Музей пад адкрытым небам у Глушы: як усё пачыналася

Не так даўно на старонках “Трыбуны працы”, у артыкуле “Таямніцы Глушы” было закранутае пытанне гісторыі стварэння ў пасёлку музея пад адкрытым небам. Сёння мы працягнем аповед пра гэтую цікавую мясціну Бабруйскага раёна, і пазнаёмім чытачоў з тым, як нарадзілася ідэя Глушанскага музея-скансэна, хто яе аўтар, як музей ствараўся.

Адным з самых маляўнічых месцаў Глушы з’яўляецца невялікая лагчынка на ўскрайку пасёлка, у атачэнні леса, да якой скіроўвае ўказальнік з надпісам “Музей рамёстваў”, і якая таксама вядомая ўжо многім жыхарам раёна і не толькі дзякуючы фестывалю “Глушанскі хутарок”, што праводзіцца тут у апошнія гады. А быў час, калі заставалася зусім няшмат, каб тут паўстаў музей пад адкрытым небам. Аўтарам ідэі стварэння музея-скансэна стаў ураджэнец Глушы, У.К. Аўчынкін, які і расказаў нам, як усё з тым музеем пачыналася.

Ідэя, прывезеная з Габрава
А пачатак быў у 80-х гадах мінулага стагоддзя. На той момант Уладзімір Канстанцінавіч быў сакратаром Бабруйскага райкама партыі. Паводле яго словаў, яго вельмі турбавала, што раён не мае сваёй разынкі, адметнасці, таго, чым можна было б прывабіць гасцей-турыстаў. Адказ на гэтыя думкі са знакам пытальніка прыйшоў падчас адпачынку ў Балгарыі, дзе Ўладзіміру Канстанцінавічу давялося наведаць музей-скансэн у Габрава, які пакінуў пасля сябе вялікія ўражанні і натхненне на стварэнне нечага падобнага ў роднай Глушы.
Музей-скансэн “Этар” у Габрава, адчынены ў 1964 г., стаў першым у сваім родзе музеем у Балгарыі. Асноўнай мэтай стваральніка было даць наведвальнікам магчымасць непасрэднага кантакту з мінулым праз музейную экспазіцыю. Так музейнымі экспанатамі сталіся 50 нерухомых аб’ектаў, сярод якіх — дамы з майстэрнямі рамеснікаў, пабудаваныя ў самабытным мясцовым стылі, адзіная ў Балгарыі калекцыя народнай тэхнікі, што прыводзіцца ў дзеянне вадой — млын, сукнавальня, тачыльны станок, лесапілка і інш. Галоўным адрозненнем балгарскага скансэна ад звычайных музеяў, дзе экспанаты ляжаць за шклом, а побач з імі стаяць таблічкі “Не чапаць рукамі”, у тым, што гэты музей жывы, тут усе прадметы, нават самыя старыя, жывуць, выкарыстоўваюцца для стварэння нейкіх прыладаў, сувеніраў. Наведвальнікі маюць магчымасць убачыць на свае вочы, як ганчар робіць гаршкі, як каваль выкоўвае нешта з распаленага жалеза, ці як разьбяр нешта точыць з дрэва і г.д. Як расказвае Уладзімір Канстанцінавіч: “Ты прыходзіш, і тут табе і муку меляць, і выпякаюць хлеб, тут падаюць табе ракію — гэта самагонка балгарская, і гэтак далей”.
Вось такі жывы музей у роднай Глушы і стаў марай Уладзіміра Аўчынкіна: “І вось я гэтай ідэяй “захварэў”, і калі ўжо стаў сакратаром райкама партыі, то ўсур’ёз стаў думаць пра тое, што стварыць такі музей можна і на Бабруйшчыне”.
Такім чынам, заняўшы пасаду сакратара Бабруйскага райкама, Уладзімір Канстанцінавіч заручыўся падтрымкай 1-га сакратара райкама іхаіла Пальчыка, якому таксама спадабалася ідэя з музеем, і распачалася праца.

З вёсак па будынку — раёну скансэн
Для будучага музея адразу была абраная пляцоўка на маляўнічым ускрайку Глушы, недалёка ад школы і спартыўнага комплексу. Пачаліся кансультацыі і пошукі інфармацыі. Уладзімір Канстанцінавіч хацеў, каб гэта быў не проста забаўляльны комплекс, але каб быў створаны сапраўдны музей, у першую чаргу, каб ён не быў пазбаўлены навуковасці. Усё, што мелася быць створаным, павінна было адпавядаць пэўным гістарычным перыядам, асаблівасцям народнай архітэктуры раёна. Галоўнае – усё павінна было быць аўтэнтычным, што значыць – сапраўдным. Асноўная ідэя канцэпцыі музея – паказаць тыя прыклады народнай архітэктуры, тыпы гаспадарчых забудоваў, што былі ўласцівыя Бабруйскаму раёну. Гістарычная адукацыя Ўладзіміра Канстанцінавіча ў значнай ступені яму тут дапамагала.
Пачалі збіраць нерухомыя экспанаты, якія, каб мы маглі ўбачыць іх у Глушы, давялося зрабіць рухомымі. Першым экспанатам музея стаў “домік бедняка”, які быў прывезены з в. Туркі. Асаблівасцю гэтага доміка з’яўляецца тое, што яго не разбіралі для перавозкі, а перавозілі цалкам, дзеля чаго наймалі спецыяльную тэхніку ў вайсковай частцы ў Кісялевічах. Уладзімір Канстанцінавіч распавядае: “Мы прывезлі яго з Туркоў, не разбіраючы. Узялі танкавы цягач у кісялевіцкай дывізіі. Знялі толькі дах, а так прывезлі, не разбіраючы, каб захаваць яго ў тым выглядзе, у якім ён быў пабудаваны”. Вось такое імкненне да аўтэнтычнасці — не хацелася чапаць нават тыя бярвенні, хацелася захаваць іх так, як некалі іх паклаў адно на адно майстар, што будаваў гэты дом. Цікава таксама, як накрывалі дах “доміка бедняка” — накрыты ён быў саломай, якую адмыслова для гэтага жалі ўручную, сярпамі.
Наступны будынак — “дом ткача” — перавозілі з Глушы, і так склаліся абставіны, што яго ўжо былі змушаны разабраць і збіраць нанова ўжо на музейнай пляцоўцы.
Далей быў “дом ганчара”, які прывезлі з в. Лужанец Гарохаўскага сельсавета. У гэтым доміку была зроблена адмысловая печ для абпалу ганчарных вырабаў. Сёння гэтая печ, дарэчы, працягвае працаваць, і “дом ганчара” — адзін з нешматлікіх будынкаў, што ацалеў, і выконвае і сёння тую функцыю, што была для яго задумана — менавіта тут працуе ганчарны кружок “Глечыкі”.
Ці не найбольш цікавым экспанатам музея стаўся млын-вятрак. Хоць і была першапачатковая мэта паказаць у музеі ўзоры народнай архітэктуры раёна, але ж знайсці вятрак на Бабруйшчыне не атрымалася. Паводле слоў Уладзіміра Канстанцінавіча, млын быў перавезены з Клецкага раёна, і, дарэчы, ён з’яўляўся помнікам гісторыі і культуры і быў пад аховай дзяржавы. Уладзімір Канстанцінавіч кажа, што ўнутры недзе, на механізме, пазначаны нават год, калі гэты вятрак быў пабудаваны — апошняе дзесяцігоддзе XIX стагоддзя. Вятрак і далей пакідае яшчэ за сабой пэўныя таямніцы, бо нявысветленым застаецца, хто ж такі Юзеф Базыль, імя якога пазначана на коле механізма млыну (пра гэта пісалася ў папярэднім артыкуле).
Яшчэ адным вельмі цікавым помнікам было гумно, перавезенае з в. Пабокавічы. Шкада, што сёння мы яго ўжо не пабачым, бо ў раёне гумно наўрад ці дзе яшчэ захавалася.
Была яшчэ і лазня па-чорнаму і кузня, якія, таксама, нажаль, не захаваліся.
З в. Вуглы была перавезена стараабрадніцкая царква 1880-х гадоў пабудовы. Мясцовыя стараверы згадзіліся аддаць царкву ў абмен на школу, будынак якой у Вуглах быў ім перададзены. Царква ў Глушы сёння дзейнічае як праваслаўная, яна была асвечана ў гонар Святога Панцеляймона.

Засталося толькі ў планах
Акрамя вышэй названых будынкаў, што з’явіліся на ўскрайку Глушы, у планах было яшчэ некалькі, але планы гэтыя ажыццявіць не атрымалася. Так, была думка прывезці з в. Пакроўка будынак царкоўна-прыходскай школы, а таксама праваслаўную царкву з-пад Клімавічаў. Па розных прычыных гэта так і не было зроблена. Але ж царква гэтая ХІХ ст. з-пад Клімавічаў усё ж такі трапіла на Бабруйшчыну. Сёння яна стаіць на Лукавай гары ў Бабруйску, і ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У цэнтры пляцоўкі паводле задумкі павінна была быць гандлёвая плошча, якую хацелі выкласці брукам. А яшчэ хацелі прывезці карчму, але не знайшлі будынку, які б захаваўся: “Карчмы нідзе не захавалася. Тады мы ўзялі ў Літве чарцяжы, і ўжо павінны былі рубіць карчму, але перашкодзіла тое, што я пакінуў сваю пасаду. Яшчэ хацелася прывезці паштовую станцыю. Яна за Глушай і па сённяшні дзень стаіць”, — дзеліцца далей успамінамі Уладзімір Канстанцінавіч.
Яшчэ адной амбітнай ідэяй, што так і засталася ў планах, было стварэнне заасаду побач з музеем. Пра гэта Уладзімір Канстанцінавіч кажа: “Нашу ідэю рэалізавалі праз 15 гадоў пад Магілёвам. Там і заасад, і майстэрні. Але ў іх усё новае. Мы ўсё хацелі захаваць гістарычнае, у нас кожны будынак меў сваю гісторыю”.
Акрамя аўтэнтычнасці формы, будынкам музея планавалася забяспечыць аўтэнтычнасць функцыі: “Усё павінна было дзейнічаць. То бок, млын павінен быў муку малоць, пякарня — хлеб выпякаць, тут жа ў карчме была б невялікая міні-гасцініца, так, як гэта раней было ў корчмах, і яшчэ тут падавалі б сапраўдны самагон. У кузні павінны былі каваць, там жа маглі на падкове тваё імя выкаваць — такі сувенір можна было на памяць з сабой забраць. Усё мусіла было быць так, як гэты і было некалі. Але…вось так яно ўсё і засталося”, — са смуткам адзначае Ўладзімір Канстанцінавіч.
На сённяшні дзень аўтэнтычнасць тых будынкаў, што засталіся, захаваць, што праўда, часткова атрымалася. Так, у доме ганчара сапраўды займаюцца ганчарствам (кружок “Глечыкі”, як ужо ўзгадвалася), у доме бедняка — бядота такая, што аўтэнтычней хіба і не зробіш. І царква сёння дзейнічае, што праўда, яна сталася праваслаўнай.

Працяг гісторыі залежыць ад нас
У 1986 г. У.К. Аўчынкін перайшоў на пасаду старшыні Бабруйскага райвыканкама, і працягваў рэалізацыю сваёй задумкі з музеем. Дапамагаў яму цяпер яго намеснік і сябра — Л.М. Краўчанка, а таксама старшыня Глушанскага пасялковага савета — В.И. Вакула. Рабілася ўсё ў большасці дзякуючы энтузіазму Уладзіміра Канстанцінавіча і іншых людзей, што далучыліся да ініцыятывы.
Ці ажыццявіцца задумка з музеем нарэшце, ці займее Бабруйшчына такі ж адметны і цікавы музей, як балгарскае Габрава, залежыць толькі ад нас.

Марына Маўчанава.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.