Назіральнікі акрэдытаваны і на ўчастковыя камісіі

Як вядома, у Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе № 80 зарэгістравана два кандыдаты ў дэпутаты. Гэта дэпутат 4-га склікання А.У. Шамаль і А.Я. Дзік, дырэктар ТДА “Далос і К”. Гэтым часам, як паведаміў старшыня акружной камісіі па выбарах С.П. Дашкоўскі (на здымку), дэпутаты вядуць перадвыбарчую агітацыю: сустракаюцца з выбаршчыкамі, працоўнымі калектывамі.

Што тычыцца акружной камісіі, то ёю былі выраблены агітацыйныя плакаты з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў, апошнія будуць размешчаны на выбарчых участках. У бабруйскую, кіраўскую, глускую раённыя газеты, а таксама бабруйскую гарадскую была змешчана інфармацыя пра даходы і маёмасць кандыдатаў у дэпутаты. Зараз камісія праводзіць работу па падрыхтоўцы бюлетэняў, якія будуць раздадзены ўчастковым выбарчым камісіям. У панядзелак старшыні выбарчых участковых камісій ужо іх атрымаюць. А 18-га верасня пачнецца датэрміновае галасаванне, якое будзе доўжыцца на працягу пяці дзён, па 22-га верасня ўключна. 23-га, у дзень выбараў, галасаванне будзе праходзіць непасрэдна на выбарчых участках і па месцы знаходжання выбаршчыкаў.

Было адзначана і тое, што ў акружной выбарчай камісіі зарэгістраваны чатыры назіральнікі. Згодна выбарчаму кодэксу, у дзень галасавання яны павінны знаходзіцца менавіта ў акружной камісіі. Што датычыцца міжнародных назіральнікаў, то ў раёне працуе два доўгатэрміновых — ад АБСЕ. Па словах Святаслава Паўлавіча, яны ўжо наведвалі акружную камісію, цікавіліся пытаннямі працэсу галасавання, падліку галасоў, складам участковых і акружной камісій. Сувязь са старшынёй назіральнікі трымаюць праз перакладчыка. Інфармацыю, якая цікавіць, атрымліваюць тут жа.  Акрэдытаваны назіральнікі і на ўчастковыя камісіі: ад раённага савета ветэранаў, ГА “БРСМ”, прафсаюзных арганізацый і ГА “Белая Русь”. У дзень галасавання яны будуць прысутнічаць на выбарчых участках.  Акрамя таго, непасрэдна ў дзень выбараў чакаецца група кароткатэрміновых назіральнікаў ад АБСЕ. 

Як вядома, кандыдаты ў дэпутаты маюць права на фінансавую падтрымку дзяржавы на друкаваную агітацыйную прадукцыю, а таксама кожны кандыдат мае права — яно сёлета дадзена ўпершыню — на спонсарскую падтрымку. Для гэтага кандыдаты павінны стварыць уласныя фонды. Як адзначыў С.П. Дашкоўскі, кандыдаты, якія балаціруюцца па сельскай выбарчай акрузе № 80, такіх фондаў не стваралі. Ім была дадзена магчымасць выступіць па абласным радыё, якую асобныя і скарысталі.        

 Алена КАРПЕНКА.

Фота Дзмітрыя БЕГУНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.