Лірычны абразок

…Так і крочылі яны па жыцці. Якуб ды Янка. Янка — ад зямлі, нават псеўданімам сабе ўзяў каласок як сімвал народнага дабрабыту. Янка ж, яго сябра-рамантык, напрыклад, сваім дзіцячым вершам “Хлопчык і лётчык” здолеў сягнуць высока ў неба Бацькаўшчыны. Ды і псеўданім узяў у гонар самага яркага свята народнага летняга календара — Купалля з яго загадкавай папараць-кветкай…

Якуб Колас — з маленства мой любімы пісьменнік і духоўны настаўнік. Дзякуючы класіку айчыннага мастацтва і яго герою Андрэю Пятровічу Лабановічу з аўтабіяграфічнай трылогіі “На ростанях”  я і абраў пачэсную прафесію педагога.

Глыбока сімвалічна, што свой першы апублікаваны верш Я.Колас назваў  “Наш родны край” (1906). Ужо з першых крокаў ён  вызначыў асноўным у сваёй творчасці — служэнне Бацькаўшчыне і яе народу. Этапнымі стануць у мастака рэалістычная паэма “Новая зямля” і рамантычная паэма “Сымон-музыка”.

У “Новай зямлі” асэнсавана цэлая эпоха ў жыцці беларускага народа, праўдзіва адлюстравана становішча  сялянства напрыканцы ХІХ стагоддзя. Галоўны герой Міхал не змірыўся са сваім становішчам бяспраўнага слугі, аднак вызваліцца “з няволі цяжкай, з паланення” ён разлічваў шляхам набыцця ўласнай зямлі.

“Сымон-музыка” — твор пра народныя вытокі мастацтва, грамадскім абавязку мастака, у больш шырокім плане —  пра духоўнае адраджэнне народа. Сродкамі рамантычнай вобразнасці тут паказаны складаны лёс таленавітага вясковага музыкі Сымона, пошукі ім адвечнай праўды і сэнсу нацыянальнага жыцця. Герой паэмы — выключны, надзелены незвычайным дарам успрымаць усё багацце гукаў і форм навакольнага свету. А пераадолець усе перашкоды яму дапамагло пачуццё адказнасці за свой талент, сувязь з народам.

У трылогіі “На ростанях” — на багатым фоне грамадскага жыцця пачатку ХХ стагоддзя раскрываецца лёс галоўнага героя настаўніка Андрэя Лабановіча — прадстаўніка перадавой часткі  беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі. Аўтар здолеў шырока ахапіць падзеі грамадскага жыцця, адлюстраваць побыт сялянства, местачковай і вясковай інтэлігенцыі, іншых груп насельніцтва Беларусі, стварыць галерэю партрэтаў людзей, у кожнага з якіх сваё аблічча і характар. Асабліва яскрава выявілася ў рамане майстэрства Коласа-пейзажыста: мы бачым тут непаўторны выгляд тых мясцін, дзе адбываюцца падзеі, — глухіх беларускіх вёсачак і мястэчкаў, лясоў і лугоў, дарог і сцяжынак…

Творчасць Янкі Купалы —  глыбока праўдзівы летапіс жыцця беларускага народа, мастацкае выражэнне росту сацыяльна-палітычнай свядомасці працоўных мас, выразны адбітак — нацыянальнага характару, народнага светаразумення і паэтычнага светаўспрымання на пераломных гістарычных рубяжах 1-й паловы ХХ стагоддзя.

Непаўторнае хараство яго лірыцы надае арганічнае  зліццё лірызму і рамантычнай незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі айчыннага фальклору — паэтыкай беларускай народнай песні, з каларытам беларускіх легенд, паданняў, казак. А купалаўскае сцвярджэнне чалавечай годнасці мужыка (яго першы беларускі друкаваны верш і атрымаў назву “Мужык”(1905) гучала ва ўнісон з горкаўскім узвелічэннем чалавека-працаўніка. Купала і адкрывае ўсяму свету вобраз беларускага мужыка (“Я мужык-беларус”), адкрывае беларусаў як народ (“А хто там ідзе?”). Паэт —  адзін з заснавальнікаў беларускай пейзажнай і інтымнай лірыкі (“Явар”, “Дзве таполі”, “Абнімі…” і інш.) Класічнымі сталі яго фальклорна-рамантычныя паэмы:  “Курган”, прасякнутая ідэяй неўміручасці народнага мастацтва; “Бандароўна” — эпічная песня пра героіку народнага змагання супраць прыгнятальнікаў; “Яна і я” — паэтызацыя шчаслівага жыцця, кахання. Курган над трагічным героем Гусляром як “насып высокі” ўвасабляе народную памяць аб ахвярах змагання. Героі Купалавых паэм яскрава сцвярджалі сутнасць нацыянальнага характару Беларуса.

Купала і Колас сталі заснавальнікамі сучаснай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы.  Творы знакамітых класікаў, на шчасце, не страцілі сваёй актуальнасці і ў ХХІ стагоддзі. 

Янка Купала і Якуб Колас — гэтыя імёны ў нашым уяўленні заўсёды побач. Мы гаворым: Янка Купала — і працягваем: Якуб Колас. Класік украінскай літаратуры Паўло Тычына нездарма параўноўваў Купалу і Коласа з дзвюма вяршынямі “беларускага Эльбруса паэзіі”. Гэтыя класікі — сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве. Яны не толькі знакавая з’ява, якая красамоўна сведчыць аб вяршынях нацыянальнай творчасці, але і яскравае выяўленне народнага духу, мастацкі ўзор, высокі прыклад, на які не можа не арыентавацца ўся наша нацыянальная культура і мастацкая літаратура, родная мова. Відавочнай і пераканальнай з’яўляецца “вечная сучаснасць” і Купалы, і Коласа.

Сябры! У пачэсны для беларускай нацыі Год Кнігі перачытайце бессмяротныя творы Якуба Коласа — паэмы «Новую зямлю», «Сымона-музыку», трылогію «На ростанях». Разгарніце ў вольны час неўміручыя старонкі Янкі Купалы — яго вершы, паэмы «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш.

 І я ўпэўнены: душы вашы стануць прыгажэйшымі, у сэрцы вашы ўвальецца любоў да Бацькаўшчыны і яе таленавітага народа. Вы адразу ўсвядоміце, што беларускасць — не пусты гук… Хопіць ужо нам браць за прыклад заморскае, у нас, беларусаў,  ёсць сваё — добрае і людскае, прыгожае і ўнікальнае! Гэтаму і вучылі і працягваюць вучыць  многія пакаленні беларусаў  Вялікія Майстры матчынага слова,  свядомыя сыны Беларусі —  Якуб ды Янка. Янка ды Якуб!

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.