Таямніцы Глушы

Пра Глушу пісалася ўжо не аднойчы. Гэты пасёлак на Бабруйшчыне даволі добра знаёмы жыхарам горада і раёна, а нават і іншых рэгіёнаў Беларусі. Глуша — гэта, перш за ўсё, родная вёска беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, гэта той куточак зямлі, дзе стаіць яго дом, і дзе ён знайшоў свой вечны спачын.

 

Глушу нельга абмінуць, калі едзеш у Бабруйск з боку Слуцка, ці калі з Бабруйску накіроўваешся ў вандроўку да нашых самых знакамітых замкаў у Міры і Нясвіжы. Бо Глуша на адлегласці 26 км ад Бабруйска з абодвух бакоў ахінае сучасную трасу Бабруйск-Слуцк  — старажытны Кацярынінскі тракт, які некалі злучыў Маскву і Варшаву.

Але ж ці ўсё мы ведаем пра так добра знаёмую нам Глушу? Ці можна сказаць, што ўсе загадкі гэтага паселішча ўжо разгаданыя? Кожны візіт у гэты куточак Бабруйшчыны пераконвае, што не, што хоць і шмат напісана, але ж яшчэ не ўсё. Шмат яшчэ невядомых старонак застаецца ў гісторыі Глушы, і старонкі гэтыя запоўненыя цікавымі і захапляльнымі сюжэтамі з лёсу пасёлка і яго жыхароў. Шкада толькі, што на некаторых старонках “тэкст” з гэтымі сюжэтамі так моцна зацёрты часам і гістарычнымі падзеямі, што “прачытаць” яго амаль немагчыма. Але ж паспрабуем папрацаваць “рэстаўратарамі” і аднавіць “тэкст” гісторыі. У гэтай і наступнай частках артыкула, прысвечанага Глушы, паспрабуем знайсці разгадкі глушанскіх таямніц.

«Шкляная старонка» гісторыі Глушы

Традыцыйна пачынаючы з гісторыі, адзначым, што пасёлак Глуша ўзнік у сувязі з будаўніцтвам тут шклозаводу. Першапачаткова Глуша была працоўным пасёлкам, дзе жылі працаўнікі завода. Але ж Глуша была вядома і раней, яшчэ да XIX ст. Са звестак, што падае “Геаграфічны слоўнік Каралеўства польскага”, маем, што яшчэ задоўга да пабудовы шклозаводу Глуша была ў валоданні памешчыкаў Быкоўскіх, якім належалі і іншыя землі на Бабруйшчыне. Была гэта на той час Гарадкоўская воласць Бабруйскага павета, а сам маёнтак, што зваўся “Двор Глуша”, месціўся ў некалькіх кіламетрах ад сучаснага пасёлка, на беразе рэчкі Чырвоная. Менавіта гэты маёнтак і перайшоў да памешчыка Сяргея Маркавіча Грыцэнка, які і пабудаваў да 1896 г. тут шклозавод.

Месцам для шклозаводу быў абраны Кацярынінскі тракт, які злучаў Маскву і Варшаву. Пачынаў сваю дзейнасць завод з вырабу бутэлек для гарэлкі. Глушанская мясцовасць цалкам забяспечвала завод на той момант неабходнай сыравінай: у якасці паліва выкарыстоўваўся мясцовы лес, для вытворчасці непасрэдна шкла — зноў жа мясцовы пясок. Іншыя неабходныя рэчывы, такія, як сода ці крэйда, пастаўлялі з Бабруйску, куды яны прывозіліся па чыгунцы з Варшавы і Данбаса.

На заводзе вырабляліся бутэлькі рознай ёмістасці — “сотка”, “двухсотка”, “саракоўка”, “дваццатка”. Праца была ручной, бутэлькі выдувалі моцай паветра, што выдыхалася.

У 1900 г. памешчык Грыцэнка прадаў свой завод графу Зубаву, які, ў сваю чаргу, зноў жа перапрадаў вытворчасць прадпрымальніку А.Х.Мазо. Увогуле, Глушанскі шклозавод часта мяняў сваіх гаспадароў, бо трохі пазней Мазо прадаў яго братам Ашкіназі і Лазінскім з Бабруйску. У іх валоданні завод знаходзіўся да самай кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. На заводзе пачалі вырабляць, акрамя бутэлек, лямпавае шкло.

У 1921 г. заводу была нададзена назва, адпаведная новай уладзе і ідэалогіі — “Камінтэрн”. Першым дырэктарам стаў Барыс Бярнштэйн.

Выкарыстоўваўся завод і акупацыйнай нямецкай уладай падчас Другой сусветнай вайны. Толькі што вырабляць тут у час вайны сталі не бутэлькі, а аконнае шкло.

У 1943 г. завод як уласнасць фашысцкіх захопнікаў быў узарваны глушанскімі партызанамі ў выніку вельмі паспяховай дыверсійнай аперацыі. Ход гэтай аперацыі, дарэчы, даволі захапляльны. У рэалізацыі дзёрзкага плану нейтралізацыі нямецкага гарнізону дапамогу аказала прыгожая маладая дзяўчына — жыхарка Глушы Ледзя Федаровіч. Да яе заляцаўся нямецкі камендант. Таму было вырашана, што ў ноч рэалізацыі дыверсіі, Лёдзя зладзіць у сябе вечарыну, на якую запросіць усіх афіцэраў нямецкага гарнізона разам з камендантам. Застолле мелася быць шырокім, з вялікай колькасцю спіртных напояў. Пакуль афіцэры былі на вечарыне, глушанскія партызаны здолелі незаўважна акружыць казармы з нямецкімі салдатамі. Яшчэ адна група партызан узарвала ў гэтую ноч шклозавод “Камінтэрн”. А ў самым разгары вечарыны партызаны, пераапранутыя ў нямецкую форму, уварваліся ў дом Ледзі, і пакуль нямецкія афіцэры зразумелі, што адбываецца, забілі ўсіх, акрамя каменданта, якога ўзялі жывым. Вось такая захапляльная гісторыя ваеннай пары — хоць бяры і тут жа па ёй кіно здымай.

Пасля вайны дзейнасць завода была адноўлена, на ім выраблялі аконнае шкло. Развіццё завода і дабрабыт працаўнікоў хуткімі тэмпамі ішлі ў гару, бо ў аконным шкле на той час ва ўмовах руінаў вайны была вельмі вялікая і тэрміновая патрэба.  Але ж “шкло” глушанскага дабрабыту аказалася даволі крохкім. Цяжкасці для пасёлка, для завода і яго працаўнікоў пачаліся ў 1992 г. У 2002 г. завод быў зачынены. Без працы засталіся 350 чалавек. Жыццё пасёлка стала рассыпацца, як тое разбітае шкло. Людзі пачалі выязджаць у пошуках працы. Тое, што раней было прадметам гонару пасёлка, стала прыходзіць у заняпад. У той час, калі  “шкляную старонку” гісторыі Глушы можна было б аднавіць, напрыклад, у музейнай экспазіцыі.

Глушанскі скансэн

Сапраўднай разынкай Глушы меўся стаць этнаграфічный музей пад адкрытым небам. У задумцы тых, хто стаяў у пачаткаў арганізацыі музея, было стварэнне скансэна, падобнага да таго, што быў зроблены ў в.Строчыцы пад Мінскам. З гэтай мэтай, для стварэння музея, была абрана сапраўды цудоўная пляцоўка на ўскрайку Глушы, побач са школай — невялікі ўзлесак ў атачэнні гонкіх соснаў. Месца дзіўнай прыгажосці і ўтульнасці! На гэтую пляцоўку сталі звозіць помнікі народнай беларускай архітэктуры. Звазіліся яны не толькі з Бабруйшчыны, але і з усёй краіны.

Увогуле, што такое скансэн? Мэта такога музея — стварэнне, штучнае аднаўленне асяродку, у якім некалі жылі нашыя продкі. Такі музей захоўвае не рэчы на паліцах за шклом, а прастору, культурны ландшафт. У такі музей звозяцца тыя помнікі архітэктуры (звычайна, народнай драўлянай архітэктуры), якім пагражае знішчэнне ў іх натуральным асяродку. Калі спалучыць такі музей з рознымі метадамі яго “ажыўлення”, то атрымаецца сапраўды цікавае і прывабнае для наведвальнікаў месца.

Так, на ўзлеску, на ўскрайку Глушы, з’явіліся дом ткачыхі, дом лясніка, дом ганчара, дом бедняка, традыцыйная лазня “па-чорнаму”, гумно, млын-вятрак, царква. Для напаўнення гэтых пабудоў была сабраная добрая калекцыя прадметаў народнага побыту, рушнікоў, твораў народнага мастацтва.

Задумка была сапраўды вельмі цікавай. Такі музей сапраўды патрэбны. Але ж па розных прычынах на пэўным этапе кола дынамічнага развіцця, спынілася. А потым павольна пачало каціцца назад… Музей так і не быў створаны. Кажуць, не хапіла фінансавання. Так здаецца, што можна яшчэ дадаць, што і жадання. Бо, як кажуць, той, хто нечага хоча, шукае спосаб, як атрымаць, а той, хто не хоча — прычыну, чаму не атрымліваецца. Мы, нажаль, так часта шукаем прычыны для апраўдання сваёй пасіўнасці і адсутнасці дзейнасці.

Этнаграфічны музей пад адкрытым небам у Глушы стаў прыходзіць у заняпад. Тыя помнікі драўлянай архітэктуры, што былі сюды прывезены, ніхто не падтрымліваў і не захоўваў. І пад уплывам розных фактараў — як прыродных, так і чалавечых — яны сталі руйнавацца. Так, зніклі дом лясніка, лазня, гумно. Засмучае сённяшні стан ветрака. Сумны парадокс: яны былі прывезеныя ў Глушу з мэтай захавання — атрымалася ж, што Глуша сталася месцам іх знішчэння…

Сёння тое, што яшчэ засталося, мае назву Цэнтр рамёстваў. Што праўда, адзінае рамяство, якое можна ўбачыць, наведаўшы месца, якое мелася стаць скансэнам — гэта ганчарства, якое захоўваецца і перадаецца ў наступныя пакаленні, дзякуючы адданай дзейнасці майстра  Аляксандра Васільевіча Арлова, які кіруе народным калектывам “Глечыкі”. У доме ганчара месціцца майстэрня, дзе можна пабачыць цікавыя і самабытныя рэчы, вырабленыя з гліны.

Што да астатніх будынкаў, то тут і пачынаюцца глушанскія таямніцы. Дзіўна, але сёння цяжка нават вызначыць дакладную дату, калі нарадзілася ідэя стварэння музея, калі былі прывезены сюды будынкі, адкуль некаторыя з іх былі прывезены, а самае галоўнае — якой была іх гісторыя да таго моманту, пакуль яны не трапілі ў Глушу.

На ўзлеску адразу прыцягвае позірк прыгожы будынак драўлянай царквы жоўтага колеру ў маляўнічым атачэнні дрэваў. Царква зараз дзейнічае. Ужо тут, у Глушы, яна была асвечана ў гонар Святога Панцеляймона. Па тых звестках, што ўдалося адшукаць, яна была пабудавана яшчэ ў 1880-х гадах, і раней стаяла ў в. Вуглы, што пад Стасеўкай, адкуль і была прывезена недзе ў 1980-х гадах у Глушу. Маюцца звесткі, што ў в. Вуглы царква дзейнічала як стараабрадніцкая, што, дарэчы, цалкам можа быць праўдай, бо Вуглы — старажытнае паселішча старавераў. Дакладных звестак пра гісторыю царквы пакуль адшукаць не атрымалася.

Яшчэ адзін помнік, што выклікае вялікую цікаўнасць, — гэта млын, што стаіць за домам ганчара. Гэты вялікі драўляны вятрак надае асаблівую маляўнічасць глушанскім краявідам. Цяпер вятрак не дзейнічае. Але ёсць меркаванне, што яго працоўны механізм цалкам спраўны, і што гэты млын яшчэ можа даваць муку для хлеба. Трэба толькі два крылы, што адваліліся, усталяваць. Але ж чамусьці нават гэта — проста ўсталяваць крылы (!), не кажучы ўжо пра магчымы запуск ветрака — ніхто да гэтага моманту не зрабіў. Дарэчы, яшчэ два гады таму адсутнічала ў ветрака толькі адно крыло. Сёння – два, адно з іх можна пабачыць за ветраком, на зямлі. Што ж будзе яшчэ праз два гады?..

Паводле вусных сведчанняў вятрак быў прывезены ў Глушу з в.Іванава Нясвіжскага раёна, і адбылося гэта недзе на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Пацверджанне гэтым звесткам яшчэ трэба адшукаць, таксама, як і гісторыю млына. Унутры ветрака ўвагу прыцягвае вялікае кола, на якім добра бачны надпіс, зроблены вялікімі літарамі на польскай мове: “Jozef Bazyl”, а ніжэй, пад надпісам — выява польскага герба. Ці гэты Юзэф Базыль — майстар, што зрабіў гэтае кола? Ці, мо, ён стваральнік усяго вятрака? Хто ён — беларус ці паляк? Адказаў на гэтыя пытанні пакуль няма. 

Адначасова з этнаграфічным музеем у Глушы ў школе дзейнічаў цікавы школьны музейчык, таксама з даволі багатай калекцыяй прадметаў народнай культуры і не толькі. Так, паводле аповедаў, у калекцыі музея былі шаблі з ранняга ўзбраення Чырвонай Арміі. Нажаль, сёння ад гэтага музея амаль нічога не засталося, і таксама не атрымалася адшукаць слядоў зніклых экспанатаў. Яшчэ адзін каменьчык з фундаменту, вобразна кажучы,  магчымага прыгожага дому нашай спадчыны ў незразумелай абыякавасці быў адкінуты… І гэта ж не адзіны прыклад вось такога дзіўнага “знікнення” каштоўнасцей, звестак і памяці пра іх разам з імі. Часта можна пачуць у сувязі з  гэтым, калі спрабуеш адшукаць хоць нейкі след, хоць нейкую нітачку — “часы такія былі”. І вось пытанне ўжо паўстае, і дзівіцца пачынаеш — што ж гэта за часы такія былі, праз якія мы прайшлі нібы ў летаргічным сне — у нас з-пад носу нешта знікала, а мы і не бачылі, не звярталі ўвагі, і зараз нічога не памятаем. І ці не адбываецца тое самае зараз?….

Польская школа

Ёсць у Глушы і яшчэ адна таямніца. Алесь Адамовіч у сваім рамане “Vixi” узгадвае пра польскую школу, што некалі была ў Глушы. Але адкуль польская школа ў Глушы? Кім і калі яна была пабудавана, як, калі і чаму зліквідавана? З той інфармацыі, якую ўдалося знайсці, вынікае, што гэтая школа дзейнічала прыкладна з 1925 г. А.Адамовіч пра яе піша: “…у старым будынку над сажалкай. Да самага 1937 года”. Там жа Адамовіч узгадвае пра палякаў — майстроў-шкловыдзімальнікаў, якія былі прывезеныя ў Глушу ўладальнікам шклозаводу.

Сёння на месцы старой польскай школы стаяць глушанскія хаткі. Адна з настаўніц Глушанскай школы ўзяла на сябе клопат адшукаць хоць нейкія звесткі пра гэтую школу. Пошукі выліліся ў сапраўдную навуковую працу. Хочацца спадзявацца, што хутка чытачы “раёнкі” будуць мець магчымасць пазнаёміцца з плёнам гэтай працы, даведацца пра яшчэ адну таямніцу гісторыі Бабруйшчыны, і што гэтая праца — па пошуках слядоў польскай школы, па аднаўленню гісторыі адукацыі ў Глушы — не будзе перарвана на паўдарозе, як тое сталася з іншымі глушанскімі ініцыятывамі. Дарэчы, карыстаючыся магчымасцю, хочацца звярнуцца да жыхароў раёна з просьбай, калі хто што можа расказаць пра гісторыю старой польскай школы, асабліва, калі, мо, захаваліся якія фотаздымкі, падзяліцеся гэтай інфармацыяй з намі і з іншымі чытачамі.

Аптымістычны позірк у будучыню

Цікавае ў Глушы не толькі мінулае, не толькі культурная спадчына, але і сённяшні дзень, тыя ідэі, што нараджаюцца тут, і што, спадзяемся, усё ж такі будуць рэалізаваныя. Асабліва варта тут адзначыць дзейнасць старшыні Глушанскага пасялковага савету дэпутатаў Марыі Леанідаўны Сушчанка. Яе актыўнасць, імкненне “ісці поруч з часам”, працаваць на сапраўдную, бачную ў штодзённым жыцці і практычных выніках, карысць Глушы, уражвае і дае надзею на тое, што планы ўсё ж здзейсняцца, што Глуша сапраўды атрымае другое жыццё, што той патэнцыял, які яна мае, будзе выкарыстаны з атрыманнем максімальнага плёну. 

Марыя Леанідаўна з’яўляецца асноўным аўтарам так званай “Павесткі-21”, дзе  прадстаўлена стратэгія ўстойлівага развіцця пасёлка Глуша. Стратэгія распрацоўвалася мясцовай глушанскай ініцыятыўнай групай сумесна з запрошанымі экспертамі. Так падаецца, што цалкам слушна гэтую стратэгію можна лічыць унікальнай у галіне развіцця беларускіх рэгіёнаў. Прыемна ўражвае ў ёй накіраванасць на працу па развіццю пасёлка сумесна з жыхарамі. Лёс населенага пункта павінен вырашацца не недзе ў кабінетах ў абласным цэнтры ці сталіцы, а ў самім пасёлку, на тых вуліцах, у тых дамах, дзе жывуць яго жыхары. Гэта яны самі павінны паставіць пытанні, праблемы і вырашыць, якой бачыць сваю малую Радзіму, і яны ж, жыхары, будуць і працаваць над рэалізацыяй прынятага рашэння, распрацаванай стратэгіі. Адна з асноўных мэтаў “Павесткі-21” — забеспячэнне мясцовага насельніцтва працоўнымі месцамі, прыцягненне інвестыцый. І гэта ўсё ў шчыльнай сувязі з культурным і экалагічным развіццём рэгіёну. Бо немагчыма, каб чалавек развіваўся і жыў асобна ад акружаючага асяроддзя, ад гісторыі, ад навакольнай прыроды. Найлепшы шлях развіцця — гэта той, які пракладваецца самімі суб’ектамі гэтага развіцця, тымі, каму вызначаным шляхам ісці. Хочацца спадзявацца, што хопіць, як у жыхароў Глушы, так і ўвогуле ў беларусаў, актыўнасці, каб сваё жыццё ўзяць у свае рукі, самім яго змяняць і накіроўваць у пажаданае рэчышча. У гармоніі з гісторыяй, культурай і прыродай.

Глуша — гэта мясціна, якая мае вялікі патэнцыял культурнага, сацыяльнага і эканамічнага развіцця. Як для Бабруйшчыны, то Глуша можа стаць сапраўдным культурным цэнтрам. На працягу стагоддзяў тут ствараўся гэты патэнцыял. І яго можна ўбачыць нават простым вокам падчас звычайнага шпацыру па глушанскіх завулках. Але невядома з якіх прычын гэты патэнцыял на працягу працяглага часу не выкарыстоўваўся, а часам і руйнаваўся. Так, магчыма, нехта назваў бы прапановы па стварэнню музеяў, па трансфармацыі Глушы адпаведна з прынцыпамі ўстойлівага развіцця наіўнымі, аддаленымі ад жыцця, практычнай рэалізаціі. Але ж падобныя праекты ўжо даволі даўно і паспяхова рэалізуюцца ў краінах Еўропы, што дае падставы для ўпэўненага сцвярджэння — такое магчыма і ў нас, і нават вельмі блізка — у Глушы.

 Марына Маўчанава, малодшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага раённага

гісторыка-краязнаўчага музея.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.