалі ім уборы, маналогі, і не без цікавасці і запалу рэпетыравалі, каб пацешыць дзетвару і дарослых спектаклямі. І, нягледзячы на тое, што выраб лялькі — працэс нялёгкі і даволі працяглы, арсенал іх папаўняўся даволі хутка. Адпаведна пашыраўся і рэпертуар. За чатыры гады існавання гурток дасягнуў значных вынікаў і мог прапанаваць гледачам даволі шырокі рэпертуар. Гэта спектаклі па творах Я. Купалы «Паўлінка», В. Дуніна-Марцінкевіча «Залёты», казкі «Калабок», «Рэпка», «Лёгкі хлеб», «Пшанічны каласок», тэатралізаваныя прадстаўленні «Як Вася Вясёлкін кніжку ратаваў», “Што пакінем нашчадкам?” і інш.

У 2002 годзе гурток вытрымаў іспыт на сталасць і стаў звацца ўзорным лялечным тэатрам. У 2004 годзе званне «ўзорны» было зноў пацверджана. Прадстаўленне «Чароўны куфар» было ўспрынята на «ура» і высока ацэнена кампетэнтным журы.

Тэатр быў частым  госцем у дзіцячых садках, дамах культуры, яго добра ведаюць у Брожы,   Гарохаўцы, Бортніках, Міхалёва.   Таксама выступалі на рэспубліканскім кірмашы «Дажынкі» у Бабруйску, свяце беларускага пісьменства — у Шклове.

За час існавання тэатра склад дзяцей абнаўляўся, але недахопу ў ахвотнікаў далучыцца да тэатральнага лялечнага свету ніколі не было.

У 2006 г. змяніўся кіраўнік тэатра: на гэту пасаду прыйшоў прафесійны рэжысёр лялечных тэатраў В.А. Зайцава. Тое, што  Валянціна Андрэеўна пагадзілася ўзначаліць тэатр, безумоўна, было вялікім поспехам, тым больш, што для яе гэты лялечны тэатр — родны, паколькі яна прымала самы актыўны ўдзел у яго стварэнні і развіцці, дапамагала ў вырашэнні шматлікіх творчых задач, стварэнні рэпертуара, вырабе лялек, аказвала дапамогу пры пастаноўцы спектакляў. Уся праца калектыва была пастаўлена на больш высокі прафесійны ўзровень. Тут дзеці павышалі веды і ўменні па майстэрству ваджэння лялек і сцэнічнай гаворкі, сцэнічнаму руху і гісторыі тэатральнага мастацтва. Рэпетыцыі праходзілі цікава і займальна.

За час работы Валянціна Андрэеўна ўвасобіла ў жыццё шмат творчых ідэй, лялечнай пастаноўкай па п’есе Н. Гернет «Гусянё» тэатр у чарговы раз пацвердзіў званне «узорны». У яго скарбонцы з’явіліся такія новыя пастаноўкі, як «Прадстаўленне пачынаецца», «Зямное жыццё найсвяцейшай Багародзіцы», «Цар Ірад», «Чароўная калоша» і інш.

З верасня 2009 г. кіраўніком тэатра працавала А.В. Кірыенка, студэнтка-завочніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У маладога рэжысёра было шмат цікавых планаў і задумак, якія тэатр пад яе кіраўніцтвам паспяхова ўвасабляў у жыццё, працуючы   над падрыхтоўкай да чарговай абароны звання «узорны».

У красавіку 2010 года калектыў паспяхова справіўся з пастаўленай задачай і ў чарговы раз пацвердзіў званне. На суд гледачоў і журы было прадстаўлена тэатралізаванае прадстаўленне па п’есе Г. Мацвеевай “Чароўная калоша”. Цяпер кіраўніком тэатра ўжо была дырэктар СДК А.В. Кірыенка — чалавек, які стаяў у вытокаў тэатра: каму, як ні ёй, ведаць усе тонкасці гэтай справы. Папулярнымі застаюцца як спектаклі мінулых гадоў, так і новыя пастаноўкі: «Як кацяня навучылася мяўкаць», «Памятаць, каб жыць» і  іншыя.

Важкую дапамогу ў плане агучвання спектакляў аказвае мастацкі кіраўнік В.С. Нікітка, далучаючы да гэтай працы як салістаў, так і вакальныя групы — дзіцячую і дарослую. Песні, карагоды, прыпеўкі, уключаныя ў пастаноўкі, робяць іх больш яркімі і запамінальнымі.

Яркім і запамамінальным быў і 15-гадовы юбілей “Паўлінкі”, што адбыўся напрыканцы сакавіка. К юбіляру прыйшло шмат гасцей: начальнік аддзела культуры А.А. Волікаў, дырэктар раённага цэнтра культуры А.С. Салангіна, мастацкі кіраўнік аддзела культуры Н.А. Меншчыкава, былы кіраўнік тэатра Г.М. Мурашкевіч, дырэктар Сычкаўчкага СК А.І. Радзіміновіч, дырэктар Гарбацэвіцкага СДК Н.В. Юша, былыя ўдзельнікі тэатра, што ўжо выраслі і пайшлі са школы ў дарослае жыццё. Кожны з гасцей выступіў з віншаваннямі, добрымі пажаданнямі і падарункамі, а ўдзельнікі тэатра парадавалі гасцей урыўкамі з лялечных пастановак і музычнымі нумарамі.

Вялікія планы ў тэатра і на будучыню, а самі працаўнікі зробяць усё, што ад іх залежыць,  каб іх ажыццявіць. У гэтым можна нават і не сумнявацца!

Вера Дзьобік,

бібліятэкар Рэдкарожскай сельскай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.